“Рыцар дня” для Веранікі

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

4 лістапада на экраны Беларусі і Расіі выйдзе стужка “Брэсцкая крэпасць”, пра здымкі і прэм’еру якой “Культура” пісала неаднойчы. Адну з галоўных роляў у карціне, нароўні з вядомымі акцёрамі Аляксандрам Коршунавым, Андрэем Мярзлікіным, Паўлам Дзеравянкам, выканала мінская школьніца Вераніка НІКАНАВА. Юнай актрысе надзвычай удаўся вобраз Ані Кіжаватавай — дачкі героя абароны Цытадэлі над Бугам. Аб сваёй працы на здымачнай пляцоўцы, захапленнях і планах на будучыню Вераніка падзялілася ў сваім першым у жыцці “сольным” інтэрв’ю, якое яна дала карэспандэнту нашай газеты.

/i/content/pi/cult/280/4409/pic_13.jpg"Мярзлікін быў добрым татам"

- Вераніка, раскажыце, як трапляюць на здымачную пляцоўку? Што для гэтага патрабуецца?

- Усё адбылося вельмі нечакана. У Мінскую школу № 136, дзе я вучылася тады ў восьмым класе, прыйшла асістэнт рэжысёра з "Беларусьфільма". Увайшла ў клас і папрасіла дзяўчынак падняцца. Мы з аднакласніцай спадабаліся, таму нас запрасілі ўжо на кінастудыю. Пасля некалькі этапаў кастынгу мне паведамілі, што я адабрана для проб, якія адбудуцца ў Маскве. З іншымі прэтэндэнткамі селі на цягнік, і неўзабаве з намі ўжо размаўляў сам рэжысёр Аляксандр Котт. На пробах здымалі некалькі сцэн з будучай стужкі, дзе Аня Кіжаватава размаўляе з сваім сябруком Сашкам Акімавым, з якім ёй даводзіцца перажыць атаку крэпасці. Прэтэндэнтак было некалькі, а Алёшу Капашова на ролю Сашкі адабралі раней.

- Вядома, хваляваліся?

- Так. Вельмі! Памятаю, як не магла заснуць у цягніку да Мінска, нават плакала, баялася, што не мяне выберуць... Дома паступова стала займацца ранейшымі справамі, нават не думала пра нейкае там кіно. І раптам: званок! Добра памятаю, дзе стаяла, калі мне патэлефанавалі, і як скакала на месцы на вачах ва ўсёй вуліцы! Адразу паведаміла маці прыемную навіну. А неўзабаве пачалася падрыхтоўка да здымак.

- І ў чым яна заключалася?

- На "Беларусьфільме" мне зрабілі некалькі сукенак, але ўсе яны потым не спадабаліся рэжысёру. Таму тая сукенка, што на мне ў кадры, была прыдумана літаральна ў першы дзень здымак у Крэпасці з падручнага матэрыялу. Таксама давялося некалькі разоў змяніць колер валасоў. Пачалі яшчэ на пробах у Маскве, у выніку фарбавалі разоў шэсць. Так што ў фільме я стала бландзінкай.

- Ці давалі вам чытаць сцэнарый? Што вы ведалі пра гісторыю Брэсцкай крэпасці да таго, як трапіць на здымкі?

- Пра гераічную абарону ў 1941-м, канешне ж, ведала. Але не ўяўляла сабе маштабы тых падзей, што там адбываліся. Калі зразумела, што буду здымацца, звярнулася да Інтэрнэта, дзе шмат даведалася пра гісторыю брэсцкай Цытадэлі. Яна надзвычай захапляльная! Наша знаёмства з Крэпасцю пачалося з экскурсіі. Комплекс аказаўся такім вялікім - на некалькіх астравах! А сцэнарый чытаць аказалася вельмі цікава, аднак рэжысёр прасіў, каб мы не вучылі свае словы: маўляў, завучаныя рэплікі будуць выглядаць ненатуральна. Таму можна было крыху імправізаваць на пляцоўцы. Тым больш, што кожную сцэну здымалі з некалькіх дубляў.

