Прынцып “Традыцыі”

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

27 ліпеня ў Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыкі адкрылася выстаўка “Памятае зямля беларуская” творчага аб’яднання “Традыцыя”.

 

Яе арганізатары - Беларускі саюз мастакоў, творчае аб'яднанне "Традыцыя", Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны.

Экспазіцыя прысвечана 65-годдзю Вялікай Перамогі. Чырвонай стужкай праз яе праходзяць тэмы ўслаўлення воінаў Вялікай Айчыннай і сённяшніх абаронцаў Радзімы, радасць мірнага жыцця і працы на зямлі, хараство беларускага пейзажу. Работы, прадстаўленыя на выстаўцы, выкананы ў розных жанрах: сюжэтнатэматычная карціна, пейзаж, нацюрморт, партрэт.

Выстаўка ўжо сёлета працавала ў залах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, а пасля Оршы будзе экспанавацца ў Віцебску, Магілёве, Светлагорску.

Аб'яднанне "Традыцыя" ўключае 28 мастакоў, што ў сваёй творчасці спавядаюць рэалістычнае мастацтва, абіраючы галоўнымі прынцыпамі развіцця мастацкую праўду, сцвярджэнне дабра, выяўленне лепшых чалавечых якасцей беларусаў. Гэта вядомыя майстры мастацкай творчасці Май Данцыг, Мікалай Апіёк, Барыс Аракчэеў, Уладзімір Гардзіенка, Леанід Дударэнка, Мікалай Таранда, Уладзімір Уродніч, Святаслаў Федарэнка ды іншыя.

Ул. інф.