“Аматарскае” імкненне да прафесіяналізму

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Аляксандр НАЙДЗЁНАЎ — прафесійны вядучы інфармацыйных праграм, спакойны, разважлівы малады чалавек, а яшчэ — кінарэжысёр-пачатковец. Ён не толькі рыхтуе навіны на адной са сталічных радыёстанцый, але і здымае кіно. Не так даўно яго фільм “Рыдыёкропка” стаў лаўрэатам фэстывалю маладзёжных відэаролікаў “Кінагрань”.

— Фільм называецца “Радыёкропка”, працуеш ты на радыё. Гэта і паўплывала на вы-бар тэмы?
— Канешне, паўплывала — у тым сэнсе, што я проста ўважліва назіраю за работай калег, і на адной з радыёстанцый пачуў праграму, якая была прысвечана жыццю вёскі. Чым больш я слухаў, тым больш разумеў, наколькі гэта абсурдна і далёка ад рэальнасці. Захацелася зрабіць маленькі ролік, магчыма, кароткаметражны фільм “па матывах” гэтай праграмы. Фільм, у якім галоўную ролю мае гук, а карцінка на яго накладваецца. У галаве ўзнікалі пэўныя вобразы, і мы з сябрамі ўзяліся за работу.
— Першы фільм — “Паэма веры”, які атрымаў мноства ўзнагарод на фестывалях Украіны, Расіі, Беларусі, быў прысвечаны тэме чалавека і рэлігіі, другі — “Радыёкропка” — вясковай глыбінцы. Чаму вы абіраеце гэткія нямодныя сярод сённяшняй моладзі тэмы? Што гэта — абвостранае пачуццё патрыятызму ці спосаб звярнуць на сябе ўвагу?
— Я наогул кепска разумею, што зараз модна і нямодна. Трэба, у рэшце рэшт, арыентавацца на тыя рэчы, якія былі б па-за часам. Гэта, канешне, мо і гучна сказана, але мне хацелася б калі-небудзь зрабіць менавіта такое кіно. І што такое наогул мода ў кіно? Мода для кіно, тэатра ці іншага віду мастацтва, на мой погляд, паняцце дэструктыўнае.
— Значыць, гэта ўсё ж спосаб звярнуць на сябе ўвагу?
— Магчыма. Сітуацыя на Беларусі гэта дазваляе: у нас няма такой кінапрамысловасці, як хаця б у нашых суседзяў, дзе выпускаюцца дзесяткі, сотні фільмаў у год і дзе складана адсочваць іх усе. А ў нас маладыя аўтары, якія робяць першыя крокі ў кінатворчасці, маюць больш магчымасцей для таго, каб быць заўважанымі.
— У тытрах да “Радыёкропкі” тры прозвішчы: ваша, а таксама Андрэя Куцілы і Рамана Рамашкі. Вы заўсёды працуеце такім калектывам ці вам яшчэ хто-небудзь дапамагае ў працэсе вытворчасці кіно?
— Словазлучэнне “вытворчасць кіно” ў адносінах данас трох таксама вельмі гучнае. Таму што мы — тры сябры з відэакамерамі ў руках, якія любяць кіно і ў якіх проста “свярбяць рукі” што-небудзь зрабіць. Усё робім утрох. А што да сцэнарыяў, то ў нас (смяецца) іх ніколі не было. Толькі з “Паэмай веры” іначай. А па сутнасці, мы — аматары, якія жадаюць атрымаць прафесійныя, неаматарскія навыкі. І ўзнагароды.
— Што вас натхняе?
— Ды жыццё, канешне ж! У самых розных праявах. А яшчэ — прагляд фільмаў вялікіх майстроў кіно, маіх любімых Інгмара Бергмана, Мікеланджэла Антаніоні, Эміра Кустурыцы. Глядзіш — і думкі, якія ў цябе раіліся ў галаве цягам тыдня, месяца, года, пачынаюць пакрыху збірацца, складвацца да ладу.
— Пра што ваш наступны фільм? Зноў будзеце арыгінальным у выбары тэмы?
— Так, мы безумоўна жадаем быць арыгінальнымі (усміхаецца).
— І ёсць нейкія задумкі, нарыхтоўкі, зняты матэрыял?
— Знятага матэрыялу ў нас няма, бо як толькі матэрыял здымаецца, мы пачынаем яго мантаж. А ідэі, канешне, ёсць. Глядзеў па тэлевізары шоу, дзе разыгрываліся простыя сцэнкі з жыцця, а потым псіхолаг каменціраваў жыццёвыя сітуацыі, у якія траплялі героі. Такая вось папулярная псіхалогія. Здаецца, што гэткі прымітыўны, “даступны” ўзровень смешны сам па сабе — немагчыма на такія складаныя жыццёвыя тэмы размаўляць залішне прымітызаванай мовай. Надта хочацца “пагуляць” у гэтую тэлепраграму. Я нават напісаў некалькі старонак.
— Ага, дык усё ж сцэнарый ёсць?
— Я проста для сябе зрабіў накіды, як гэта можа выглядаць.
— Радыё ў кіно мы ўжо бачылі ў вашым фільме “Радыёкропка”. Ці “ўбачым” мы кіно на радыё?
— Гаварыць пра гэта на радыёстанцыі Unistar, дзе я працую, але дзе ўжо працуе і кінакрытык Ігар Сукманаў, які шмат у чым адкрыў для мяне свет кіно, па меншай меры няёмка. Бо, у любым выпадку, Ігар разбіраецца ў кіно значна лепш за мяне. Мае разважанні пра кіно ў параўнанні з ягонымі будуць проста дылетанцкімі. Але ж ад сябе, як ад вядучага інфармацыйных праграм, імкнуся даваць у эфіры як мага больш навін пра кіно, у тым ліку і пра айчыннае. А ў ідэале я, канешне, хацеў бы спалучаць работу на радыё з рэжысёрскай практыкай.
— Дзякуй, Саша, за размову. Будзем чакаць вашых новых фільмаў. 

Гутарыла Настасся ЗМІТРОВІЧ