Конкурс і яго механізмы

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Слова “конкурс” апошнім часам выклікае цэлую палітру супярэчлівых выказванняў. Узнікае ўсё больш меркаванняў, што гэтая форма выяўлення талентаў не толькі вычарпала сябе, але і ўвогуле страціла сэнс. Маўляў, пад час спаборніцтваў у такой тонкай матэрыі, як мастацтва, перамагаюць не столькі рысы творчай індывідуальнасці, колькі больш моцныя нервы і правільна разлічаная педагогам падрыхтоўка. Але вось парадокс! Нягледзячы на дыскусіі, конкурсаў становіцца ўсё больш. І ўсё больш іх… не хапае! Паспрабуем разабрацца?

/i/content/pi/cult/280/4403/pic.jpgХто каго або хто з кім?

Кажуць, як карабель назавеш, так ён і паплыве. Калі гэтаму верыць, дык ключ да разгадкі "патаемнага" сэнсу любога тэрміна трэба шукаць у этымалогіі слова. У перакладзе з латыні "конкурс" гучыць як "збор", "збег", а да таго ж- "сутыкненне". Ці не ў гэтых двух адценнях схаваны конкурсныя парадоксы? Бо можна ж стаць пераможцам, спаборнічаючы з куды слабейшымі, яшчэ пачаткоўцамі. А можна "прайграць" насамрэч моцнаму - сталаму майстру. Таму ў прафесійных колах звычайна з вялікай увагай ставяцца не да колькасці перамог, а да іх узроўню і прэстыжнасці.

Узнікшы яшчэ да нашай эры ў выглядзе Піфійскіх гульняў у старажытнагрэчаскіх Дэльфах, прадоўжыўшыся як "карпаратыўныя" цэхавыя спаборніцтвы ў эпоху Сярэднявечча, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя конкурсы ўпершыню сталі міжнароднымі. Беларускія творцы атрымалі шырокія магчымасці далучыцца да гэтага міжнароднага руху ў 1990-я. Але на фоне ўсё большай колькасці міжнародных спаборніцтваў неяк пацьмянелі конкурсы лакальныя: рэспубліканскія, абласныя, раённыя, урэшце, "унутрыкарпаратыўныя", што праводзяцца непасрэдна ў творчым калектыве або навучальнай установе.

Міжнародным спаборніцтвам, зразумела, надаецца больш увагі: маўляў, яны ўзнімаюць імідж краіны. Перамога на іх - гэта гонар не толькі самога лаўрэата, але і ўсёй нацыянальнай школы, што стаіць за ім. Усё так! Тым не менш, менавіта больш сціплыя "ўнутраныя" конкурсы здольныя скласці аб'ектыўную карціну развіцця і перспектыў той або іншай галіны. І менавіта на іх прынцыповым становіцца нават не "парадкавае месца", якое зойме той або іншы канкурсант, а агульны зрэз жанру. А пры рэгулярнасці такіх конкурсаў - яшчэ і дынаміка развіцця той або іншай з'явы.

Але вось парадокс! Менавіта такіх "лакальных" конкурсаў нам не хапае. Бо для развіцця самога конкурсу яму патрэбны ўсё больш высокі статус: ад рэспубліканскага да адкрытага і, далей, міжнароднага. Але зрабіўшы ўласную "кар'еру", такія конкурсы не заўсёды пакідаюць "нашчадкаў". У выніку ў некаторых галінах мастацтва ў нас ёсць прэстыжныя міжнародныя конкурсы, выязджаюць нашы прадстаўнікі і на шматлікія замежныя спаборніцтвы, прыносячы краіне перамогу за перамогай. Нацыянальныя ж спаборніцтвы паступова страчваюцца. І з'яўленне такога ўсеабдымнага агляду-конкурсу, як "Зорка ўзышла над Беларуссю," - адна са спроб змяніць сітуацыю.

Мельпамена супраць Тэрпсіхоры

Чым большая па маштабах з'ява, тым большых арганізацыйных намаганняў яна патрабуе. Усё гэта - дадатковыя грошы. І дадатковы галаўны боль. А між тым, у кожнай са сфер мастацтва ёсць свае ўдалыя напрацоўкі, якія можна перанесці ў астатнія. Патрэбны прыклады? Калі ласка!

