Абярэг і артэфакт

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Новым аб’ектам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, якому нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, стаў абрад “Варвараўская свечка” з вёскі Басценавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Як паведаміла загадчык сектара ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір, паводле звестак даследчыкаў, гэты абрад распачаўся ў 1905-м і цягам больш як стагоддзя здзяйсняецца для захавання дабрабыту вёскі.

 Як высветлілі айчынныя навукоўцы, абрадавая свечка зроблена ў гонар святой пакутніцы Варвары, таму гэтую сакральную традыцыю захоўваюць выключна жанчыны Басценавічаў. Такім чынам, абрадавая свечка з года ў год пераходзіць з адной хаты да іншай, а паслядоўнасць яе перамяшчэння не парушаецца дзесяцігоддзямі. Да таго ж, пад час выканання абраду жанчыны чытаюць адпаведную малітву, а саму свечку, якая па сваёй форме нагадвае сілуэт чалавека, упрыгожваюць стужкамі, папяровымі кветкамі, завязваюць белы тканінавы фартух. Акрамя таго, побач з "Варвараўскай свечкай" заўсёды ставяць абраз святой пакутніцы Варвары.

 Па словах Наталлі Хвір, усяго ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь на сённяшні дзень налічваецца 59 аб'ектаў, якім нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны.