Том першы

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Прыемным сюрпрызам для аматараў і даследчыкаў айчыннай культуры і мастацтва стаў выхад у свет першага тома энцыклапедыі “Культура Беларусі”, падрыхтаванага выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі.

 

 Па словах намесніка дырэктара выдавецтва Ганны Малей, у кнізе шырока прадстаўлена выяўленчае і тэатральнае мастацтва, айчыннае літаратураі мовазнаўства, этнаграфія і этналогія, фальклор, беларуская архітэктура.

 Як адзначыла Ганна Малей, упершыню ў энцыклапедычным выданні такога кшталту надзвычай грунтоўна прадстаўлена культура нацыянальных меншасцей, што жывуць на Беларусі. У прыватнасці, у асобных артыкулах паведамляецца пра іх народныя звычаі і традыцыі, разглядаюцца ўзаемаўплывы і сувязі ў музыцы, літаратуры, выяўленчым мастацтве. Таксама даецца і інфармацыя пра арганізацыі замежнай дыяспары, што афіцыйна дзейнічаюць у нашай краіне, іх перыядычныя выданні.

"Культура Беларусі" адметная яшчэ і тым, што на старонках кнігі змешчана падрабязная інфармацыя не толькі пра вядомыя мастацкія калектывы, але і надаецца ўвага народнаму мастацтву, дзейнасці аматарскіх згуртаванняў. Як запэўніла Ганна Малей, у шасці тамах новай энцыклапедыі будуць прадстаўлены ўсе помнікі архітэктуры, скульптурныя кампазіцыі, прысвечаныя ваенным дзеянням на тэрыторыі нашай краіны, і ў першую чаргу - гадам Вялікай Айчыннай вайны.

У аўтарытэтнасці выдання можна пераканацца, пазнаёміўшыся толькі са спісам аўтараў артыкулаў новай энцыклапедыі. Сярод іх - супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў краіны, у тым ліку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Да таго ж, шэраг матэрыялаў, прысвечаных развіццю культуры ў рэгіёнах краіны, замаўляўся выдавецтвам у абласных метадычных цэнтрах. Неабходную дапамогу ў падрыхтоўцы і стварэнні энцыклапедычнага шматтомніка аказвала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама абласныя выканаўчыя камітэты краіны.