Чытач — Газета — Міністэрства

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Да вас звяртаюцца работнікі аддзела культуры Хоцімскага райвыканкама Магілёўскай вобласці. Цягам шэрагу гадоў аддзелу культуры выдзяляліся грашовыя сродкі на правядзенне проціпажарных мерапрыемстваў. Аднак, зыходзячы з аналізу, асноўная частка фінансаў выдаткоўвалася на абсталяванне аб’ектаў культуры сродкамі пажарнай сігналізацыі і яе тэхнічнае абслугоўванне. Фактычна ўсе аб’екты з масавым знаходжаннем людзей аснашчаны сродкамі АПС, за выключэннем чатырох сельскіх клубаў, якія размешчаны ў маланаселеных вёсках (у некаторых з іх жыве да 50 чалавек, і масавага наведвання ва ўстановах культуры там няма). Але, нягледзячы на гэта, супрацоўнікамі МНС складаюцца прадпісанні і адміністратыўныя пратаколы за адсутнасць сігналізацыі. Растлумачце, калі ласка: ці патрэбна сігналізацыя на такіх аб’ектах? У аддзеле культуры маюцца аб’екты, такія, як сельскія бібліятэкі, якія таксама абсталяваны сродкамі АПС. Ці патрэбна сігналізацыя ў бібліятэках, што, напрыклад, наведвае ўсяго 50 чытачоў (наведвальнасць іх у суткі складае 3— 4 чалавекі ў розны час дня, масавых мерапрыемстваў там не праводзяць)?

На пытанне адказваюць супрацоўнікі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння:

- Паведамляем, што да кожнага СДК вёсак Іванаўка (знаходзіцца ў межах г. Хоцімска), Ельня, Максімаўка, Бяседавічы, паводле інфармацыі сельвыканкамаў, прыпісана каля 400 грамадзян, якія дасягнулі ўзросту, што дазваляе ім удзельнічаць у выбарах. Акрамя таго, ёсць непаўналетнія, дзеці школьнага і дашкольнага ўзросту. Зыходзячы з гэтага, тлумачым, што, у адпаведнасці з патрабаваннямі "Агульных правілаў пажарнай бяспекі для грамадскіх будынкаў і збудаванняў. ППБ 1. 04 - 2002", усе аб'екты павінны забяспечвацца тэхнічнымі сродкамі проціпажарнай абароны (далей - ТСППА). Рэалізацыя гэтых патрабаванняў прад'яўляецца паводле Дзяржаўнага стандарту 12. 4009. "Сістэма стандартаў бяспекі працы. Пажарная тэхніка для засцярогі аб'ектаў".

Правілы пажарнай бяспекі для ўстаноў культуры "ППБ 2. 12 - 2002" адносяць будынкі і аб'екты культуры (у тым ліку і бібліятэкі) да класаў функцыянальнай бяспекі Ф- 2 без пазначэння колькасці асоб, што іх наведваюць. Разам з тым, гэты клас вызначае ўкараненне аўтаматычнай проціпажарнай абароны або капітальны рамонт ТСППА, якія маюцца.

У планах працы бібліятэк адлюстраваны такія масавыя мерапрыемствы, як чытацкія канферэнцыі, абмеркаванне артыкулаў перыядычных выданняў, гучныя чытанні, правядзенне адзіных дзён інфармавання ды іншыя, што дазваляе лічыць іх аб'ектамі з масавым знаходжаннем людзей.