Гульня на “Шэсць танцаў”

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі завяршыў свой сезон адной з прэм’ер — балетам “Папялушка” С.Пракоф’ева. А за два дні да гэтага здзівіў сваіх прыхільнікаў нечаканым сюрпрызам — вечарам аднаактовых балетаў, паказаных Тбіліскім дзяржаўным тэатрам оперы і балета імя З.Паліяшвілі.

/i/content/pi/cult/280/4417/7-1.jpg

  Можна толькі парадавацца таму, як хутка былі вырашаны арганізацыйныя пытанні. Літаральна за некалькі тыдняў да гэтага паміж тэатрамі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Прыезд гасцей з балетнымі аднаактоўкамі планаваўся на восень, а стаўся падарункам да нашага Дня Незалежнасці і своеасаблівым "пралогам" да "Славянскага базару ў Віцебску", дзе Грузія была прадстаўлена шыкоўнай, фантастычнай джазавай спявачкай Ніно Катамадзэ з групай "Insight" і двума канкурсантамі (у дзіцячым і "дарослым" спаборніцтвах), якія сталі лаўрэатамі. Прэміямі можна было адзначаць і паказаныя балеты. Прычым не толькі за харэаграфію сусветна вядомых замежных пастаноўшчыкаў!

 І самі балеты, і рэпетыцыя грузінскай трупы, якую давялося наведаць частцы беларускіх журналістаў, і інфармацыйна насычаная прэс-канферэнцыя з кіраўніцтвам грузінскай трупы пераканалі: нам ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. Што больш за ўсё ўразіла ў балетных аднаактоўках? Уменне найлепшым чынам паказаць майстэрства артыстаў.

Трупа, якая амаль цалкам прыйшла ў заняпад у складаныя 90-я, сёння запатрабавана ва ўсім свеце. І гэта прытым, што далёка не кожны артыст у ёй - зорка. Ёсць і зусім не спрактыкаваныя пачаткоўцы, якімі рухае гарачае жаданне працаваць і, галоўнае, выкладацца на ўсе сто. А ці ж можа быць інакш, калі калектыў ўзначальвае знакамітая Ніна Ананіяшвілі? Яе запрасілі вярнуцца ў тэатр, калі яна працавала ў Амерыцы. У яе і цяпер безліч гастрольных прапаноў, яна танцуе на лепшых сцэнах свету. І пры гэтым - сама праводзіла з трупай так званы ўрок, з якога пачынаецца раніца для кожнага артыста балета. А да ўсяго - разам з усімі рабіла прапанаваны набор штодзённых практыкаванняў ля станка і пасярэдзіне залы.

 Менавіта пад час урока, дзе бываюць бачныя ўсе хібы, можна было скласці аб'ектыўнае ўяўленне пра ўзровень падрыхтоўкі трупы. Бо ў паказаны/i/content/pi/cult/280/4417/7-2.jpgх нам спектаклях усё магчымыя недахопы былі настолькі добра завуаліраваны, што заўважыць іх мог не кожны прафесіянал. Такі "тэатр акцёраў" Н.Ананіяшвілі як мастацкі кіраўнік свядома спалучае з "парадам пастаноўшчыкаў" і, адпаведна, размаітасцю стылёвай палітры. Тры аднаактоўкі - бы тры абсалютна розныя харэаграфічныя планеты, на кожнай з якіх размаўляюць на сваёй пластычнай мове. Такая шырыня стылёвага дыяпазону таксама дапамагае артыстам вызначыцца са сваёй творчай індывідуальнасцю, знайсці блізкія сабе кірункі. Не сумуюць і гледачы, бо трупа дэманструе ім не адно класіку і неакласіку, а ледзь не ўсё багацце сучаснай сусветнай пластыкі.

