Шыльда без... помніка

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Захаванне нашай архітэктурнай і прыроднай спадчыны ў рэгіёнах Беларусі шмат у чым залежыць ад дзеянняў мясцовых улад, а таксама неабыякавага стаўлення грамадскасці. У рэдакцыю нашай газеты паступіў ліст ад гісторыка, педагога Ніны Здановіч, якая заклапочана лёсам старадаўняй сядзібы Альберцін і навакольнага парку. Чытачка просіць “К” высветліць лёс унікальнага помніка прыроды.

/i/content/pi/cult/278/4381/14-4.jpg

 "Паважаная рэдакцыя!

Як вядома, на ўскраіне Слоніма знаходзіцца сядзіба Альберцін - палацавапаркавы ансамбль першай паловы XIX ст., што належаў графам Пуслоўскім. У адрозненне ад многіх сядзібна-паркавых ансамбляў канца XVIII - першай паловы XIX ст., гэты помнік захаваўся вельмі добра. У прыватнасці, сёння комплекс уключае палац, флігель, стайню, рэшткі брамы. Не выпадкова гэтая сядзіба актыўна выкарыстоўваецца як турыстычны аб'ект на маршруце Слонім - Сынкавічы - Жыровічы ды іншых.

Аднак, калі мы са студэнтамі наведалі апошнім разам сядзібу, былі ўражаны разбуральнымі працэсамі, якія там заўважылі. Справа датычыцца, у першую чаргу, распачатага будаўніцтва: за флігелем з'явілася нейкая спаруда з белай сілікатнай цэглы, бульдозерныя траншэі падышлі да самых межаў узгорка, дзе размяшчаюцца векавыя дрэвы, а таксама, магчыма, крыпта-пахаванне ды падсобныя памяшканні кшталту скляпоў, рэшткі якіх бачныя ў схіле пагорка.

Але больш за ўсё нас уразілі адносіны да парку. Добра памятаю, што яшчэ ў сярэдзіне 70-х гадоў кожная пасадка тут была абгароджана плоцікам і пазначана таблічкай з назвай дрэва і месцам яго росту. Асаблівы гонар у мясцовых жыхароў выклікала ліпа каралінская, ля якой мелася бетонная шыльда: "Помнік прыроды. Ахоўваецца дзяржавай".

У маі 2010 г. пад час наведання парку мы ўбачылі, што ад гэтага "помніка прыроды" засталася... толькі манументальная шыльда ля пня. Стан спілу сведчыць пра тое, што дрэва было абсалютна здаровым, без пашкоджанняў і дупла...

Паважаная рэдакцыя! Прашу вас неадкладна высветліць, што здарылася з адметным помнікам прыроды і якія будаўнічыя работы вядуцца на тэрыторыі парку".

 З гэтым лістом "К" звярнулася да начальніка аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Святланы Раманюк. І літаральна праз некалькі дзён мы атрымалі пісьмовы адказ, які расставіў усе кропкі над "і".

Як адзначаецца ў лісце з аддзела культуры Слонімскага райвыканкама, "ААТ "Слонімскі кардонна-папяровы завод "Альберцін" у 2008 годзе з прычыны ліквідацыі цеплатрасы спыніў падачу цеплавой энергіі ў будынак гарадскога Дома культуры, які размешчаны ў сядзібе графа Пуслоўскага. Каб захаваць будынак, са сродкаў фонду Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь было выдзелена 190 млн. рублёў: на будаўніцтва кацельні для цеплазабеспячэння гарадскога ДК і спартзалы, што месціцца ў старадаўнім флігелі. Кацельная ўведзена ў эксплуатацыю ў 2010 годзе". Н а к о н т факта знішчэння ліпы каралінскай у лісце паведамляецца, што 17 жніўня 2009 г. у 16.30, пад час праліўнога дажджу з /i/content/pi/cult/278/4381/14-5.jpgураганным ветрам, адбылося пашкоджанне дадзенага помніка прыроды: ствол дрэва расколаты на дзве часткі, адна з частак (вялікая) ляжыць на зямлі, другая нахілена над лініяй электраперадачы, што вядзе да будынка клуба. Ствол значна пашкоджаны гніллю, мае расколіны. Ёсць парушэнні на кары, галіны часткова абламаны. Агароджа помніка прыроды пашкоджана часткай дрэва.

Камісія, у склад якой увайшоў, у тым ліку, і намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама І.Бабяка, палічыла немагчымым далейшае захаванне пакінутай аварыйнай часткі дрэва і звярнулася да Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з прапановай пра выключэнне ліпы каралінскай з пераліку помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння.

На здымках: ансамбль пабудоў у Альберціне і месца, дзе знаходзілася ліпа каралінская.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"