Ялцінскае адкрыццё

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Хор “Натхненне” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка распачаў свае летнія канікулы ўдзелам ў VІІ Міжнародным конкурсе-фестывалі камерных хораў “Ялта — Вікторыя2010”. І вярнуўся з Першай прэміяй і дыпломам за лепшае выкананне абавязковага твора — “Отче наш” украінскага кампазітара Лесі Дычко, якая была, да таго ж, старшынёй журы конкурсу.

 

- Праводзяць форум,- распавяла кіраўнік калектыву Ларыса Ядлоўская, - раз на два гады. Акрамя ўласна ўдзелу ў конкурсе, кожны канкурсант праводзіць канцэрты на розных пляцоўках. У прыватнасці, наш хор выступіў ля Дома Айвазоўскага, у парку "Парадыз", у касцёле Бязгрэшнага зачацця Святой Дзевы Марыі. Да таго ж, пачынаўся конкурс-фестываль агульным шэсцем калектываў па ўзбярэжжы, і пад час гэтай цырымоніі кожны з ансамбляў праводзіць сваю прэзентацыю, а потым выступае таксама ў канцэрце адкрыцця.

Увогуле ж, удзел у гэтым форуме патрабуе разнастайнай праграмы высокага прафесійнага ўзроўню. Паводле конкурсных умоў, трэба выконваць творы эпохі Адраджэння, кампазітараўкласікаў, сучасных аўтараў, у тым ліку ў жанры духоўнай музыкі. Акрамя вызначанага ўкраінскага твора, абавязковага для ўсіх удзельнікаў, трэба, вядома, прадставіць і музыку сваёй краіны. Мы, да прыкладу, спявалі "Песняспевы Еўфрасінні Полацкай" Людмілы Шлег ды харавы трыпціх Аляксандра Рашчынскага. І вельмі рады, што беларускія творы ўзрушылі спрактыкаваных украінскіх слухачоў і шаноўных членаў журы, сярод якіх былі знаныя расійскія, польскія, украінскія дзеячы культуры.

Сёлета ў конкурсе ўзялі ўдзел 11 хораў, у тым ліку з Адэсы, Арэнбурга, Белгарада, Крывога Рога, Курска, Мелітопаля, Нікалаева, Самары, Сімферопаля. Беларусь удзельнічала ўпершыню - і займела такі поспех! Была і яшчэ адна падстава ганарыцца беларусамі. У рамках конкурсу-фестывалю прайшла навуковая канферэнцыя, на якой былі агучаны новыя звесткі пра жыццё і творчасць вядомага ўкраінскага кампазітара, харавога дырыжора і спевака ХVIII стагоддзя Арцемія Ведэля: як высветлілася, родам ён не з Украіны, а- з Магілёва.