“Курган” найвышэйшага пілатажу

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

“Progressive”. Менавіта гэткім чынам, ёміста і дакладна, вызначаны жанр твора народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі Ігара Лучанка “Гусляр” у выкананні “Песняроў” на адным з заходніх яго перавыданняў. Слова тое, па сутнасці, і канцэптуальная адзнака ўсяго напрамку, у якім развівалася творчасць легенд айчыннай музыкі— кампазітара і ансамбля. Нездарма альбом уваходзіць у сусветную дваццатку работ у стылі progressive-rock. Днямі ўвазе слухачоў была прапанавана найноўшая інтэрпрэтацыя Купалавага “Кургана”: пад такой назвай выйшаў дыск з рок-операй, над якім працавала творчае аб’яднанне “Спадчына” пад кіраўніцтвам Андрэя Скарынкіна. Дарэчы, менавіта гэты твор стане адной з дамінант святкавання Дня беларускага пісьменства ў Хойніках. На гэтым тыдні мы запрасілі галоўных дзейных асоб новага праекта ў рэдакцыю “Культуры”. Тут завязаўся дыялог Ігара ЛУЧАНКА і Андрэя СКАРЫНКІНА пра “Курган”, “Гусляра” і… фігуры вышэйшага пілатажу.

/i/content/pi/cult/278/4384/13-1.jpg

Андрэй СКАРЫНКІН:

- Упершыню пачуў "Гусляра" ў выкананні "Песняроў" у 1979-м, а партыю галоўнага персанажа пачаў выконваць недзе з 1980-га, калі дома з'явіўся вось гэты вінілавы дыск. Дзякуючы плытцы стаў вывучаць Купалаву спадчыну: нават не чытаючы ягоных кніг, я ведаў на памяць усю паэму "Курган". А партыя Гусляра прывабіла тым... Хаця на той час, мусіць, не змог бы даць дакладны адказ на гэтае пытанне. Мне яе хацелася проста спяваць, слухаць.

 Ігар ЛУЧАНОК:

- У гэтай партыі - дванаццаць купалаўскіх чатырохрадкоўяў, якія сапраўды вельмі шмат чаго трымаюць на сабе ў творы і ў музычным, і ў сэнсавым планах.

Андрэй СКАРЫНКІН:

 - Між іншым, якраз з "Гусляром" у мяне звязаны вось якія ўспаміны. У 1980-м, пасля заканчэння школы, я паехаў паступаць у Сасаўскае лётнае вучылішча. А перад гэтым бацька павёз мяне ў адпачынак у Сухумі, на мора. І кожны вечар я не даваў спаць яму, распяваючы гэтую самую арыю. Не верыце? (Усміхаецца.) Можаце спытацца ва Уладзіміра Максімавіча (Паэт і перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Скарынкін. - С.Т.). З тым жа творам выступаў на канцэртах самадзейнасці і ў час навучання. Калі ў нас не было палётаў, кшталтавання фігур вышэйшага пілатажу, мы чакалі спрыяльнага надвор'я па асобных палатках. І аднойчы я пачаў спяваць сваё любімае месца з "Гусляра". Вярнуўшыся ў карпусы, прадстаўнікі ўсяго шматнацыянальнага складу пыталіся: "Што гэта за песня? На якой мове? Хто спяваў?" Па самой экспрэсіі яны адчувалі: гэта народны спеў, тут Спартак сапраўдны...

Ігар ЛУЧАНОК:

- А ў мяне апошняя асацыяцыя з "Гусляром" зусім свежая. Летась чатыры дні быў у Вене разам са спеваком Уладзімірам Правалінскім. І ўвесь горад тады спяваў: "Помнит Вена, помнят Альпы и Дунай..." - маю з Міхаілам Ясенем песню. Ведаеце, нараджэнне твора ў любога мастака, паэта, кампазітара - працэс няпросты. І чамусьці "Майскі вальс" нагадвае мне пакуты стварэння "Гусляра". Так, калі паўстагоддзя таму паўстала яго першая версія ў якасці маёй дыпломнай работы, на нашым музычным небасхіле не было Уладзіміра Мулявіна - лідэра не толькі "Песняроў", але і лідэра ў больш шырокім сэнсе - на эстрадзе. Захаваліся запісы пачатковага варыянту ў выкананні хору Беларускага радыё, аркестра пад кіраўніцтвам Барыса Райскага, пасля з'явіліся другая і трэцяя спробы ўвасаблення купалаўскай паэмы. І вось нарэшце - "Песняры". А сёння перад намі - новая версія. Але гэта не канец гісторыі твора! Бо тэма яго - барацьба дабра са злом - адвечная. І я рады, што да новай работы падключылася менавіта моладзь.