 - Што вы адчулі, калі ўбачылі побач знакамітых акцёраў? Як склаліся адносіны з Андрэем Мярзлікіным, які іграў вашага "тату"?

- Спачатку я вельмі хвалявалася! А потым прызвычаілася, тым больш, што ўсе акцёры паводзілі сябе вельмі прыязна - па-сяброўску. Я спачатку крыху засмуцілася, калі даведалася, што давядзецца іграць разам з Мярзлікіным, а не з Дзеравянкам, бо мне вельмі падабаецца апошні. Але Мярзлікін аказаўся вельмі добрым і цікавым чалавекам, мы вельмі пасябравалі, як і з Янай Есіповіч, якая выконвала ролю маёй экраннай маці. А яшчэ мне вельмі спадабаўся Аляксандр Коршунаў, які ўвасабляў маёра Гаўрылава! Добрыя адносіны склаліся і з беларускім акцёрам Сяргеем Уласавым. Словам, на пляцоўцы я адчувала сябе вельмі ўтульна, тым больш, што ўся група старалася дапамагаць. Напрыклад, калі ў верасні пачаліся халады, заўсёды прыносілі гарачую каву, падбадзёрвалі.

- Які з трох прэм'ерных паказаў "Брэсцкай крэпасці" ўразіў вас больш за астатнія?

- Вядома, маскоўскі - пад час Міжнароднага кінафестывалю! Ён адбываўся ў вялізнай зале кінатэатра "Кастрычнік". Пасля паказу да нас падыходзілі вельмі вядомыя артысты, якія раней я бачыла толькі па тэлебачанні, - Канстанцін Хабенскі, Леанід Агуцін, віншавалі, казалі, як ім спадабалася наша праца. Дарэчы, песня, якую Агуцін напісаў да "Брэсцкай крэпасці", мяне вельмі ўсхвалявала; калі першы раз паглядзела кліп, то не здолела стрымаць слёз.

- А кім вы адчувалі сябе пад час здымак: Веранікай Ніканавай, якая выконвала ролю дзяўчынкі з 1941-га, або сучасніцай падзей?

- У першыя дні я спрабавала ўжыцца ў вобраз, тым не менш, была, безумоўна, сама сабою. Але чым далей, тым больш мяне зацягвалі падзеі...

 - А калі б Вераніка Ніканава, а не Аня Кіжаватава трапіла ў тую ваенную сітуацыю, як дзейнічала б яна?

 - Я думала аб гэтым... Калі б была хлопцам, змагалася б з акупантамі да апошняй гранаты!.. Ва ўсялякім выпадку, спрабавала б трымацца годна.

 

 "Камедыі - любімыя"

- Наколькі разумею, цяга да мастацтва ў вас - не выпадковая?

 - Так. У дзяцінстве я вельмі цікавілася спортам - займалася валейболам, баскетболам ,- але ў 12 вырашыла стаць актрысай. Таму перайшла ў сярэднюю школу горада Мінска № 136, дзе ёсць тэатральная адукацыя. Першую палову дня мы займаемся звычайнымі прадметамі, а пасля абеду пачынаюцца факультатывы, дзе нас вучаць розным сцэнічным дысцыплінам. Я пайшла ў гэтую школу, каб падрыхтавацца да будучай артыстычнай кар'еры. Вельмі хачу паступіць у маскоўскі ГИТИС! Мы нават з Алёшам Капашовым пад час здымак дамовіліся, што пойдзем туды вучыцца, толькі - на розных курсах, бо ён на год маладзейшы.

- А чаму вам захацелася стаць актрысай, і што аб гэтым думаюць вашы бацькі?

 - Стаць актрысай мне захацелася таму, што я вельмі люблю хадзіць у кіно і тэатр. Спачатку, калі нас вадзілі на спектаклі з класам, мяне не вельмі кранала тое, што адбываецца на сцэне. Цяпер я надта люблю хадзіць на розныя пастаноўкі з сяброўкамі, вельмі хочацца самой трапіць на сцэну. Праўда, мне моцна спадабаліся здымкі... Цяпер вось думаю, што працаваць у кіно - таксама вельмі добра.

