Лінк для аддзела культуры

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

З чаго пачаць, каб сайт “пабудаваць”? тэрмін “віртуальная рэальнасць”, мы ўсё часцей згадваем яго інфармацыйны складнік, калі ў Інтэрнеце дакладна адлюстроўваецца менавіта рэальнае: месцы, падзеі, з’явы, праца калектываў і асобных людзей. Дзякуючы такой рэальнасці, створанай словам, здымкамі, відэаролікамі, мы маем уяўленне пра тое, чаго яшчэ не бачылі і да чаго не дакрануліся. І, мусіць, такое тлумачэнне наўпрост адносіцца да web-прэзентацыі падзей і арганізацый, што працуюць у сферы культуры. Аднак атрымаць уяўленне пра айчынную культуру з Інтэрнета пакуль складана. Журналісты “К”, рыхтуючыся да камандзіровак, пастаянна сутыкаюцца з недастатковасцю свежай інфармацыі пра культуру таго або іншага рэгіёна Беларусі. І не скажаш, што, да прыкладу, пэўны аддзел культуры зусім не прадстаўлены ў Сеціве. Аднак звесткі пра культурны складнік раёна на афіцыйных сайтах райвыканкамаў часцяком уяўляюць з сябе даволі фармальную даведку. Прычым, што парадаксальна, далёка не па кожным райвыканкамаўскім інтэрнет-адрасе знойдзеш саму спасылку “Культура” на галоўнай старонцы (хаця, здавалася б, якраз там і маюць быць прадстаўлены ўсе адметныя брэнды мясцовасці). І калі журналісцкія пошукі немінуча прывядуць на старонку “Сацыяльная сфера”, а там па адной са спасылак знойдзем шуканую “культурную старонку”, дык зацікаўлены замежнік (чытай: патэнцыйны турыст) зможа хіба толькі падзівіцца марным вынікам сваёй спробы знайсці што-кольвечы па пошукавым запыце кшталту “архітэктура горада N”…

/i/content/pi/cult/280/4404/pic_2.jpgУ ідэале - партал

Карта краіны ў прагнозе надвор'я - добры прыклад аб'яднання ў адным месцы інфармацыі па розных рэгіёнах. Цікава было б пабачыць такую "амплітуду" і ў сферы культуры: да прыкладу, у адным горадзе або мястэчку выдатна наладжана праца з калектывамі, а ў іншым рэгіёне з пераемнасцю традыцый пакуль "халаднавата". Абагульненне статыстыкі ў Інтэрнеце дапамагло б і турыстам, і работнікам галіны. Аднак сайт з вялікай прасторай інфармацыі патрабуе немалой працы. Прыкладам можа стаць партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, што аб'ядноўвае безліч дакументаў, па якіх можна рабіць пошук "онлайн". Акрамя галоўнай старонкі з навінамі і апісаннем установы, тут маюцца вялікія базы даных.

Выконваючы абавязкі загадчыка аддзела праграмнай падтрымкі інтэрнет-партала бібліятэкі Андрэй Урбановіч кажа, што сёння над праектам працуе каля дзесяці чалавек: шэсць з іх займаюцца напаўненнем партала тэкставай інфармацыяй, а астатнія - тэхнічнымі распрацоўкамі. Да таго ж, падтрымліваць няспыннае развіццё, дапаўняць дзеючую сістэму новымі элементамі дапамагае адна з дзяржаўных кампаній па стварэнні праграмнага забеспячэння. Просты сайт не "пацягнуў" бы такую колькасць інфармацыі: тут ёсць уласныя базы даных НББ і набытыя ёй за мяжой, шмат электронных рэсурсаў. Сёння ўся сістэма месціцца на двух серверах, адзін з якіх - рэзервны: на выпадак, калі з першым будуць праблемы.

Праца над парталам распачалася яшчэ ў 2006 годзе. У мэтах праекта значыцца фарміраванне нацыянальнай электроннай бібліятэкі, што аб'яднае лічбавыя інфармацыйныя рэсурсы ўсіх бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў краіны. Андрэй Урбановіч адзначыў: многія наведвальнікі незадаволены тым, што адсюль нельга спампаваць кнігі, якія можна знайсці ў электронным каталогу. Аднак у тым і сутнасць, пэўна, любога праекта ў Сеціве - паказаць толькі частку, не ўсё: каб кожнаму захацелася прыйсці ў рэальную ўстанову.

Уласнікі многіх сайтаў хацелі б называць іх парталамі, але такі статус можа мець не любы вялікі рэсурс. Партал - гэта сістэма, у якой ёсць спасылкі не толькі на ўнутраныя раздзелы, але і на знешнія старонкі. Апошнія можна вылучыць у асобныя сайты. Тэарэтычна, наведвальнік, які трапіць на партал, прысвечаны культуры, можа перайсці ў раздзел "Клубы" або "Метадычныя цэнтры", а затым з вялікага спіса ўстаноў выбраць адну і па спасылцы перайсці на яе сайт. Па такім прынцыпе працуюць праект НББ, Нацыянальны прававы партал, некаторыя інфармацыйныя рэсурсы са шматлікімі каталогамі на розныя тэмы. Як правіла, тут ёсць сістэма пошуку, можа існаваць унутраная пошта і абавязкова - магчымасць аўтарызацыі для карыстальніка. Вялікая ўвага надаецца "юзабіліці" - гэты тэрмін азначае, што знешні выгляд партала павінны арыентавацца на чалавека, каб яму было лёгка знайсці патрэбнае.

Многія кампаніі прапаноўваюць стварыць партал за тэрмін каля месяца, аднак на практыцы яго дапрацоўка займае яшчэ шмат часу і працы праграмістаў, дызайнераў, кантэнтменеджэраў. Каштуе ён у два-тры разы даражэй за сайт-візітоўку: ад трох мільёнаў рублёў да... бясконцасці. Але пра гэта - крыху пазней.

У заўтрашні дзень

Кожны аблі райвыканкам сёння мае афіцыйны сайт з асноўнай інфармацыяй. Аднак "асноўнае" ў згаданых ужо раздзелах "Культура" абмяжоўваецца некалькімі абзацамі тэксту на старонках унутры такіх тыпавых рэсурсаў.

Начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў упэўнены, што сітуацыю трэба змяняць. Ён дакладна адзначыў, што да канца года сайт з інфармацыяй пра культуру вобласці будзе створаны. Пытанне наконт неабходнасці гэтага праекта было ўпершыню ўзнята на ўзроўні аблвыканкама напрыканцы 2009 года, і цяпер для гэтай мэты шукаюць дызайнера. Дзмітрый Чумакоў адзначае: "Не абавязкова імкнуцца да супер-сайта. "Сярэдні" будзе нам каштаваць каля трох мільёнаў рублёў, а гэта - даступная сума. Затое людзі будуць ведаць пра культуру рэгіёна і змогуць адсочваць апошнюю інфармацыю па мерапрыемствах. Напаўненнем будзе займацца наш вядучы спецыяліст па масавых мерапрыемствах, узаемадзеянні з творчымі саюзамі і міжнародных сувязях Іна Бычак, якая і цяпер дапамагае рэалізоўваць гэтую ідэю".

Па меркаванні Дзмітрыя Чумакова, асобны клуб або іншая невялікая ўстанова культуры не маюць моцнай патрэбы ва ўласным сайце, аднак, калі ўзнікне такая неабходнасць, то ўпраўленне культуры вобласці з разуменнем падыдзе да гэтага. У Сеціве ўжо існуюць свае прадстаўніцтвы ў абласной філармоніі, Палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў, Музея ваеннай славы, Мазырскага драматычнага тэатра ды іншых устаноў. "Усё можна абмеркаваць, і ў перспектыве іншыя сайты - магчымыя", - дадае ён.

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі заўважае, што і аддзелы культуры ў наш час маюць даволі шмат інфармацыі для стварэння ўласных сайтаў. "На іх можна змяшчаць апісанне аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, калектываў і іх кіраўнікоў, народных майстроў: аб'ёму хапае, але ўсё, канешне ж, залежыць ад рэальных магчымасцей аддзела. Пры дапамозе сайта можна прыцягнуць увагу да нейкага аб'екта з боку інвестараў, прадаць яго, паспрыяць рэстаўрацыі, прадаставіць магчымасць звярнуцца да яго і грамадскасці. У кожным раёне - каля 30 - 40 бібліятэк, і пра іх таксама было б карысна расказаць. Да таго ж, сайт прывабіць у рэгіён турыстычныя плыні.

Аддаць на яго стварэнне каля дзесяці мільёнаў для аддзела культуры - цалкам магчыма, выкарыстоўваючы бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі. Патрэбна разумець, што гэта - укладанне сродкаў у заўтрашні дзень: яны абавязкова акупяцца ўвагай турыстаў".

Бывае, што даволі буйныя праекты з абагульняючай інфармацыяй робяць і прыватныя асобы: гэта камерцыйныя інтэрнет-галерэі мастакоў і майстроў сувеніраў, а таксама сайты, не разлічаныя на прыбытак. Да прыкладу, адзін з іх, прысвечаны праваслаўным храмам Беларусі, за амаль два гады існавання назбіраў даволі вялікую базу здымкаў і звестак пра саборы ўсёй Беларусі. Існуе праект, што апісвае турыстычныя шляхі нашай краіны, цікава і арыгінальна падае звесткі пра помнікі, адметнасці розных гарадоў.

У Віцебску працуе web-лабараторыя, якая дапамагае ўстановам культуры і адукацыі атрымліваць невялікія сайты. Яе заснавальнік Артур Баранок, што працуе выкладчыкам геаграфіі і біялогіі ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава, стварыў адукацыйны рэсурс, пры дапамозе якога студэнты гэтай установы могуць знаёміцца з новымі тэхналогіямі па стварэнні web-праектаў. А сам ён дапамог з'явіцца сайту факультэта беларускай філалогіі і культуры універсітэта, рэсурсу абласной філармоніі, старонцы актэта балалаечнікаў, афіцыйна зарэгістраваў і падтрымлівае мясцовую электронную музычную газету. На галоўнай старонцы апошняй ёсць наступныя элементы: адна навіна - "бягучым радком", некалькі навін з невялікім тэкстам і здымкам, шэраг самых папулярных матэрыялаў, рэпартажы, відэа, фотарэпартажы, ілюстраваная афіша, апошнія каментарыі, банеры з рэкламай, статыстыка наведванняў, карысныя спасылкі на ўстановы горада і вобласці. Што яшчэ можна было б сюды дадаць? Складана прыдумаць.

Паміж стваральнікамі і кліентамі

Сучасны web-майстар распрацоўвае сайты на амаль гатовых для выкарыстання сістэмах кіравання кантэнтам (Content Manager System, або - скарочана - CMS). Такія сістэмы ствараюць не толькі за мяжой, але і ў нас, і прызначаны яны для хуткага і больш таннага "старту": настройваць базавую, аднолькавую для ўсіх, унутраную сістэму сайта пад канкрэтнага заказчыка нашмат хутчэй і прасцей, чым з самага пачатку, з нуля, рабіць усё. Прычым, пры граматнай рабоце, сайты на аснове CMS не будуць падобныя між сабой, нават тады, калі да працы не далучаўся дызайнер, што адказвае за "прывабную карцінку". Усё гэта спрыяе таннейшай працы.

Аднак, калі вы жадаеце чагосьці зусім унікальнага, то кожны закуточак будучага сайта праграмісты ды дызайнеры прадумаюць самастойна - і толькі для вас. А пасля, калі нешта спатрэбіцца дадаць, яны будуць ствараць гэта самі, а не падключаць, як у першым выпадку, ужо гатовыя для ўсёй сістэмы модулі-кампаненты. Праўда, каштаваць гэта будзе даражэй. Адна з кампаній у Гомельскай вобласці прапаноўвае сайт-візітоўку за суму ад паўтара мільёна рублёў, але на ім не будзе нават формы зваротнай сувязі. Такую ды іншыя магчымасці трэба купляць дадаткова. Гасцявая кніга для водгукаў - 120 тысяч рублёў, іншая моўная версія сайта - 150 тысяч. У выпадку з CMS, часцей за ўсё, такія простыя элементы будуць у наяўнасці першапачаткова, і падключыць іх значна прасцей.

Адна з магілёўскіх студый прапаноўвае просты сайт за 800 еўра, іншая - за 350 долараў ЗША, яшчэ адна - ад 280 тысяч беларускіх рублеў. У Гродне адна з кампаній даводзіць да пакупнікоў, што сайт з шаблонным дызайнам будзе каштаваць 590 тысяч, але рэкамендавана набыць увесь набор - прыкладна за два мільёны рублёў. Аптымізацыя яго, "прасоўванне" на высокія пазіцыі пры запытах карыстальнікаў, абнаўленне інфармацыі... Прапаноў у кожным абласным цэнтры хапае: не менш за пяць фірм...

Зрэшты, яшчэ пытанне: з чаго, уласна кажучы, вынікаюць даволі вялікія расцэнкі? "Тэхнары" любяць казаць, што яны бяруць грошы не столькі за колькасць прыкладзеных намаганняў для канкрэтнай задачы, а за тое, колькі ім давялося вучыцца, колькі таўшчэзных падручнікаў прачытаць, каб умець хутка і лаканічна рашыць любую задачу. А калі сур'ёзна, дык нядаўна на адным з парталаў айчынных распрацоўшчыкаў было падлічана, колькі каштуе студыі зрабіць адзін сярэдні праект, улічваючы ўсе выдаткі. Аўтары даследавання робяць выснову: сайт не можа каштаваць менш за два мільёны рублёў, інакш гэта - няякасны прадукт, карэктную працу і граматную падтрымку якога ніхто не можа гарантаваць...

З аптымізмам

У матэрыяле "К", прысвечаным стварэнню сайтаў для мастакоў (гл. №3 за 2010 г.), згадваўся сайт мастака Міколы Бушчыка. Нядаўна даведалася, што арганізацыя, якая яго распрацоўвала, робіць гэтую працу... бясплатна. Дырэктару кампаніі так спадабалася творчасць мастака, што ён вырашыў дапамагчы яму, і робіць гэта ўвесь час. Хутка аматары жывапісу змогуць пабачыць абноўлены сайт з выкарыстаннем больш сучасных тэхналогій, прычым вырашана перавесці ў электронны выгляд усе вядомыя работы творцы, каб пры дапамозе электроннага архіва нічога не гублялася.

...Падсумаваўшы сказанае, можна адзначыць: плюсаў ад уласнага сайта значна больш, чым "мінусаў", якія ўзнікаюць пры яго стварэнні (а яны даволі ўмоўныя: выдаткі, што з часам акупяцца, і намаганні, без чаго, вядома ж, справа не зрушыцца). Тым больш, што працэс распрацоўкі рэсурса па этапах распісаны ў Сеціве, і нават супрацоўнікі, не маючы патрэбнай адукацыі, ужо сёння ствараюць невялікія "сайцікі", падобныя да блогаў. Іх можна збіраць, як канструктар, з шэрагу элементаў, дапаўняць гатовымі нескладанымі функцыямі. Варыянтаў - хапае, чаму б не паспрабаваць адшукаць свой?