Залічаны! або Хто ты, першакурснік-2010?

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Тыдні хваляванняў скончыліся для абітурыентаў, якія абралі сваім шляхам навучанне ў ВНУ культуры і мастацтва: уступная кампанія ў іх завяршылася. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў залічылі ў шэрагі першакурснікаў творчую моладзь з усёй краіны. Карэспандэнт “К” пабываў на залічэннях абітурыентаў і разам з імі даведаўся пра яго вынікі, а таксама некаторыя цікавыя моманты ўступнай кампаніі.

Універсітэт культуры: як схапіць удачу за хвост?

Самы напружаны момант - калі рэктар універсітэта, выкладчыкі збіраюцца ў адной зале з будучымі студэнтамі і з тымі, каму менш пашанцавала, ды абвяшчаюць вынікі. Седзячы побач з абітурыентамі БДУКіМ, адчувала, як яны ўсе прагнуць зайсці ў гэты універсітэт у верасні ўжо ў якасці студэнтаў.

Настасся Кароткая і Ганна Сапроненка будуць вучыцца на спецыяльнасці "Народная творчасць (Харавая музыка народная)": першая - на дзённым, другая - на завочным аддзяленні. Абедзве - выхаванкі Мінскага дзяржаўнага музыкальнага вучылішча імя М.Глінкі. Настасся кажа, што для яе канкурэнцыя была вельмі вялікай, бо шмат абітурыентаў паказалі добрыя даныя. "Хаця ў вучылішчы мне далі выдатную базу, мела сумненні: ці спраўлюся? Паступала шмат маладых людзей з дыпломамі ССНУ. І цяпер яшчэ не верыцца, што буду хадзіць за ведамі сюды, а не да выкладчыкаў, да якіх ужо прызвычаілася. У мяне ёсць мэты, свае задумкі на будучыню, спадзяюся, што змагу іх рэалізаваць. Ведаю, што тут вельмі шмат увагі надаюць практыц/i/content/pi/cult/280/4398/3-1.jpgы вакалу, гэта для мяне добра".

Ганна Сапроненка трапіла на завочнае, вучобу яна будзе сумяшчаць з працай... у Нацыянальным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча. "Крыху сумна, што я не адчую напоўніцу студэнцкага жыцця, не пабуду шмат у аўдыторыях. Таму асаблівай узрушанасці не адчуваю, - кажа яна. - Да таго ж, была ўпэўнена, што паступлю, экзамены даліся лёгка". На 10 бюджэтных месцаў, прадугледжаных гэтай спецыяльнасцю на завочнай форме навучання, абітурыенты падалі 31 заяву, але экзамены здалі толькі 23 чалавекі. Што ж, сапраўды: спраўляюцца - мацнейшыя!

Былі ва ўступнай кампаніі БДУКіМ і нестандартныя выпадкі: дзяўчына, якая набрала найвышэйшы бал па выніках экзамена, раптоўна... забрала дакументы. На жаль, далейшы яе абітурыенцкі шлях адсачыць не змаглі. Пэўна, не хацелася універсітэту губляць такую разумную студэнтку. Шмат адрэналіну адчулі два абітурыенты спецыяльнасці "Мастацтва эстрады (Інструментальная музыка)": яны мелі паўпрахадны бал, і на падставе адзнак за іспыты і атэстата патрэбна было выбраць лепшага. Чатыры дзесятыя бала прынеслі поспех Аляксею Юрэнку, хаця ён атрымаў на іспытах дзве "васьмёркі" і "чацвёрку". Хлопец выйшаў з залы шчаслівым: сапраўды, схапіў удачу за хвост.

Акадэмія мастацтваў: сёлета і рэжысёры

Прарэктар па вучэбнай рабоце Акадэміі мастацтваў Лідзія Бярозкіна кажа, што вельмі сумна на залічэнні назіраць "трагедыі" моладзі: камусьці не хапіла паловы бала, камусьці - яшчэ менш, і абітурыенты ўспрымаюць гэта надзвычай эмацыйна. У гэтым годзе ў Акадэмію падалі прыкладна на 50 заяў больш, чым у мінулым. На спецыяльнасць "Акцёрскае мастацтва (Драматычны тэатр і кіно)" конкурс склаў больш за 10 чалавек на месца, на "Дызайн графічны" хацелі паступіць 50 чалавек, а месцаў было ўсяго 6. "Нечакана высокі конкурс мелі на "Жывапіс (станковы)" - чатыры чалавекі на месца, хаця раней быў удвая меншы, - адзначае Лідзія Бярозкіна. - Для паступлення сюды патрэбна сур'ёзная падрыхтоўка, звычайна - у вучылішчы або каледжы, і колькасць ахвотных стаць мастакамі штогод аказвалася стабільная".

 Пасля трохгадовага перапынку маладыя людзі атрымалі магчымасць паступіць вучыцца на спецыяльнасць "Рэжысура мастацкага фільма". Сем студэнтаў будуць асвойваць гэтую складаную прафесію разам з кіраўніком курса - вядомым рэжысёрам, актрысай, сцэнарыстам Маргарытай Касымавай. Абітурыенты пазнаёміліся з ёй пад час экзаменаў. Тыя, хто прайшоў конкурс 4,8 чалавека на месца, з нецярплівасцю чакаюць верасня. Дарэчы, платнай формы навучання на гэтую спецыяльнасць не існуе, бо сродкі на такую адукацыю - вельмі вялікія: зрабіць 10 - 12-хвілінны фільм на нашай кінастудыі для курсавой работы каштуе больш за 50 мільёнаў рублёў.

Акадэмія музыкі: сола для...

 Новыя першакурснікі Акадэміі музыкі, якія набралі найбольшую колькасць балаў, шчыра радуюцца свайму поспеху. Трамбаніст Сцяпан Мацюк з Баранавічаў, за плячыма якога- Дзяржаўнае музычнае вучылішча роднага горада, адзначае, што пад час уступных экзаменаў атмасфера была даволі напружаная: 18 чалавек прэтэндавалі на 13 месцаў, і ўсе яны здалі прадметы па спецыяльнасці на "дзевяткі" і "васьмёркі". Усё залежала ад таго, якія будуць вынікі на іншых іспытах, і да апошняга ніхто не ведаў, каму ж усміхнецца фартуна.

"Я чатыры гады жыў гэтым момантам, увесь час чакаў толькі аднаго: паступіць,- кажа ён. - Поспехі мае пачаліся яшчэ ў музычнай школе: перамагаючы ў конкурсах, пачынаў разумець, што мяне чакае кар'ера, звязаная з музыкай. Тое ж самае прадказвалі і тыя, хто мяне акружаў. А калі даведаўся пра адзнаку за апошні экзамен, не мог стрымаць радасці! Гэта было вялікае шчасце і для маіх педагогаў, і для родных, сяброў, знаёмых. У будучыні, яшчэ пад час вучобы ў Акадэміі, я хацеў бы працаваць у Дзяржаўным сімфанічным аркестры, аркестры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета або ў Прэзідэнцкім аркестры. Вельмі хачу пабываць на гастролях за мяжой, быць паспяховым творчым чалавекам, падарыць любоў да музыкі ўсім".

 Піяністка Кацярына Савіцкая з Маладзечна пачала сваю музычную адукацыю з сямі гадоў. "Пасля шмат працы ўклаў у мяне мой педагог - дырэктар Гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі Андрэй Калядзіч, якому я вельмі ўдзячная, - распавядае дзяўчына. - Цяпер стаўлю для сябе высокія планкі: мару стаць канцэртмайстрам, набыць папулярнасць, прызнанне публікі. Мая мэта- атрымаць прафесійную класічную адукацыю, але мне цікавыя і новыя павевы. Больш за ўсё люблю музыку мінулага стагоддзя: Пракоф'ева, Шастаковіча, Рахманінава, падабаецца таксама Шапен. Хацелася б пажадаць тым, хто будзе паступаць у Акадэмію ў наступным годзе, упэўнена ісці сваім шляхам і абавязкова верыць у свае сілы!"

 ■ ■ ■

 Можна не сумнявацца, што ўсе гэтыя амбіцыйныя маладыя людзі дасягнуць вялікага поспеху і вядомасці. А іх alma mater дасць магчымасць для самавыяўлення яшчэ пад час вучобы. Таму - наперад, першакурснікі-2010!  

Дарэчы

Нядаўна пяцёра лепшых студэнтаў кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Акадэміі мастацтваў стварылі мазаікі для самага вялікага праваслаўнага храма ў Польшчы - царквы Святога Духа. Чатыры мазаікі са смальты, якія вырабілі чацвёртакурсніцы і трэцякурснікі ўстановы цягам трох месяцаў, прыемна ўразілі жыхароў Беластока, дзе знаходзіцца храм. Кіраваў гэтым праектам загадчык кафедры Уладзімір Зінкевіч. Чакаецца, што ўзаемнае беларуска-польскае супрацоўніцтва будзе працягвацца

. Тым часам

Старт для развіцця

Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў быў абвешчаны чарговы конкурс стыпендый Фонду Марыі Шарапавай. Пра гэта "К" паведамілі каардынатары Праграмы развіцця Арганізацыі аб'яднаных нацый у Беларусі.

 Згаданыя мэтавыя стыпендыі - сумесная ініцыятыва Фонду і Праграмы развіцця ААН. З ёй тэнісістка супрацоўнічае ў якасці пасла добрай волі. Гэтыя сродкі дапамогуць падтрымаць таленавітую моладзь з раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

 Як і летась, прэтэндаваць на стыпендыю могуць залічаныя на дзённую форму навучання першакурснікі БДАМ, а таксама студэнты гуманітарнага факультэта БДУ па спецыяльнасці "Дызайн". Яны павінны мець статус асоб, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, і не менш за 10 гадоў пражываць на тэрыторыі тых раёнаў Брэстчыны, Гомельшчыны ды Магілёўшчыны, якія закранула чарнобыльская навала. Заяўкі прымаюцца да 31 жніўня. Па выніках першага этапа адборачная камісія сфарміруе спіс з 10 прэтэндэнтаў, а канчатковыя вынікі Фонд падвядзе не пазней за 1 кастрычніка 2010 года.

Нагадаем, што імёны першых лаўрэатаў стыпендый былі абвешчаны летась. А 1 ліпеня гэтага года пад час свайго наведвання Гомельшчыны Марыя Шарапава сустрэлася са стыпендыянткамі.