“Радзівіліяна” і “Камедыі...”

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Чарговым крокам у рэалізацыі праграмы па захаванні спадчыны славутага роду Радзівілаў стала адкрыццё ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі новай экспазіцыйнай часткі “Радзівіліяна”.

 

У Музеі кнігі экспануюцца старадрукі з Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў з экслібрысамі, у тым ліку выданні, выпушчаныя ў радзівілаўскіх друкарнях Брэста і Нясвіжа ў XVI і XVIIІ стст., а таксама кнігі "Іerosolymitana peregrinatio" ("Пэрэгрынацыя") князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, выдадзеная ў Антверпене ў 1614 г., і "Камедыі і трагедыі" Францішкі Уршулі Радзівіл, што пабачыла свет у 1754 г.

Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам "К" загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства НББ Галіна Кірэева, летась, у рамках Дзяржаўнай праграмы "Памяць Беларусі" і міжнароднага праекта "Radziviliana", Нацыянальнай бібліятэкай быў выдадзены адмысловы кампакт-дыск, куды разам з артыкуламі беларускіх вучоных увайшлі паўнатэкставыя электронныя копіі выданняў XVII - XVIII стст. - творы прадстаўнікоў роду Радзівілаў, у тым ліку некаторыя са змешчаных цяпер у новай экспазіцыйнай частцы Музея кнігі.

Як вядома, у 2009 годзе UNESСO было прынята рашэнне аб уключэнні архіваў Радзівілаў і Нясвіжскай калекцыі кніг у Сусветны рэгістр "Памяць свету". У выніку Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў якасці сховішча часткі дакументальнай спадчыны Радзівілаў атрымала сертыфікат, які таксама прадстаўлены ў экспазіцыі.

Нагадаем, у праекце пад эгідай UNESСO па алічбаванні найбольш значных пісьмовых крыніц са спадчыны Радзівілаў, у тым ліку архіўных і бібліятэчных збораў, аб'ядналіся спецыялісты з Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы. Па выніках "Радзівіліяны" плануецца стварыць максімальна поўную базу даных, што будзе знаходзіцца, у тым ліку, і ў інфармацыйна-аналітычным цэнтры Нясвіжскага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"