 Андрэй СКАРЫНКІН: 

- І сёння, калі работа над дыскам завершана, перад намі - новая задача: увасобіць "Курган" на сцэне. Гэта, мяркуем, адбудзецца 5 верасня ў час гала-канцэрта Дня беларускага пісьменства ў Хойніках. Галоўны рэжысёр свята Ніна Осіпава надзвычай зацікаўлена ў такім элеменце для штогадовай падзеі. Мяркуем не толькі прадэманстраваць сам "Курган", але і падключыць харэографаў, танцавальныя калектывы. Урэшце, менавіта ў такі дзень сцэнічная прэм'ера будзе выглядаць найбольш сімвалічна. Сваёй працай мы паказалі: ёсць людзі і творы, якія перарастаюць так званыя аднадзённыя "кампазітарскія дзённікі". У "Кургане" кожны знойдзе штосьці для сябе: аматар паэзіі - глыбокую думку Янкі Купалы, меламан - шэраг цікавых момантаў і ў музыцы, і ў выканальніцкі/i/content/pi/cult/278/4384/13-2.jpgм майстэрстве. Перакананы: з выпускам альбома нават школьнікі новымі вачыма паглядзяць на магчымасці паэтычнага слова, вывучаючы творчасць Янкі Купалы.

 Ігар ЛУЧАНОК:

 - Дадам адну рэч, важную з музычнага пункта гледжання. У гэтым творы, акрамя Купалавага слова, ёсць - ме-ло-ды-я! Мелодыя, якую хочацца напець, паслухаць! Зрэшты, Андрэй, ты нездарма ў юнацтве вывучыў твор. Каб не было ў ім мелодыі, у цябе, перакананы, нічога не атрымалася б. Гэта, калі прыводзіць класічны прыклад, як Паланез Агінскага!..

Андрэй СКАРЫНКІН:

 - Якраз тую непаўторную мелодыю і патрэбна было падаць на пачатку ХХІ стагоддзя. Прапаноўваў увасобіць праект "Беларускім песнярам", Ігар Міхаілавіч - Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю "Песняры", але праз пэўны час я прыйшоў да высновы: трэба папрацаваць на заходні ўзор: сабраць каманду аднадумцаў для рэалізацыі канкрэтнага праекта. Далей усе займаюцца сваёй справай. Але калі мы захочам сабрацца разам зноў... Дык чаму б і не? А калектыў наш я назваў "Спадчына", бо і справа наша - ні больш ні менш - адраджэнне мінуўшчыны. Засяроджу ўвагу і яшчэ на адным: я паставіў задачу зрабіць лепш, чым было. Ці ўдалася задума - вырашаць слухачам. Адзінае... Партыя Гусляра, выкананая мной, пасля Мулявіна надзвычай складаная для ўвасаблення...

Ігар ЛУЧАНОК:

- Нездарма і назва песняроўскага твора - "Гусляр". Акцэнт змяшчаецца на гэтага персанажа...

Андрэй СКАРЫНКІН:

- Так, безумоўна. А той жа Анатоль Кашапараў спрабаваў увасобіць у адным творы і Князя, і Апавядальніка, прычым пад музыку, напісаную для партыі галоўнага героя - Гусляра. Таму я папрасіў Ігара Міхайлавіча дапісаць другую партыю Князя, і ў новай версіі Анатоль Ярмоленка выконвае дзве асобныя арыі гэтага персанажа.

Ігар ЛУЧАНОК:

- У тым ліку і з гэтай прычыны адчуваецца, што перад намі - не схематычны персанаж, а менавіта Князь, той які "па-княжацку ўсім і плачу, і люблю".

