“Еўрабачанне” пад белымі крыламі

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

У спякотным ліпені думкі пра даждлівы лістапад часцей за ўсё, відаць, наведваюць арганізатараў дзіцячага “Еўрабачання”, якое пройдзе ў Мінску. Бо ў іх замест традыцыйных летніх адпачынкаў — самыя гарачыя дзянькі.

На сёння ўжо вызначаны краіны-удзельніцы (іх 14 - на адну больш, чым летась), завершаны кастынг "Стань тварам дзіцячага "Еўрабачання" (пераможцамі яго сталі 11 чалавек), зроблены праект дызайну сцэны.

Вельмі хутка мінскія вуліцы ўпрыгожаць білборды з выявамі ўдзельнікаў дзіцячага "Еўрабачання-2010", а таксама спецыяльна абранымі "тварамі" тэлешоу. Па ўмовах, прапанаваных Нацыянальнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі, сярод абраных павінны былі апынуцца як вядомыя беларусы, так і простыя жыхары нашай краіны. Сярод зорак - найперш, беларускія ўдзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" розных гадоў: Ксенія Сітнік, Аляксей Жыгалковіч, Аліна Молаш, Даша Надзіна, Юрый Дземідовіч, тэлевядучы Дзяніс Кур'ян.

Ды ўсё ж галоўным выпрабаваннем для "твараў "Еўрабачання" стаў не столькі сам адбор, колькі ўласна фотасесія. Бо ўсе яны, нягледзячы на "зорнасць" і ўзрост, здымаліся ў час скокаў на батуце, дэманструючы стан вольнага, лёгкага палёту. Ну, а крыльцы, што сталі лагатыпам конкурсу, ім дамалююць асобна.

 Крыльцы будуць і на сцэне, прычым і як лагатып конкурсу, і як сімвал нашай "зямлі пад белымі крыламі". Як прызнаўся пад час прэзентацыі праекта дызайнер сцэны Ульф Мартэнсан, яму хацелася ўвасобіць у сваёй працы нацыянальныя асаблівасці Беларусі.