Нясвіжская сустрэча

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

27 ліпеня прэм’ер-міністры Беларусі і Літвы Сяргей Сідорскі і Андрус Кубілюс сустрэліся сёння ў Нясвіжы. Сустрэча адбылася ў рамках велапрабегу групы літоўскіх палітыкаў па гістарычных мясцінах ВКЛ.

/i/content/pi/cult/280/4392/2-3.jpg

Нагадаем, у час сустрэчы літоўскага Прэм'ер-міністра з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам напрыканцы чэрвеня Андрус Кубілюс праінфармаваў аб сваіх планах здзейсніць веласіпедную паездку па нашай краіне. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў гэтую прапанову і абяцаў аказаць неабходную падтрымку.

 І вось, 27 ліпеня на конным экіпажы кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін прагуляліся па горадзе, агледзелі помнік архітэктуры Слуцкую браму, Фарны касцёл і магільны склеп князёў Радзівілаў. Пабывалі яны і ў замку роду Радзівілаў.

Адказваючы на пытанні журналістаў аб уражаннях ад падарожжа па Беларусі, Андрус Кубілюс заўважыў: "У мяне вельмі добрыя ўражанні. Мы выбралі вельмі добры маршрут. Мы задаволены згодай Прэм'ер-міністра Беларусі арганізаваць для нас такі адпачынак".

 Ён таксама падкрэсліў, што, "наведваючы такія мясціны, як тут, у Нясвіжы, адчуваеш подых гісторыі - гісторыі, якая стваралася на працягу соцень гадоў".

"Мы рады магчымасці бачыць гэтую гісторыю, задаволены сваім адпачынкам", - сказаў Андрус Кубілюс.

 Сяргей Сідорскі таксама адзначыў, што любіць наведваць гістарычныя мясціны. Ён нагадаў, што ў Беларусі шмат робіцца для аднаўлення гістарычных збудаванняў, помнікаў. Адказваючы на пытанне аб магчымасці ўдзелу ў велапрабегу і пра тое, калі апошнім разам ён катаўся на веласіпедзе, беларускі Прэм'ер адзначыў: "На веласіпедзе я езджу амаль кожны дзень. Нямнога, але езджу".

"На жаль, аналагічныя мясціны ў Літве апошнім разам я наведваў яшчэ ў савецкія часы", - пашкадаваў беларускі Прэм'ер.

Таксама ў гэты дзень кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Літвы абмеркавалі шэраг пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.

Паводле паведамленняў БелТА