 - Якія тэатральныя прадметы вам падабаюцца больш за астатнія?

- Вельмі падабаецца дысцыпліна "Сцэнічны рух", а Вадзіма Азарава, які гэты прадмет выкладае, лічу сваім любімым настаўнікам. Хачу таксама адзначыць свайго педагога Інесу Дубок.

 - Вы сказалі, што наведваеце тэатры. Які самы цікавы для вас у Мінску?

 - Раней вельмі часта хадзіла ў Купалаўскі, люблю Музычны, цяпер часцей бываю ў тэатры імя Горкага, наведваю таксама спектаклі Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча ў Акадэміі мастацтваў з удзелам маладых акцёраў. Пастаноўкі даспадобы найбольш вясёлыя, незвычайныя.

- Якія беларускія акцёры вам падабаюцца больш за астатніх?

- Вельмі падабаецца актрыса Паліна Сыркіна! Мару з ёй пазнаёміцца, бо ведаю пра яе шмат з Інтэрнета. Шмат цікавага пра свой тэатр расказваў мне акцёр тэатра імя Горкага Віталь Краўчанка. Люблю наведваць яго спектаклі, хацелася б, каб у мяне быў такі педагог! А яшчэ я мару трапіць у вучні да майго партнёра па "Брэсцкай крэпасці" Аляксандра Коршунава.

 

 Сапраўдны кінаман

- Зразумела, што на паступленні ў тэатральную ВНУ вашы мары не заканчваюцца...

- Мая мэта - трапіць у Галівуд, паўдзельнічаць у здымках з тамтэйшымі зоркамі. Разумею, што для гэтага трэба добра валодаць англійскай мовай, таму планую ў бліжэйшай будучыні сур'ёзна займацца яе вывучэннем.

 - Як да вашых планаў ставяцца бацькі? Ёсць выпадкі, калі родныя адмоўна ўспрымалі артыстычныя памкненні будучых зорак...

 - Бацькі мне ніколі нічога не забаранялі. Маці, канешне, правяла са мной размову, тлумачыла, што лёсы ў акцёраў бываюць самыя розныя, у тым ліку складаныя. Але пакуль родныя толькі дапамагаюць. На здымках "Брэсцкай крэпасці" яны заўсёды былі са мной побач, і іх падтрымка мне вельмі дапамагла. Сям'я ў мяне вялікая: ёсць яшчэ двое братоў-блізнятаў і старэйшая сястра, я- самая малодшая.

- Як вы любіце бавіць вольны час?

 - Тэлевізар я не гляджу прынцыпова! Калісьці бацькі не маглі мяне ад яго адцягнуць, а цяпер куды болей падабаецца чытаць. Не, папулярныя ў равеснікаў "Прыцемкі" мне не падабаюцца. Чытаю класічную літаратуру, але звычайна не тую, што задаюць па школьнай праграме. Хоць чытаю і тое, што задаюць. Вось збіраюся засесці за "Вайну і мір" Льва Талстога. Яшчэ мне вельмі падабаецца спачатку прачытаць кнігу, а потым паглядзець экранізацыю. З апошніх кніг, якія зрабілі на мяне ўражанне, магу прыгадаць "Партрэт Дарыяна Грэя" Аскара Уайльда, а вось апошняя стужка па гэтым рамане спадабалася куды менш. Кіно гляджу вельмі шмат і на вялікім экране. А серыялы люблю праглядваць з дыска, у прыватнасці, падабаюцца "Татавы дочкі". Мой любімы кінатэатр у Мінску - "Кастрычнік", таксама наведваю "Беларусь". Люблю прыгодніцкія камедыі кшталту "Рыцар дня". Спадзяюся праз пэўны час самой сыграць ролю ў адной з такіх!

- Як вы думаеце, вашым равеснікам будзе карысна паглядзець "Брэсцкую крэпасць"?

 - Вельмі! Упэўнена, яны атрымаюць ад нашай стужкі моцныя ўражанні.

Фота Юрыя ІВАНОВА