“Усё было маім...”

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Георгій Ніскі: “Я ўсё ж здолеў быць сучасным мастаком…” нашага земляка, немагчыма прадставіць развіццё савецкага выяўленчага мастацтва 1930-х — 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Канешне, у кожнага часу — свае песні. Для сваёй эпохі жывапісныя “песні” Георгія Ніскага былі новай, незвычайнай і яркай з’явай. Ён па праве лічыцца “предтечей” “суровага стылю” ў жывапісе канца 1950-х — пачатку 60-х гадоў. Водгаласы выдатнага дару мастака гучаць і ў сённяшнім жывапісе, і, адважуся сцвярджаць, цалкам сучасна, як, скажам, сучасна гучыць мастацтва Альбера Марке — аднаго з шанаваных і паважаных Ніскім мастакоў. Альбо — жывапіс Аляксандра Дэйнекі і Пятра Канчалоўскага, яго блізкіх сяброў…

/i/content/pi/cult/278/4379/15-1.jpg

Нарадзіўся Георгій Рыгоравіч 21 студзеня 1903 года на маленькай вузлавой станцыі Новабеліца (цяпер - адзін з раёнаў Гомеля) у сям'і чыгуначнага ўрача. Маленькі дамок Ніскіх быў размешчаны за якую сотню метраў ад чыгункі. З дзяцінства хлапчук палюбіў дарогі, паравозы, семафоры, усялякія машыны, і, канешне ж, марыў стаць машыністам. Але неяк пабачыў у мясцовым клубе немудрагелістую лубочную карціну "Іван-царэвіч у хацінцы на курыных ножках", якая крута змяніла яго ўяўленне аб жыццёвым прызначэнні. Навучаючыся ў гарадской гімназіі, Георгій пачаў маляваць, капіраваць рэпрадукцыі пейзажыстаў-перадзвіжнікаў. Ягоныя опусы ўбачыў мясцовы мастак У.Зорын і параіў юнаку ісці ў Гомельскую мастацкую студыю імя М.А. Урубеля. Тут Ніскі і правучыўся з 1919 па 1927 гады, дарэчы, разам з нашым цудоўным жывапісцам Акімам Шэўчэнкам. Настаўнікамі там былі С.Каўроўскі, К.Малец і А.Быхоў.

Акім Міхайлавіч Шэўчэнка пра гэты перыяд вучобы пакінуў цудоўныя мемуары, якія ён напісаў у 1971 годзе па маёй просьбе. Цяпер яны знаходзяцца ў маім хатнім архіве.

Прывяду адзін фрагмент з гэтага рукапісу. Упершыню Шэўчэнка трапіў у студыю імя М.А. Урубеля восенню 1919 года. Якраз там працавала выстаўка навучэнцаў. Акім Міхайлавіч піша: "У гэтай экспазіцыі вылучаліся творы Жоры Ніскага. Неверагодныя, фантастычныя матывы, з нейкімі дзіўнымі крыналінавымі фігурамі, - вельмі арыгінальна і зусім нязвыкла для погляду. Яны былі намаляваны асобнымі фарбавымі палоскамі, квадрацікамі, ромбікамі, якія аддалена нагадвалі гарадскія будынкі, дрэвы, вуліцы, аблокі...

Потым я блізка пасябраваў з Ніскім. Памятаю, як разам мы рысавалі гіпсавую мадэль "Помніка Працы". У той час у Гомелі часова знаходзіўся і аўтар гэтага манумента - Дэ Валера, іспанец па паходжанні. Гэты помнік пазней быў усталяваны на плошчы Працы: гіпсавая трохметровая напаўаголеная фігура ў моцным руху, размаляваная алейнымі фарбамі. Праўда, хутка манумент кудысьці знік, хаця яго вобразатвор доўга заставаўся на вокладках школьных сшыткаў фабрыкі "Палесдрук".

Дык вось, з Жорам Ніскім мы хадзілі на Працоўную вуліцу, дзе знаходзілася майстэрня гэтага скульптара. Спачатку - употай: зазіралі ў вялікія вокны майстэрні, глядзелі, як там Дэ Валера з вучнямі ляпілі бюсты Маркса, Троцкага, Свярдлова, Энгельса. Потым, сціпла так, стукалі ў дзверы і ўваходзілі ў майстэрню, каб на свае вочы пабачыць, як працуюць будучыя "геніі розуму". Так здарылася, што з Жорам мы кантактавалі і ў час нашай вучобы ў ВХУТЕМАСе- ВХУТЕИНе, і на пачатку 1930-х разам уступілі ў мастацкае аб'яднанне станкавістаў (ОСТ). Потым я выехаў на Радзіму, у Беларусь, потым - вайна, фронт. І толькі праз 20 гадоў пасля Перамогі я зноў сустрэўся з Георгіем у яго мастакоўскай майстэрні на Вялікай Маслаўцы: ён ужо быў народным мастаком Расіі, шырока вядомым савецкім пейзажыстам-наватарам. За бутэлькай "Cтоличной" мы доўга ўспаміналі той далёкі незабыўны час - час нашай бурнай маладосці, радасных надзей і светлых імгненняў..."

Малая радзіма... Дзяцінства і юнацтва, якія прайшлі на Гомельшчыне, назаўсёды засталіся ва ўспамінах Георгія Ніскага як самыя светлыя і каштоўныя старонкі яго жыцця. Вось што пісаў Георгій Рыгоравіч праз шмат гадоў: "Да гэтага часу непагаснай любоўю дзяцінства люблю свой родны пейзаж: семафоры, разбег рэек, шумлівы бор з мачтавымі хвоямі, што адыходзіць за паварот лесу, і бяскрайнасць беларускіх палёў з замецямі. Рос на волі, усё было маім: гарачы распал рэек на пераплётах чыгуначнага пуці, доўгія таварныя саставы, вадакачкі і пакгаузы, манеўраныя паравозы, багны, якія зараслі лазой, залатыя лясныя ручаі, вясеннія паводкі, кладкі ля люстэрка возера, віск пілы лесапільні, залатыя кубы распілаванага лесу, пах пілавіння, спякота распаленага ліпеня ў лясной глушы і задуменныя пралескі пад абрусам студзеньскага снегу - усё гэта незабыўна, і да гэтага часу сціскае сэрца ад салодка-незабыўных уражанняў..."

Пасля 1921 года Ніскі пераехаў у Маскву і працягваў вучобу (разам з землякамі І.Ахрэмчыкам, А.Шэўчэнкам і Р.Семашкевічам) у Вышэйшых мастацкатэхнічных майстэрнях (ВХУТЕМАС, да 1927 года) і ў Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце (ВХУТЕИН, да 1930 года) у Роберта Фалька і Аляксандра Дрэвіна. Менавіта ў майстэрні Р.Фалька Ніскі разумеў, што ў мастака "акрамя нутра ёсць вочы, цвярозы розум і метад".

Зразумела, як і многія тагачасныя студэнты, захапляўся французамі. Летам 1934 года славуты Альбер Марке з жонкай Марсель, прафесійным літаратарам, наведаў Маскву, агледзеў музеі, карцінныя галерэі, майстэрні мастакоў. І калі ва Усесаюзным таварыстве культурных сувязей (ВОКС) яго запыталі, хто з маскоўскіх жывапісцаў больш за ўсіх яму спадабаўся, Марке адказаў: "Даруйце, але я вельмі палюбіў твор маладога мастака Ніскага: ягоны пейзаж "Восень". Калі ён з'ехаў на радзіму, у Францыю, у мастакоўскай тусоўцы доўга хадзіў каламбур: "У Марке густ "ніскі". Дарэчы, гэты невялічкі пейзаж Ніскі намаляваў летам/i/content/pi/cult/278/4379/15-2.jpg 1932 года ў час свайго прыезду да бацькоў у Гомель. Маляваў проста на прызбе роднага дома - "па ўражанні", без эцюдаў. Мастакоўская памяць у Георгія была унікальнай, і цягам ўсяго творчага жыцця ён скарыстаў яе "на ўсе сто".

Пасля таго, як Ніскі паспяхова абараніў дыплом "Паўстанне французскіх матросаў у Адэсе", ён далучыўся да суполкі станкавістаў (ОСТ), якія ў аснову ставілі пошук новых лаканічных форм жывапісу, з дапамогай іх стваралі абагульнены вобраз новага, дынамічнага, савецкага ландшафту. Кароткае прабыванне ў ОСТ (група пасля шасці гадоў існавання распалася напрыканцы 1931 года), сяброўства з остаўцамі А.Ганчаровым, П.Вільямсам, А.Дэйнекам, Ю.Піменавым, А.Лабасам, С.Лучышкіным, А.Тышлерам, Д.Штэрэнбергам, Н.Шыфрыным зрабіла моцны ўплыў на Ніскага і стылёва вызначыла яго шлях "да сябе".