 Андрэй СКАРЫНКІН:

- У "Песняроў" маналог Гусляра перапыняўся словамі Князя, мы ж аднавілі радкі, скарочаныя ў свой час ансамблем. Была ўведзена цэласная роля Апавядальніка, якую бліскуча выканаў Валерый Анісенка. Зусім іншы накірунак сэнсавай базе твора надаў Сяргей Анцішын - наш Блэкмар са сваімі віртуознымі гітарнымі партыямі...

Ігар ЛУЧАНОК:

- Скажам, кал/i/content/pi/cult/278/4384/13-3.jpgі раней пасля слоў Князя гучала флейта Уладзіслава Місевіча, дык уявіце сабе зусім процілеглую, тэмпераментную, лінію гітары...

 Андрэй СКАРЫНКІН:

- Бліскуча выканаў лірычную партыю, якая пачынаецца словамі "Акалічны народ песні знаў Гусляра...", Ян Маерс. Раней яе спяваў Леанід Барткевіч. Наогул, абнаўленне складу выканаўцаў зноў-такі сведчыць пра вышыні, на якія мы замахнуліся. Таму не магу не адзначыць цудоўную працу ўсіх выканаўцаў! Той жа Валерый Дайнека праспяваў сваю партыю лепш, чым трыццаць гадоў таму. І я так мяркую, ды і ён кажа, усміхаючыся: "Я тады спяваў як сын, а цяпер - як бацька!" Кіраўнік жа арт-групы "Беларусы" Валерый Шмат увогуле закахаўся ў твор Лучанка і Мулявіна!

Ігар ЛУЧАНОК:

 - А доказам узроўню распрацоўкі матэрыялу - тыя некалькі дзесяткаў прафесіяналаў, што працавалі над дыскам. І склад наш, лічу, - магутны!

Андрэй СКАРЫНКІН:

- А напрыканцы скажу вось пра што. У вобразе Гусляра мне бачыцца біблейская асоба. Купала ў сваёй паэме не гаворыць пра гэта, ён не тэолаг. Але аналогія з Іаанам Хрысціцелем тут праглядаецца... Наогул жа, да ролі Гусляра патрэбна быць падрыхтаваным... І яшчэ. "Лет за сотню звёў час, ці і болей мо лет, // Зацвілі пераказы ў народзе". Гэта словы паэта. Сёння прайшло стагоддзе з часу напісання паэмы, і якраз да гэтай даты прымеркаваны выхад нашага дыска. Таксама сімвалічна. Таму як тут не паверыць класіку: "Курганы шмат чаго нам гавораць".

 Фота Юрыя ІВАНОВА

Дарэчы

"Будзе прэм'ера"

Андрэй СКАРЫНКІН:

- Па маёй просьбе Ігар Міхайлавіч напісаў песню на верш Янкі Купалы "Мая малітва" 1912 года:

Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе,

 І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы

Малюся я гэтаму сонцу на небе.

 І зоркам, што ночкай мігцяцца.

 Усім вядомыя апошнія радкі гэтага верша, якія, у відазмененым выглядзе, увайшлі ў песню Алега Молчана "Малітва":

Малюся я небу, зямлі і прастору,

Магутнаму Богу - усясвету малюся,

 Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору

 За родны заго/i/content/pi/cult/278/4384/13-4.jpgн Беларусі.

 Таму ў найбліжэйшы час варта чакаць прэм'еру новай песні Ігара Лучанка менавіта на той самы верш Янкі Купалы!

Дэталі

А месца для аўтара?

 Андрэй СКАРЫНКІН:

- Калі працавалі над унармаваннем аўтарскіх правоў, высветлілася: Уладзімір Мулявін нават не зарэгістраваў "Гусляра"! Вось што значыць творчасць: перадусім! Кантата ж Ігара Лучанка была зарэгістравана задоўга да таго: 27 ліпеня 1963 года...

Ігар ЛУЧАНОК:

- Калі мы пачалі згадваць нейкія дэталі, дык прыгадаю сёе-тое і я. Калі ўжо выйшаў "Гусляр", у "Песняроў" было два канцэрты запар: адзін- у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, другі - у Доме літаратара. Дык не паверыце: нідзе не знайшлося вольнага месца для кампазітара! Перааншлагі! І гэта - выдатна!

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах