“...Карані” ў Паланзе

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Міжнародны фестываль “Беларускія карані” адбудзецца ў літоўскай Паланзе 6 — 8 ліпеня. У ім прымуць удзел айчынныя і літоўскія папулярныя спевакі.

/i/content/pi/cult/280/4393/2-4.jpg

Конкурс арыентаваны на моладзь да 25 гадоў, і галоўная яго мэта - паказаць жыхарам Літвы беларускіх выканаўцаў, паведамілі "К" у Беларускім цэнтры турызму і аздараўлення ў Вільнюсе, які выступіў з ініцыятывай арганізаваць гэтае свята музыкі і спеваў.

 Удзельнічаць у ім можа любы выканаўца (не мае значэння, у якой з дзвюх дзяржаў ён жыве), што мае беларускія карані і прысвяціў нашай краіне сваю песню. Можна выконваць твор і беларускага аўтара. Таксама дазваляецца прадэманстраваць любую песню па ўласным жаданні. Пераможца атрымае грашовую прэмію. Як паведамілі арганізатары, у склад журы ўвойдуць вядомыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі і Літвы.

Дарэчы, фестываль падтрымліваюць Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Пасольства нашай краіны ў Літве.

Беларускі цэнтр турызму і аздараўлення ў Вільнюсе адкрыўся ў сакавіку гэтага года. Яго дырэктар Валянціна Шымуконіс, ураджэнка Віцебшчыны, вырашыла стварыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб беларусы і літоўцы больш ведалі адно пра аднаго. Акрамя турыстычных паездак у санаторыі дзвюх краін, чакаецца, што будуць арганізаваны шматлікія акцыі і фестывалі. Так, восенню плануецца правесці міжнародны спартыўны фестываль.