“Усё было маім...”

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

...У лютым 1942 г. Ніскі і Дэйнека накіроўваюцца ў дзеючую армію— у раён Юхноўкі. Перад вачыма — бясконцая снегавая роўнядзь, абгарэлыя касцякі дамоў, пакарабачаная ваенная тэхніка, літаральна ўпаяныя ў снягі трупы забітых. З франтавога дзённіка мастака: “Толькі б правільна зразумець сэрцам. На вочы надзеі больш. Бачыць — ужо правільна… Выбіраць толькі галоўнае… Астатняе, літаратурнаілюстратыўнае, прымаць упэўнена, бязлітасна”. Падкрэслю, адна з самых характэрных рыс Ніскага-жывапісца — унікальнае ўменне знаходзіць у “натуры” самае галоўнае і “выкрэсліваць” другараднае, пабочнае, неабавязковае, на яго погляд, для раскрыцця ўнутранага, “каранёвага” зместу той або іншай кампазіцыі.

/i/content/pi/cult/280/4405/pic_3.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 30.)

Георгій Рыгоравіч быў чалавекам не надта "хатнім": лічыў за лепшае шмат ездзіць, больш працаваць на пленэры, дакладней - "дыхаць" ім. У майстэрні ён толькі "прыводзіў у парадак" свае ўражанні ад шматлікіх паездак па краіне. Неаднойчы ён бываў і на Радзіме, у Беларусі. Праехаў уздоўж і ўпоперак усю Цэнтральную Расію і яе паўночна-заходнюю частку. З Пятром Канчалоўскім "даследаваў" Крым, а з Аляксандрам Дэйнекам - усё Падмаскоўе. Дарэчы, апошні вельмі дапамог Ніскаму ў свой час выстаяць як мастаку і чалавеку, калі крытыка прапрацоўвала яго за "грахі", абвінавачваючы ў "левізне", "фармалізме" і "дэкаратывізме", словам- у адступніцтве ад сацрэалізму. Жорстка папракалі ў тым, што ён недакладны ў прытрымліванні натуры, што "прыдумляе" свае пейзажы. Цяпер гэта гучыць трохі наіўна: пейзажысты, калі яны таленавітыя і валодаюць вопытам, ведамі і ўяўленнем, з натуры малююць рэдка. Часы групавых або адзіночных выездаў мастакоў "на эцюды" амаль што мінулі... Але тады Ніскі быў адным з нямногіх савецкіх пейзажыстаў, хто стаў далёкім ад "спісвання" прыроды.

Яго мастацтва - гэта творчае пераўтварэнне, творчае дзеянне. Але гэта не адцягненая, разумовая форматворчасць. Ён увасабляў сучасны вобраз прыроды і рабіў гэта моцна і пераканаўча. У выніку колеравыя спалучэнні, рашэнне прасторы атрымлівалі незвычайна вострую, канцэнтраваную, лаканічную форму. Прычым жывапісец бязлітасна адкідаў усё, што магло неяк "разбавіць" канцэнтрацыю выразнага вобраза: "З усіх маіх уражанняў я выбіраў галоўнае і неабходнае, у чым, мне здавалася, была змешчана самая правільная жывапісна-пластычная сутнасць рэчаў". І яшчэ з Ніскага: "Я заўсёды працую над тым, што мяне расчуліла, што я люблю. Хачу намаляваць гэта ясна, дакладна, проста. Працую і літаральна ўлюбляюся ў карціну, не адыходжу ад яе да таго часу, пакуль не скончу".

Першая работа Ніскага, якую я ў маладосці ўбачыў на адной з выставак у Маскве, называлася "Ноч. 1941 год" (было гэта, калі не памыляюся, на самым пачатку 1960-х). Яна мяне ўразіла атмасферай нейкага ўнутранага трагічнага напружання і неспакою, хаця, на першы погляд, там нічога такога не адбывалася. Сапраўды, амаль усё палатно занята небам. Але тое не ясны шырокі купал, поўны святла і спакою, не аксамітна-пяшчотная зоркавая ноч. У Ніскага - гэта пануры, трывожны нябесны купал, які кідае на зямлю густы, злавесны цень. Палатно падкрэслена вертыкальнае - нібыта бы скрозь вузкую доўгую шчыліну бачыш гэтыя дзве ўзлахмачаныя сасны з вострымі вершалінамі, якія падаецца, усаджваюцца ў неба. Колер даведзены да суровага аскетызму. Шырокім пэндзлем пакладзены на палатно вялікія плоскасці колеру. Паласа снегу бялее ўначы, а ля гарызонту ледзь толькі пазначана блякла-чырвоная стужка зарыва. Жорсткасць каляровых адносін белага, чорнага, чырвонага, сіняга адчуваецца няяснай трывогай, якая абвастраецца сухім, змярцвелым святлом прамянёў ваеннага пражэктара, што пранізваюць цемру.

Наогул, пейзаж Ніскага выразны перш за ўсё каляровымі прасторавымі планамі. Мастак выкарыстоўвае класічную яснасць і заканамерную паслядоўнасць прасторы, але - хачу асобна падкрэсліць- прыўносіць у яе новую, напружаную, дынамічнасць. Не з экспрэсіяністычнай надакучлівасцю, а з нейкай асабістай ураўнаважанай настойлівасцю прымушае гледача актыўна прасочваць тыя напрамкі, па якіх развіваецца пейзаж у сваіх дэталях і складаных частках.

Ды што тут казаць? Каляровай прасторы ў сваіх карцінах сам жывапісец прыдаваў ледзь не першачарговае значэнне. Ён казаў: "...Паняцце прасторы не супадае з уяўленнем лінейнай перспектывы, пералічваннем планаў ад наскоў чаравікаў да гарызонту. Я кажу пра арганізацыю прасторы рытмам сілуэтаў, колерам, прадумваю другараднае, падкрэсліваю тое, што лічу галоўным, раблю планы больш светлымі або больш цёмнымі- у залежнасці ад таго, як гэтага патрабуе агульнае рашэнне. Імкнуся да колеравай насычанасці, колеравай напружанасці, псіхалагічнага ўздзеяння колеру".

Ніскі лічыў, што менавіта падарожжы па краіне дапамаглі яму раскрыць "таямніцы" прасторы. Чаму ён так любіў вандраваць? Ці не з-за любові да святла і ці не для таго, каб адзначаць яго змяненне ад Ціхага акіяна да Чорнага мора, ад Балтыкі да роднага Сожа? Або - каб не паддавацца ўладзе прывычкі, якая пагражае прытупіць нават самы жывы дар назірання? Мабыць, і тое, што яму, рамантыку, ад нараджэння хацелася быць са сваім эцюднікам, пэндзлямі, палатном, альбомамі і алоўкамі ў такіх месцах, дзе яго чакаюць новыя адкрыцці, новыя рытмы, новыя вобразы, новыя людзі. Яму заўсёды было лёгка кантактаваць з маракамі, рыбакамі, лётчыкамі, калгаснікамі, спартсменамі, пуцявымі абходчыкамі, машыністамі паравозаў, будаўнікамі, шафёрамі, басаногай дзятвой. І "дзядзьку Жору", каржакаватага, прысадзістага, з вечна абветраным тварам, з нязменным чырвоным шалікам на шыі і папяросай у руцэ, у старой капітанскай фуражцы з лакіраваным казырком - вялікім марскім крабам, усе прымалі і віталі, бы даўняга добрага знаёмага. Як гаворыцца- "свайго ў дошку".

Ён мог пастаянна працаваць усюды: тут жа, не задумваючыся - у дождж або ў сонца, у спякоту або ў сцюжу,- махнуць "на прыроду", а потым цэлымі днямі, бязвылазна, пакуль свежыя ўражанні, шчыраваць у майстэрні на Вялікай Маслаўцы. Стварыў карціну - эцюднік на плячо і зноў у дарогу. Але больш глядзеў, сузіраў, запамінаў, "усмоктваў" бачанае. Часам эцюднік так і заставаўся не адчыненым. І гэткім чынам - усё жыццё, пакуль доўгая хвароба ў апошнія два дзесяцігоддзі не выбіла яго з сядла.

/i/content/pi/cult/280/4405/pic_4.jpgСловам, эскізаў і натурных эцюдаў не любіў - адразу браўся за палатно. У перапынку паміж працай над вялікімі карцінамі мог маляваць гуашшу на выразцы ад паспарту або проста на кавалачку нейкага кардона. Меў трафейную яхту-швертбот "Кайра" ў Хлебнікаве, на якой ён збаразніў не адну сотню кіламетраў па Ацэ, Волзе, Масква-рацэ. Сам вадзіў уласную "Волгу". Яна тады каштавала столькі, колькі адна добрая карціна. У той час мастаку мець свой аўтамабіль лічылася за найвышэйшы шык. Дарэчы, на гэтай "Волзе", як успамінае брэсцкі жывапісец Пётр Данелія, Ніскі аднойчы прыехаў і ў Беларусь. На радзіме сустракаўся з былым аднакурснікам па ВХУТЕИНу Іванам Ахрэмчыкам, падоўгу гутарыў з Віталём Цвіркам, Яўгенам Зайцавым, Адольфам Гугелем і Раісай Кудрэвіч. А з дырэктарам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Аленай Аладавай падтрымліваў цёплыя сяброўскія стасункі многія гады. (Георгій Рыгоравіч памёр 18 чэрвеня 1987 года, амаль праз год пасля адыходу з жыцця Алены Васільеўны.)

У 60-я - 70-я гады карціны Ніскага набываюць моцны дэкаратыўна-абагульнены характар. Мастак будуе свае кампазіцыі з дапамогай вострарытмізаваных сілуэтаў і буйных насычаных, часам лакальных па тоне, колеравых плоскасцей. Таму пейзажы, нягледзячы на тонкі лірызм, успрымаюцца як манументальна-эпічныя карціны. Актуальнасць зместу і вострая сучаснасць формы, рэдкае ў сваёй арганічнай злітнасці адзінства таго і другога, нешматслоўнасць мастацкай мовы пры насычанай, усхваляванай рамантычнай прыўзнятасці - вось якасці, з якіх складаецца непаўторна-індывідуальнае творчае аблічча Ніскага. Праўда, ён і сам адчуваў: ідзе правільным шляхам.

Неяк ён запісаў: "...Я думаю, што ў сваіх шматлікіх кампазіцыях, марскіх і водных пейзажах, якія намаляваны за ўсе гады, я змог усё ж быць сучасным мастаком, вырашаючы свае задачы і задачы свайго пакалення".

Гаворачы пра Ніскага-пейзажыста, нельга не згадаць і наступную карціну (выява яе друкавалася ў мінулым нумары). У "Беларускім пейзажы" Ніскі па-заліхвацку закруціў дугой чыгуначныя рэйкі, каб максімальна паказаць дынамізм пейзажу з мостам і семафорам, дарогай і сасновым лесам ды палямі, што імпэтна "ўцякаюць" за гарызонт. А вялізнае неба ў ружаватых водблісках, што распасцерлася на дзве трэці палатна, - як сімвалічны вобраз Вечнасці і Спакою. "Пейзаж Радзімы зменены, - пісаў мастак у сваёй аўтабіяграфіі. - Ён ужо не левітанаўскі - ён радасны і мажорны, і трэба ўбачыць яго сучаснаму мастаку, убачыць яго новым пачуццём, новым сэрцам і новымі вачыма, і стварыць яго новымі рукамі, інакш ён не будзе сённяшнім".

Пры жыцці Ніскі не быў абдзелены высокімі ўзнагародамі і званнямі, хаця яму, паўтаруся, неаднойчы даставалася "на арэхі" за спробы рабіць "крок убок" ад "адзіна правільнай" каляіны сацрэалізму. Толькі ў 62 гады ён стаў народным мастаком РСФСР. Праўда, яшчэ за сем гадоў да таго быў абраны акадэмікам Акадэміі мастацтваў СССР. А яшчэ раней, у 1951 годзе, атрымаў Сталінскую прэмію. Вось такія бываюць загадкавыя зігзагі ў лёсах мастакоў. Не толькі ў Ніскага, але і ў многіх іншых таленавітых творцаў.

Аднойчы Георгій Рыгоравіч запісаў: "Можна любіць адно больш, другое- менш, але любіць - галоўнае; і бачыць (гэта галоўнае!) ва ўсім- Чалавека". Думаю, што ў гэтых кароткіх і скупых словах - сэнс і "праграма" ўсяго яго мастацтва. Канешне, сёння - новыя часы і новыя погляды на навакольны свет. Многае добрае, што было калісьці, адыходзіць у нябыт. Такая доля выпала і на творчасць Ніскага: сёння мала хто з маладых мастакоў ведае жывапіс гэтага майстра. У 2003-м споўнілася б 100 гадоў з дня яго нараджэння, але ў Расіі гэтая знамянальная дата прайшла надзвычай сціпла. Акрамя таго, што Трацякоўка ў сваіх залах на Крымскім Вале арганізавала сціплы вечар памяці мастака і падрыхтавала экспазіцыю яго твораў з фондаў галерэі, больш нічога грунтоўнага (скажам, выдання альбома жывапісу мастака або рэтраспектыўнай выстаўкі ягоных работ з іншых музеяў краіны і блізкага замежжа) не было зроблена.

 І толькі ў нас, на Беларусі, успомнілі пра гэтага цудоўнага мастака-рамантыка. У верасні таго ж юбілейнага года на базе Навабеліцкага раёна г. Гомеля і Гомельскага раёна быў праведзены Першы Міжнародны пленэр жывапісу імя Г.Р. Ніскага. Я добра памятаю гэты форум, таму што ўзначальваў яго журы. У пленэры ўдзельнічалі мастакі Беларусі, Расіі і Украіны. А праз пяць гадоў, у чэрвені 2008 г., у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адбылася выстаўка "Народны мастак РСФСР Георгій Ніскі і яго час", дзе былі прадстаўлены некаторыя пейзажы, партрэты і нацюрморты Г.Ніскага і яго былых аднакласнікаў па мастацкай студыі імя М.Урубеля - Я.Целішэўскага, А.Шэўчэнкі, Я.Смехава, М.Бірштэйна, А.Машкоўцавай, а таксама шэраг дакументаў, буклетаў і прыватных рэчаў мастакоў. Такім чынам, памяць пра нашага слаўнага земляка жыве... Хаця дзеля справядлівасці скажу, што ў Беларусі да гэтага часу так і не было напісана ні аднаго прафесійнага артыкула пра жыццё і творчасць гэтага майстра. Вось я і паспрабаваў у нейкай ступені ліквідаваць гэты безумоўны прабел...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"