“… Твая краса, Мядоччына — малечых вёснаў грай”

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Квітнеючым вясновым днём у знакамітай ужо вёсцы Мётча на Барысаўшчыне адзначалі 10-годдзе ўзорнага фальклорнага гурта “Берагіня” і распрацоўкі яго кіраўніком Міколам Козенкам праграмы “Традыцыйная культура і дзеці”, падтрыманай Міністэрствам культуры. Калі дакладней, дык юбілей можна было адзначыць і крыху раней, але ў дадзеным выпадку адлік зроблены з таго часу, калі ў працы па рэалізацыі праграмы з’явіліся першыя станоўчыя вынікі. Мётчанская сярэдняя школа-дзіцячы садок з этнаграфічным ухілам сустрэла дзіцячымі ўсмешкамі і спецыяльна падрыхтаванай выстаўкай дэкаратыўна-прыкладных вырабаў школьнікаў, сярод якіх асабліва ўражвалі адметныя лялькі ў нацыянальным стылі і зробленыя па традыцыйных матывах ручнікі. Гэты невялікі, але прыгожы вернісаж — плён заняткаў з вучнямі настаўніцы працы Зінаіды Паўлавец, касцюмераў “Берагіні” Ніны Бойка і Інэсы Абрамовіч.

У музеі “Берагіні”, што ўяўляе сабой нешта сярэдняе паміж этнаграфічнай гасцёўняй і метадычным кабінетам, можна пабачыць і выдадзеныя па рабоце гэтага калектыву кнігі, і галерэю партрэтаў тых, каго берагінцы лічаць выбітнымі дзеячамі ў сферы традыцыйнай культуры і народнага мастацтва. Побач з такімі знакамітасцямі, як Генадзь Цітовіч, Лідзія Мухарынская, Зінаіда Мажэйка, Яўген Сахута, — вясковая жанчына Аўгення Грук, якая перадала берагінцам асабліва шмат аўтэнтычных танцаў, песень, вусных народных твораў ды і свой досвед народнай педагогікі. На жаль, Аўгення Іванаўна нядаўна пайшла з жыцця. Але намаганнямі навукоўцаў, што супрацоўнічаюць з “Берагіняй”, і кіраўнікоў калектыву артыкул пра гэтую выбітную жанчыну ўнесены ў энцыклапедычнае выданне “Беларускі фальклор”. Нагадаю, усяго мядоцкая “Берагіня” вывучыла мастацкі досвед каля 20 носьбітаў аўтэнтыкі з Мётчы і наваколля.
Тут, у музеі “Берагіні”, узгадвалі, як усё пачыналася. А з чаго пачыналася? Магчыма, пачатак трэба лічыць яшчэ ад Надзеі Сіўко — стваральніцы першага беларускага буквара, якая ў свой час працавала ў гэтай школе. А мо і ад настаўніцы Галіны Палонік, што адпрацавала тут 29 гадоў, а ў пачатку 90-ых стварыла гурток “Вытокі”, які недарэмна ўзгадваюць і дасюль.
— Але шкада, — гаварыла Галіна Станіславаўна, — што не давялося мне папрацаваць крыху даўжэй.
На той момант вельмі мала было матэрыялаў пра беларускі фальклор, не хапала сцэнарыяў. Калі ж, перад пенсіяй ужо, я назірала за тым, як працуе ў нашай школе Мікола Козенка, дык гэта надзвычай уражвала.
— Мы як сляпыя былі, — прадоўжыла размову другі кіраўнік “Берагіні” Антаніна Абрамовіч. — Жылі ў асяродку носьбітаў традыцыйнай культуры і… шукалі сцэнарыі ў кніжках. Мікола Аляксеевіч навучыў таму, што трэба паглядзець вакол сябе, што ўсё найбольш каштоўнае знаходзіцца побач.
Яшчэ адзін аспект раскрыцця творчых здольнасцей дзяцей атрымаў больш канцэптуальнае выяўленне з прыходам у школу маладога настаўніка геаграфіі Дзмітрыя Абрамовіча, які зараз працуе дырэктарам Мётчанскай сярэдняй школы-садка. Іншым разам школьныя настаўнікі ў сваёй працы арыентуюцца найперш наздольных вучняў, здараецца і так, што, калі бацькі дзіцяці займаюць значную пасаду, дык і да сына ці дачкі стаўленне лепшае. А калі дзіця з так званай недабранадзейнай сям’і?
— Надзвычай важна, — лічыць Дзмітрый Аляксандравіч, — каб аднолькавую ўвагу і магчымасць развіцця сваіх здольнасцей мелі ўсе дзеці да аднаго. Бо кожны з іх — непаўторны ў свеце!
А што да ўласна этнашколы, дык на сённяшні дзень у краіне існуе два яе тыпы — на падставе тэатралізаванага засваення абагульненых форм фальклору і мётчанская — скіраваная найперш на мясцовую традыцыю і на тое, каб дзеці адчувалі сябе ў фальклорным асяродку абсалютна натуральна. На завучаныя яго формы можна ў нейкі момант і забыцца. А калі дзіця авалодала, да прыкладу, народнай манерай вуснага расповеду, дык яно, нават і пра нешта забыўшыся, натуральна і лёгка працягвае тэму. Што, дарэчы, у гэты дзень прадэманстравала, прытым выдатна, падчас канцэрта ўдзельніца “Берагіні” Ганна Кудрашова.
Як паказалі “Мядоцкія чытанні”, на ідэю этнавыхавання працуе літаральна ўся школа. Настаўнікі, дзелячыся сваім досведам, прыводзілі прыклады таго, як можна выкарыстоўваць народную культуру ў навучальным працэсе па самых розных дысцыплінах, як уводзіць у яго больш натуральную, жывую беларускую мову. Да прыкладу, вітаючыся на пачатку ўрока, большасць настаўнікаў кажа дзецям прывычнае: “Дзень добры!”. А чаму б не сказаць і “Добрага ранку!”, “Добры дзень!”, “Хай вам Бог дае!”? Чаму б не звярнуцца “Мая ты вумнічка, мая разумнічка!”, “Дзякуй табе за добрае слова!” ці, напрыклад, “Хадзі да мяне, мой каточку”?
Аказваецца, фальклорныя тэксты можна засвойваць нават і на ўроках матэматыкі. На ўроках жа беларускай мовы і літаратуры магчымасці выкарыстоўваць гэтую тэму ўвогуле неабмежаваныя.
Яркім і запамінальным быў даклад на “Мядоцкіх чытаннях” завуча па выхаваўчай рабоце Алены Крачкоўскай. Яна вучыць дзяцей ствараць радаводы сваіх сем’яў да чацвёртага-пятага калена, веданню народнага календара. Да мінулагодніх чытанняў Алена Валер’еўна прааналізавала вясковыя мянушкі — гэта значыць смешнае ў мясцовай традыцыйнай культуры. На гэты раз тэмай яе даследавання сталі імёны вяскоўцаў, што прыводзяцца ў сямейных радаводах вучняў 7-га класа. Як працяг тэмы павагі да свайго роду, Алена Крачкоўская ўзгадала ўласнае дзяцінства і сваіх бабуль — Зосю з вёскі Падасінаўка і Зіну. Цалкам упісваўся ў тэму чытанняў досыць грунтоўны даклад па геаграфіі, этнаграфіі і гісторыі Мядоцкага краю, які пры дапамозе дырэктара школы падрыхтаваў 9-класнік Ілля Абрамовіч.
Навуковыя ацэнкі, прытым вельмі высокія, этнаграфічнаму выхаванню ў Мётчанскай школе далі навукоўцы — галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філасофіі Уладзімір Конан, прафесар БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук Аляксей Рагуля, — старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАНБ, кандыдат мастацтвазнаўства Тамара Варфаламеева.
— Калі прааналізаваць, што ў аснове выхаваўчага працэсу ў Мётчы, — падкрэсліваў Аляксей Рагуля, — дык аснова — не што іншае, як эстэтычны густ. Застыламу, акадэмічнаму ўяўленню аб прыгажосці ў дадзеным выпадку супрацьпастаўляецца эстэтыка жыцця, светапогляд, які бярэ пачатак ад Гётэ і нямецкіх рамантыкаў. Яшчэ адна асаблівасць падыходу да ўспрымання жыцця з боку мётчанскай інтэлігенцыі — у дыхтоўнасці, што азначае “Хараство там, дзе лёгка дыхаецца”.
Вынікі мастацкага выхавання ў Мётчы можна было пабачыць падчас канцэрта, на якім выступілі ўсе групы дзяцей, пачынаючы ад калектыву з дзіцячага садка “Зярняткі” і заканчваючы старэйшымі — “Берагіняй”. Здольнасці некаторых з гэтых дзяцей, адзначалі спецыялісты, такія, што, пры жаданні, яны змогуць у будучым працаваць у сферы мастацтва. А хтосьці проста выкарыстае атрыманыя ў этнашколе навыкі ў побыце, у дарослым жыцці.
Урэшце, трэба было бачыць радасць і задавальненне ў дзіцячых вачах, калі яны танчылі і спявалі на гэтым канцэрце — не на публіку, а проста самавыяўляючыся.
Выступленне “Берагіні” праходзіла ў форме вясковых вячорак. Пры гэтым дзеці ўцягнулі ў танец і дырэктара школы, і намесніцу начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Аксану Тарасевіч.
У разняволенасці мядоцкіх школьнікаў і іх здольнасці да самарэалізацыі я ўпэўнілася, калі папрасіла, каб яны выйшлі на вуліцу сфатаграфавацца. Берагінцы ўмомант высыпалі на школьны двор. І не паспявала я вызначыць чарговы варыянт экспазіцыі, як дзеці тут жа “праводзілі ідэю ў жыццё”, дадаючы яшчэ свае прапановы. Так што хто з нас арганізоўваў здымку — я ці яны, гэта яшчэ пытанне.

Наталля РУСАК,
наш спец.кар.
Мінск — Барысаўскі раён — Мінск
Фота аўтара 

Узорны фальклорны гурт “Берагіня”.