Норма для… дэсерту

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

У еўрапейскім этыкеце, што абумоўлівае культуру застолля, з XVI ст. адбываюцца значныя змены. У прыватнасці, ён пачаў набліжацца да сучасных норм. Да таго ж, у этыкеце з’явілася значная колькасць табу на ежу рукамі. Яны былі адзначаны ў “Новым трактаце” А. дэ Куртэнэ, выдадзеным у 1672 г.

/i/content/pi/cult/280/4407/pic_9.jpgСа старажытных часоў пад час ежы карысталіся нажом, які трымалі ў правай руцэ. У ХVІ - ХVІІІ стст. яго выкарыстанне было абумоўлена шэрагам правілаў. Нож нельга было падносіць блізка да рота, увесь час трымаць у руцэ, забаранялася падносіць да рота хлеб той жа рукой, якая трымае прыбор, есці з вастрыя нажа хлеб, а таксама яблыкі, грушы, іншыя фрукты, рэзаць нажом бульбіны, яйкі, клёцкі, перадаваць яго вастрыём наперад... Істотна займала аўтараў трактатаў праблема рэзкі хлеба, - напрыканцы ж ХVІІІ ст. канчаткова замацавалася норма ламання хлеба. Сярод іншага, нож "ужывалі" і з нацыянальнымі асаблівасцямі: немцы заўсёды выкарыстоўвалі яго, італьянцы - не, а ў тых жа французаў некалькі чалавек маглі сталавацца адным нажом.

Працяглы час месца размяшчэння сталовых прыбораў не было дакладна вызначана. Яшчэ у трактаце Дэ Ля Саля 1774 г. лыжку, нож і відэлец патрабавалася класці справа. У познім Сярэднявеччы злева ад талеркі быў хлеб, справа ставілі чашу і клалі нож. У вышэйшых слаях еўрапейскага грамадства напрыканцы XVIII ст. па адзін бок талеркі ляжалі супавая лыжка, нажы для рыбы і мяса, па другі - відэльцы для закускі, рыбы, мяса, перад талеркай - відэлец, лыжка або нож для прысмакаў, а для фруктаў і дэсерту прыносілі новыя прыборы.

Набор сталовых прадметаў развіваўся па прынцыпе ўсё большай іх спецыялізацыі: павялічвалася колькасць страў - для кожнай з іх патрабаваліся свае прыборы... У Рэчы Паспалітай склаўся класічны расклад набору сталовых прадметаў (хаця яшчэ ў першай палове ХVІІІ ст. нож, лыжку, зрэдку - відэлец прыносілі з сабой): справа ад талеркі клалі лыжку для супу, рыбны і мясныя нажы, злева - відэльцы для закускі, рыбы, мяса, перад талеркай - відэлец, лыжку або нож для салодкага, для фруктаў і дэсерту выкарыстоўваліся асобныя прыборы.

На беларускіх іконах з сюжэтам Троіцы можна заўважыць лыжкі і нажы, або толькі нажы, але з прычыны не заўсёды дасканалага, з пункта гледжання сіметрыі, пераводу абразоў з узораў-кужбушак, сказаць дакладна аб размяшчэнні прыбораў складана. Але што яшчэ больш цікава - у розных анёлаў на адной іконе сталовыя прыборы маглі быць размешчаны па-рознаму. Разам з тым, у цэнтральнага анёла іконы "Троіца", напісанай прыкладна ў апошняй чвэрці XVII ст. (яна знаходзіцца ў сяле Дастоева Іванаўскага раёна), лыжка ляжыць справа ад талеркі, нож - злева.

Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук