Толькі тузін умельцаў

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Нядаўна вёска Гарадная ператварылася ў сталіцу ІІ Міжнароднага пленэру ганчароў. Сёлета яго ўдзельнікамі сталі майстры з дзевяці краін свету.

/i/content/pi/cult/278/4389/12-7.jpg

Нагадаем, вёска Гарадная з глыбокай старажытнасці славілася ганчарнай вытворчасцю. Гэтаму спрыялі залежы выдатных, высокага гатунку, тугаплаўкіх глін. Найбольшы росквіт рамяства прыпадае на канец ХІХ - першую палову ХХ стагоддзя, калі ў вёсцы працавала амаль 500 ганчароў.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ганчарны промысел значна скараціўся: многія не вярнуліся з фронту, іншыя знайшлі занятак у выязных будаўнічых брыгадах... Аднак, дзякуючы сямейным традыцыям, промысел захаваўся да нашых дзён. Цяпер рамяством займаюцца каля 12 вяскоўцаў. Гарадная ж з'яўляецца адзінай у Беларусі вёскай, дзе дагэтуль вырабляюць гліняны посуд і стараюцца перадаць нашчадкам сакрэты няпростага рамяства.

 Для зберажэння і развіцця народных рамёстваў у 2003 годзе ў вёсцы быў створаны Цэнтр ганчарства. Тут працуюць два класы - ганчарства і глінянай свістулькі, праходзяць практыкумы і майстар-класы.

У 2008 годзе на базе Цэнтра ганчарства адбыўся Першы Міжнародны пленэр ганчароў, удзел у якім узялі майстры з шасці краін свету.../i/content/pi/cult/278/4389/12-8.jpg

Пад час сёлетняга пленэру ганчары абменьваліся вопытам, праводзілі майстар-класы і дэманстравалі ўсе этапы ганчарнага працэсу (перапрацоўка гліны, выраб посуду на ганчарным крузе, сушка і абпал гатовай прадукцыі). Для гасцей была зладжана праграма адпачынку: знаёмства з Цэнтрам ганчарства і вечар-сустрэча з патомнымі ганчарамі вёскі Гарадная, паездкі на Фестываль сярэднявечнай культуры ў Камянец, у Белавежскую пушчу і наведанне Музея народнай культуры "Бездзежскі фартушок". Удзельнікі пленэру пабывалі ў Столінскім раённым краязнаўчым музеі, пазнаёміліся з творчасцю знакамітага разьбяра па дрэве Івана Супрунчыка з Цераблічаў і маладога мастака Сяргея Місюна. У адзін з дзён сталіцу ганчароў наведаў маладзёжны фальклорны калектыў "Жэмэрва" з Польшчы.

Завяршыў праграму ІІ Міжнароднага пленэру ганчароў Гараднянскі кірмаш рамёстваў. Адбыліся выстаўка работ майстроў народнай творчасці раёна, вобласці, а таксама пленэрыстаў, майстар-класы ганчароў, прайшлі прэзентацыі аб'ектаў аграэкатурызму.

Галіна ГАШЧУК Фота Уладзіміра ЖЫЛЕВІЧА На здымках: удзельнікі пленэра В.Логвін і А.Дурда.