Джаз на час, або Сола трэцяга тайма

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Сёння джаз усё часцей выконваюць дзеці. І ў іх пазашкольным раскладзе нават прадугледжаны для гэтага “Джазтайм” — Адкрыты дзіцячы фестываль-конкурс джазавай і эстраднай музыкі ў Салігорску. Сёлета ён прайшоў трэці раз. А значыць, як гэта акурат за трэцім разам здараецца ў казках, павінна было адбыцца штосьці незвычайнае, нейкі цуд. Так і было!

/i/content/pi/cult/278/4376/8-3.jpg

"Джаз-тайм-2010" сабраў больш як 400 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Швецыі. У трох намінацыях спаборнічалі 5 аркестраў, больш за 20 ансамбляў, каля 50 салістаў. Наведаў свята і першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі. Міжнароднае журы вылучыла лепшых, але перамагло не проста сяброўства, як кажуць у такіх выпадках, але і музыка. Бо гэты трохдзённы фестываль-конкурс, акрамя выяўлення юных талентаў і папулярызацыі джазавага мастацтва, ажыццяўляе яшчэ і адукацыйную функцыю. На сёння гэта адзіны ў краіне цэнтр, які раз на два гады яднае не толькі асобных джазавых выканаўцаў ва ўзросце да 17 гадоў, але і калектывы, і праводзіць не толькі ўласна спаборніцтва, але і выступленні ўдзельнікаў на фестывальных пляцоўках, а таксама творчыя сустрэчы, майстар-класы, што карыстаюцца вялікім попытам.

У параўнанні з першым фэстам колькасць канкурсантаў узрасла ўдвая. І гэта прытым, што па эканамічных прычынах прысутнічалі прадстаўнікі не ўсіх краін, якія збіраліся прыняць удзел. Узнімаецца і прафесійны ўзровень юных музыкантаў, і пр/i/content/pi/cult/278/4376/8-4.jpgэстыж самога форуму. У Салігорскай дзіцячай школе мастацтваў створаны ўсе ўмовы для яго правядзення па сапраўдных еўрапейскіх стандартах. Асаблівым гонарам арганізатараў стала ўсталяванне прамой трансляцыі конкурсных падзей, што адбываюцца ў прасторнай канцэртнай зале школы, у зімовы сад-кафэ пры гэтай навучальнай установе. Склаліся і жартоўныя традыцыі: на сувеніры сёлета быў парэзаны гальштук дырэктара школы Алега Шчэрбава - галоўнага ініцыятара і арганізатара свята.

- Спачатку,- прызнаўся "пацярпелы", - я разгубіўся, калі на заключным канцэрце старшыня журы, кампазітар Алена Атрашкевіч накіравалася да мяне з нажніцамі. А потым вырашыў: да наступнага фестывалю-конкурсу замоўлю гальштук з эмблемай, каб пры "нарэзцы" кожнаму дасталася яе часцінка.

Добра было б, каб да наступнага джазавага свята павысіўся і сам яго статус: форум павінен стаць міжнародным. У гэтым перакананы не толькі яго гаспадары, але і шматлікія госці, сярод якіх былі прадстаўнікі замежных фестываляў, уключаючы знакаміты расійскі "Джаз-Парнас", і джазавых школ.

На здымках: у час фестывальнага гала-канцэрта.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"