Кожны творчы калектыў і навучальная ўстанова папаўняюць кола сваіх супрацоўнікаў выключна на конкурснай аснове. Ніякія фінансавыя ўліванні для гэтага не патрабуюцца - хіба заплаціць за аб'яву ў газеце. Дый галоўным "прызам" для пераможцаў становіцца не грашовая прэмія, а магчымасць заявіць пра сябе ў тым або іншым амплуа. А разнастайныя кастынгі, кінапробы! Гэта таксама адзін з варыянтаў конкурсу, мэта якога - адабраць лепшых, вызначыць прыдатных менавіта для дадзенага праекта. У своеасаблівы "конкурс" ператвараецца і кожная оперная або балетная прэм'ера. Бо звычайна новы спектакль рыхтуецца на два-тры (а то і больш) склады. Імёны ж тых, хто назаўсёды ўвойдзе ў прэм'ерны склад салістаў, вызначаюцца літаральна напярэдадні. Так захоўваецца не толькі інтрыга, але і творчы стымул для кожнага з артыстаў, занятых у новай пастаноўцы.

Але патрэбны і такія конкурсыагляды, дзе будуць вызначацца лепшыя за год або тэатральны сезон - у кожнай сферы! Пакуль што кожны вырашае гэтую праблему сваімі сіламі. Той жа Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам заснаваў прэмію "Лепшы джазмен года" - з уласных сродкаў. Лепшых артыстаў балета нашага Вялікага тэатра у свой час адзначалі прэміяй спонсараў. Артысты драматычных тэатраў маюць "Крыштальную Паўлінку", да якой часам далучаюцца і артысты Музычнага тэатра. Раней быў і Рэспубліканскі фестываль творчай моладзі "Надзея", што праводзіўся на базе Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Але прайшоў двойчы - і знік.

- Гэта была цудоўная ідэя, - кажа рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Рычард Смольскі.- Бо ў кожным тэатры разумелі: такі фестываль - гэта іх справаздача аб тым, як яны працуюць з творчай моладдзю. І на яго трэба вылучыць лепшыя спектаклі, лепшыя рэжысёрскія і акцёрскія работы. Дый моладзь адчувала, што яна не абдзелена ўвагай, што творчыя іскры будуць заўважаны не толькі ў сваім тэатры, але і на рэспубліканскім узроўні. Вельмі важна і тое, што па выніках фестываляў праводзіліся грунтоўныя абмеркаванні з удзелам тэатральных крытыкаў, прадстаўнікоў прэсы. А гэта, лічыце, дадатковая "раскрутка". І - галоўнае - магчымасць атрымаць ацэнку "збоку", супаставіць яе са сваёй уласнай. Вядома, праводзяцца конкурсы і ў самой Акадэміі. Лепшых дыпломнікаў мы пасылаем і ў Санкт-Пецярбург на знакаміты фестываль "Балтыйскі Дом", і ў Кіеў. Лепшыя беларускія пастаноўкі ўдзельнічаюць у нашых міжнародных фестывалях: "Белая Вежа" ў Брэсце, "М.@rt-кантакт" у Магілёве, "Славянскія сустрэчы" ў Гомелі, "Панарама" ў Мінску. Здараецца, трапляюць нашы спектаклі і на "Тэатральныя сустрэчы" ў межах "Славянскага базару ў Віцебску". Але ўсё гэта - рознаскіраваныя памкненні. І паказацца на такіх буйных форумах могуць толькі адзінкі. Бо галоўная задача гэтых фестываляў - змясціць айчыннае тэатральнае мастацтва ў як мага больш шырэйшы еўрапейскі - і нават сусветны - кантэкст. А неабходны яшчэ і такі фестываль або конкурс, які прадстаўляў бы ўсю панараму развіцця беларускага тэатра і нашай тэатральнай моладзі. Гэта, дарэчы, тычыцца не толькі тэатралаў. А тыя ж мастакі, кінематаграфісты! Тэлекампаніі Беларусі праводзяць сваю "Тэлевяршыню",- яе пераможцамі сталі ўжо многія нашы выпускнікі. Але ж патрэбны "чэмпіянаты Беларусі" і па выяўленчым мастацтве, і па скульптуры! Гэта могуць быць выніковыя рэспубліканскія мастацкія выстаўкі, зладжаныя сумеснымі намаганнямі Міністэрства культуры і Саюза мастакоў. Што перашкаджае зрабіць некалькі намінацый, дзе будуць вызначаны лепшыя работы? Калі праводзіць такія агляды рэгулярна, хай не штогод, а хаця б раз у два гады, гэта зрушыць справу з мёртвай кропкі. Бо кожны творца будзе думаць: а што ж пакажу я? Для моладзі - выдатны стымул "засвяціцца". Для сталых майстроў - адчуць, што хтосьці "дыхае ў спіну". А гэта значыць - расслабляцца і спачываць на лаўрах ранавата.

Нагадай мне, цыганка, дарогу!

Добрым прыкладам для іншых відаў мастацтва можа служыць тая конкурсная сістэма, што склалася апошнім часам у беларускім акадэмічным выканальніцтве. Тут таксама ёсць што ўдасканальваць і ў арганізацыі конкурсаў, і ў іх перыядычнасці, і ў конкурсных умовах. Але ў параўнанні з іншымі сферамі мастацтваў - рай для юных талентаў, дый толькі! Па кожнай са спецыяльнасцей праводзяцца і школьныя, і вучылішчныя конкурсы. Ёсць і штогадовыя рэспубліканскія, перамога ў якіх дае права на паступленне ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі без уступных экзаменаў: такім іспытам становіцца сам конкурс. Нарэшце, вянчаюць гэтую стройную сістэму міжнародныя конкурсы, што праводзяцца ў Беларусі ў розныя гады па розных спецыяльнасцях - па чарзе. Сёлета, да прыкладу, надышоў час Міжнароднага конкурсу піяністаў "Мінск-2010", які адбудзецца ў снежні.

Свае фарбы, безумоўна, унясе і Нацыянальная музычная прэмія, размовы пра якую вядуцца ўжо не першы год. Не забудземся і на тое, што музыка, у адрозненне ад таго ж драматычнага тэатра, не патрабуе перакладу, і гэта дае магчымасць нашым творцам шырока ўдзельнічаць у замежных конкурсах, вяртаючыся з перамогамі.

З'явіўся сёлета і конкурс "Маладыя таленты Беларусі", зладжаны Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё.

- Мы нават не чакалі, - расказала кіраўнік праекта, галоўны рэдактар аддзела музычных праграм Таццяна Якушава, - што будзе столькі ўдзельнікаў. Паступіла каля 300 заявак - на тры ўзроставыя катэгорыі (10- 14, 15 - 18 і 19 - 25 гадоў) і тры намінацыі (інструментальная музыка, акадэмічны вакал і эстрадны). Асабліва здзівіла, колькі ў нас цудоўных інструменталістаў! Былі і салісты, і ансамблі, і нават аркестры. Розныя інструменты, розныя стылі- самая размаітая палітра. У складзе журы - такія знаныя музыканты, як кампазітары Алена Атрашкевіч, Алег Елісеенкаў, дырыжор Аляксандр Сасноўскі, вакалісты і выкладчыкі Ірына Дарафеева, Людміла Колас, Адам Мурзіч. Планавалі вызначаць толькі лаўрэатаў, але журы вырашыла ўвесці і званні дыпламантаў, што пашырыла кола пераможцаў. І хаця былі матэрыяльныя прызы (магнітафоны, флэшкі і іншая тэхніка, патрэбная музыкантам), галоўным стымулам для ўдзельнікаў было тое, што лепшыя трапяць у эфір. Таму абавязковай умовай у намінацыі эстраднага вакалу было выкананне беларускай песні, улічваўся і выбар рэпертуару. Конкурс быў прымеркаваны да 85-годдзя Беларускага радыё і шмат у чым стаў вынікам той вялізнай працы па фарміраванні фондаў нацыянальнай спадчыны, якую цягам дзесяцігоддзяў праводзіць радыё. Проста раней гэта не называлі конкурсам, але нашы супрацоўнікі рабілі тое ж самае: запісывалі і давалі ў эфір лепшыя творы лепшых выканаўцаў.

Для кампазітараў галоўным конкурсным стымулам з'яўляецца выкананне твораў. Таму акрамя Міжнароднага конкурсу ў Гродне, які збірае юных творцаў, рэспубліканскія конкурсы пачала ладзіць і Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Сярод яе бліжэйшых прапаноў - Рэспубліканскі конкурс на лепшую апрацоўку беларускай народнай песні імя Г.Цітовіча.

- Мы праводзілі, - распавёў прафесар Вячаслаў Кузняцоў,- і конкурс "аднаго верша" - калі ўсе пісалі рамансы на адзін тэкст, і бліц-конкурс харавых твораў - калі ўдзельнікі выцягвалі на лёсаванні кожны свой верш і закрываліся на нейкі час у асобных класах. Узгадаю і колішнія конкурсы, якія праводзіў Беларускі саюз кампазітараў па просьбе выканаўцаў. У выніку аднаго спаборніцтва рэпертуар папоўніўся нечаканымі ансамблевымі творамі, у выніку другога - шэрагам кампазіцый для саліруючага кантрабаса. Апошнім часам у нашым Вялікім тэатры загаварылі пра конкурс на стварэнне нацыянальнай оперы. Выдатна! Але ў мяне ёсць сустрэчная прапанова: няхай спачатку Міністэрства культуры правядзе конкурс на лепшае опернае лібрэта. А яшчэ лепей - вызначыць сам сюжэт ці хаця б сюжэтныя абрысы: таксама на конкурснай аснове. Наступным этапам можа быць конкурс на фрагмент вершаванага лібрэта па гэтым сюжэце (фрагмент - каб паскорыць тэрміны, бо стварэнне оперы- справа не аднаго дня). Далей - кампазітарскі конкурс на лепшую оперную сцэну па гэтым лібрэта. Пераможца ж атрымае дзяржаўны заказ на стварэнне оперы, якая і будзе пастаўлена тэатрам. Гэта дазволіць пазбегнуць звыклых для беларускай оперы лібрэтных хібаў, з-за якіх творы неаднаразова рэдагуюцца, часта - не на карысць музыцы.

Сапраўды, для мастака сёння вельмі важнымі з'яўляюцца не столькі грошы, атрыманыя за перамогу ў конкурсе, колькі магчымасць рэалізацыі сваіх творчых памкненняў, магчымасць быць заўважаным. Таму неабходны і адпаведныя конкурсы, якія ў выніку будуць вызначаць далейшыя творчыя шляхі ўсяго нацыянальнага мастацтва.

Бо конкурс - гэта, у нечым, і амаль ідэальны механізм... кіравання культурай. Патрэбны творы пэўнага кірунку на пэўную тэму? Аб'яўляецца конкурс! Пры гэтым тыя мастакі, хто не любіць працаваць "па замове", таксама не застаюцца пакрыўджанымі: ім ніхто не перашкаджае шукаць свой уласны шлях і прытрымлівацца яго. Калі ў іх ёсць што сказаць, гэта таксама будзе заўважана - не на тэматычным спаборніцтве, дык на гадавым аглядзе. Конкурсаў павінна быць шмат - самых розных. Іх колькасць і разнастайнасць звядуць да нуля такія звыклыя конкурсныя мінусы, як суб'ектыўнасць ацэнак, момант латарэйнасці: не пашанцавала сёння - ёсць магчымасць паспрабаваць яшчэ ды яшчэ.

Наспеў час спалучыць увесь багаты вопыт і прыйсці як да сістэмнасці рэгулярных конкурсных аглядаў ва ўсіх сферах мастацтва, так і да фарміравання буйных творчых праектаў на конкурснай аснове - зноў-такі, у розных галінах. І- для розных катэгорый творцаў! Хай будуць і прэміі "За жыццё ў мастацтве", і нечаканыя адкрыцці, накшталт "Творчы сюрпрыз сезона". А галоўнае - няхай конкурсы не проста вызначаюць лепшых, а даюць ім стымул далейшага творчага руху. І, у рэшце рэшт, садзейнічаюць стварэнню цывілізаванай канкурэнцыі, у якой будуць перамагаць найбольш яркія творчыя імпульсы і ўменне іх прафесійна рэалізаваць.

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"