Остаўцы асабліва востра і зорка бачылі новыя, сучасныя матывы і рысы, з захапленнем іх адлюстроўвалі і менавіта праз пазнанне, вобразнае асэнсаванне ўсёй гэтай навізны ішлі да абагульненняў, да шырокіх, маштабных карцін часу. Само сабой, старанна-бяздумная манера адлюстравання штодзённых уражанняў пры гэтым выключалася. Остаўцы ад прыроды былі канцэпцыянерамі і эксперыментатарамі; іхняе творчае мысленне заўсёды вылучалася смелым і бліскучым артыстызмам.

Жыццё савецкай краіны яны адлюстроўвалі на аснове ўважлівых і пільных назіранняў, але - з любоўнай гераічнасцю і ў востравобразнай трактоўцы. Гэтае спалучэнне было глыбока арганічным і здабывала карэнную якасць твораў остаўцаў, як бы яны ні адрозніваліся адзін ад аднаго. І ўвесь гэты сінтэз заканамерна спарадзіў рамантычную паэтыку Георгія Ніскага.

Ужо ў ранніх работах мастака прысутнічае той магічны рэалізм, які надзяляе свет тэхнікі паэтычным арэолам і які будзе вызначальнай і прынцыповай рысай яго жывапісу, дзе вядучая роля належала пейзажу зусім новага ладу. У гісторыю савецкага мастацтва ён трывала ўвайшоў як натхнёны вобразатворца жалезных і шашэйных дарог, мастоў, паравозаў, манеўраных "кукушак", семафораў, вадакачак, аэрадромаў, самалётаў, плацін, высакавольтных ліній. З любоўю і страсцю ён увасабляў заснежаныя лясы, палі і дарогі, якія перасякаюць чыгуначныя пуці і аўтамагістралі, гарадскія будоўлі і новыя заводы, абноўленыя сучасным духам пейзажныя ландшафты роднай Беларусі і Падмаскоўя, Далёкага Усходу, Поўначы і Паволжа ("Вясёлка, "Паўстанне", "Падмаскоўныя прасторы", "Сіні паравоз", "На пуцях").

Выдатны валейбаліст (быў членам зборнай Масквы), яхтсмен, лыжнік, першы з мастакоў у студэнцкія гады, хто скокнуў з парашутам, Ніскі з дзяцінства любіў не толькі спорт і хвалюючую рамантыку паравозных гудкоў, але і ўсё, што звязана з жыццём рэк і азёр, каналаў і вадасховішчаў ("Вечар у заліве", "Мост на канале", "Парусны спорт "Пестава").

Асабліва шмат карцін прысвечана мору: жыццё ваенных маракоў, белыя парусы яхт, салёны вецер, які б'е ў твар ("Шторм ідзе", "Ля берагоў Далёкага Усходу", "Пейзаж з маяком/i/content/pi/cult/278/4379/15-3.jpg", "Вечар у заліве", "Порт "Адэса", "На Далёкім Усходзе" (срэбраны медаль Акадэміі мастацтваў СССР), трыпціх "Порт на Поўначы").

Ёсць у яго і кампазіцыйныя фігуратыўныя карціны. Адна з іх - "На абарону Масквы" - была створана ў кастрычніку 1941 года: на ёй адлюстраваны танкі, на вежах якіх - салдаты ў белых кажухах, з суровымі абветранымі тварамі; на плошчы Свярдлова - палатачныя кухні, піраміды вінтовак; ля ўзбочыны байцы грэюцца каля вогнішча.

Здаецца, сюжэт - немудрагелісты, нічога асаблівага, але мастаку ўдалося перадаць тую трывожную атмасферу, у якой аказалася сталіца перад пачаткам вялікай бітвы. "Я эцюдаў не пісаў,- успамінаў Ніскі. - Я толькі адчуваў і глядзеў, а потым адбягаў у майстэрню маляваць і кампанаваць. А рэч напісаў, сам не заўважыўшы, за два дні".

Сярод іншых фігуратыйных карцін- "Севастопаль" (не без уплыву дэйнекаўскай "Абароны Севастопаля"), "Севастопаль. Сустрэча", "На рэйдзе", "Манеўры караблёў Чарнаморскага флоту", "Патапленне нямецкага транспарту". Разам з тым, "дзейства" ў гэтых кампазіцыях адлюстравана вачыма менавіта пейзажыста, бо пейзаж у іх - нешта большае, чым толькі патрэбны па сюжэце фон...

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"