Скульптуры і караваі

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Сёння Днём Украіны ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту закрыецца Рэспубліканскі фестываль народных майстроў, які праходзіў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Цягам усяго фестывалю беларускія майстры Валерый Казлоўскі, Васіль Сілко, Віктар Клумко і Фёдар Клумко імкнуліся перадаць праз драўляныя скульптуры вобразы нашай міфалогіі. Кожны ахвотны змог паназіраць за працай творцаў, бо дзея адбывалася на вачах гасцей фэсту. Пасля, як паведаміла "К" дырэктар музея Святлана Лакотка, для скульптур знойдуць месца на тэрыторыі ўстановы.

Сёння ж удзельнікаў і гасцей мерапрыемства чакае вялікая святочная праграма, якую прадставіць Украіна. Тры фальклорна-этнаграфічныя ансамблі - "Берагіня", "Калінка", "Чырвона калінка" - будуць выконваць традыцыйныя народныя песні і пакажуць абрад з палескага вяселля - "Пакрыванне маладой". Адначасова адбудуцца выстаўкі пісанак, народных украінскіх лялек, гуцульскага разьбярства па дрэве і конкурс украінскіх караваяў.

Таксама запланаваны і майстаркласы па вырабе пісанак і лялек-матанак. Дарэчы, усе пяць дзён працаваў пашыраны продаж сувеніраў ад дамоў рамёстваў розных рэгіёнаў Беларусі.

Ідэя фестывалю з'явілася ўжо даўно, але ж рэалізаваць яе атрымалася толькі цяпер. У сённяшні ж час ідзе гаворка аб тым, каб зрабіць яго штогадовым.

Вольга ГРЫЦУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