“Майскі вальс” у духавых рытмах

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Доўгі час думала, што ладзіць музычныя фестывалі найлепш у неразбэшчаным грамадскім гулам стылі “канцэртнай залы”, дзе адносіны “выступоўца — глядач” загадзя адрэгуляваны. Але ў памылковасці гэтага свайго стэрэатыпнага погляду прыйшлося пераканацца, трапіўшы 20 мая на традыцыйны фестываль духавой музыкі Міншчыны “Майскі вальс”, які гэтым разам праводзіўся ў Заслаўі.

Шырыня імпрэзы адчувалася ўжо на подступе да мемарыяльнага помніка воінам-вызваліцелям, на дарозе да якога было столькі жадаючых наведаць свята, што хаду людзей можна было б параўнаць са спрынтарскім забегам. І не дзіўна: арганізатары запрасілі на фестываль больш за семсот удзельнікаў, якія склалі 23 духавыя калектывы з ганаровымі званнямі “народны” і “ўзорны”.
Распачала ж імпрэзу намеснік старшыні Заслаўскага гарадскога выканаўчага камітэта Ніна Бухавец, выказаўшы спадзяванні на тое, што фестываль духавой музыкі будзе яшчэ шмат гадоў працягваць майскія святы, прысвечаныя Дню Перамогі. Далей слова трымалі Галіна Лейка — галоўны спецыяліст аддзела культуры і мастацтва Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Барыс Папкоў. Нават звыклыя “Дзень Перамогі” і беларускі гімн гучалі ля помніка неяк асабліва ўрачыста і пранікнёна, ахінутыя памяццю соцень прысутных людзей.
Пяць хвілін пешшу ад мемарыяла — і мы на Цэнтральнай плошчы, дзе і мелася распачацца асноўная дзея свята — выступленне духавых калектываў. Пакуль аркестры стройнымі шэрагамі падцягваліся з розных кропак горада да сцэнічнай пляцоўкі, кожны з іх іграў свой рэпертуар. Адны выконвалі класічныя “Беларускі вакзал” і “Беларускую фанфару”, другія выбіралі менш вядомыя “Юбілейны” і “Гусарскі” маршы.
У выніку ўсе калектывы сышліся ў зводны духавы аркестр, кіраваў якім дацэнт Беларускай акадэміі музыкі, народны артыст Рэспублікі Беларусь Барыс Чудакоў. Пад любімыя ўсімі “Развітанне славянкі” і “Польку беларускую” некаторыя з гледачоў нават танчылі: што і казаць — публіка ў Заслаў сабралася ўдзячная.
У адказ на цёплы прыём духавыя аркестры Вілейскай і Стаўбцоўскай дзіцячых музычных школ, Клецкага раённага цэнтра культуры выступілі… з харэаграфічнымі нумарамі, прадэманстраваўшы бясспрэчны прафесіяналізм і сапраўдны юначы запал, які перадаўся кожнаму прысутнаму на свяце. А запланаванае ўзнагароджанне аркестраў-лаўрэатаў фестывалю, Гран-пры якога быў прысуджаны духавому калектыву Вілейскай дзіцячай музычнай школы, змяніў такі ж запланаваны марш-парад па Заслаўі.
Вось такім атрымаўся XXIII абласны фестываль духавой музыкі з лірычнай назвай “Майскі вальс”, які, па добрай традыцыі, пераходзіць ад горада да горада Міншчыны, яднаючы ўсіх неабыякавых да сваёй краіны і яе мінулага.

Вольга МАКРЫЦКАЯ
 Пад гукі “майскага вальса”.