"Серэнада" П.Чайкоўскага з харэаграфіяй Дж.Баланчына сталася светлым гімнам жаночай грацыёзнасці. Крыху менш уразіла "Сагалабелі" на грузінскую народную і аўтарскую музыку ў пастаноўцы расійскага артыста і харэографа Юрыя Посахава. Пры ўсёй нацыянальнай адметнасці гэтага балета, складзенага з асобных мініяцюр - малюнкаў грузінскага жыцця, у ім адчувалася не ўнутранае дыханне самой Грузіі, а больш звыклы знешні погляд на краіну, убачаную вачыма іншаземца. Беларускаму балету ў гэтым сэнсе пашанцавала болей: у нас ёсць не толькі свая выканальніцкая харэаграфічная школа, якая рыхтуе непасрэдна артыстаў, але і назапашаны традыцыі ў падрыхтоўцы харэографаўпастаношчыкаў, якія атрымліваюць прызнанне ў замежжы. Дый сама Ніна Ананіяшвілі пачала размову з журналістамі з узгадкі свайго колішняга візіту ў Мінск, калі малады Валянцін Елізар'еў паставіў для яе і Андрыса Ліепы харэаграфічную мініяцюру, з якой яны сталі лаўрэатамі Міжнароднага конкурсу ў ЗША. Знакамітая артыстка не стамляецца паўтараць: той нумар быў сапраўдным "прарывам" усёй савецкай харэаграфіі, што трымала лідэрства ў класіцы, але значна прайгравала замежжу менавіта ў сучасных пастаноўках.

Завяршалі вечарыну "Шэсць танцаў" на музыку В.А. Моцарта, пластычна прачытаныя адным з вядучых харэографаў свету Іржы Кіліянам. Нягледзячы на традыцыйны "чорны кабінет" у сцэнаграфіі (адсутнасць дэкарацый, замененых на чорную афарбоўку задніка і куліс), пастаноўку быццам асвятляла сонечная ўсмешка: столькі тонкай іроніі, гуллівай парадыйнасці было закладзена ў кожную "пратанцаваную" нотку і сцэнічныя строі, таксама прыдуманыя І.Кіліянам.

 Да класікі - не толькі з піетэтам, але і з гумарам. Пэўна, гэтае сцвярджэнне магло б стаць дэвізам і беларускай трупы, у рэпертуары якой пакуль не так многа спектакляў з гумарам - хіба "Марная перасцярога", пастаўленая нямецкім харэографам Дзітмарам Зайфертам. Убачанае, я ўпэўнена, натхніла і нашых артыстаў, пакуль не надта выпеставаных на найноўшых прыкладах лепшых замежных пастаноўшчыкаў. Так што наперадзе, трэба спадзявацца, далейшае знаёмства з грузінскімі опернымі ды балетнымі пастаноўкамі, а таксама лепшымі салістамі Тбіліскага тэатра. А яшчэ - сучасныя беларускія пастаноўкі, вартыя гастрольных паказаў на самым высокім узроўні. Ну, а ў прафесіяналізме нашых артыстаў чарговы раз пераканалі іх нядаўнія перамогі. Валтарніст сімфанічнага аркестра тэатра Андрэй Смаль, які адначасова вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, стаў лаўрэатам Першай прэміі ХVІІ Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў імя Я.Кокі (Малдова). А салістка балета Кацярына Алейнік, партнёрам якой выступіў лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Канстанцін Кузняцоў, прывезл/i/content/pi/cult/280/4417/7-3.jpgа з ІХ Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў ЗША дыплом і спецыяльны прыз. Побач з класікай (па-дэ-дэ з "Дон Кіхота" Л.Мінкуса і "Спячай прыгажуні" П.Чайкоўскага) яны выконвалі і сучасную беларускую харэаграфію, якая не ідзе пакуль на сцэне нашага тэатра: мініяцюры "Крохкі вечны рай" у пастаноўцы Дзмітрыя Куракулава з Гродна, выпускніка Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, і "Мы танцуем Пергалезі" вядомага Раду Паклітару, выхаванца нашага тэатра і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Так што - дачакаемся новага сезона. Ён, дарэчы, не за гарамі: ужо 7 верасня наша трупа пакажа "Набука" Дж.Вердзі ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра Вялікага тэатра Беларусі Міхаіла Панджавідзэ.

На здымках: сцэны са спектакляў "Сагалабелі", "Шэсць танцаў", "Серэнада".

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"