Прынцып ідэальнага варыянту

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Арганізатары Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2010” штогод радуюць удзельнікаў новымі прыдумкамі, імкнуцца ператварыць даволі сур’ёзнае спаборніцтва ў свята. Дзеці ёсць дзеці! І тыя маленькія сюрпрызы і нават цуды, якія чакаюць іх пад час першай сустрэчы і лёсавання, не кажучы пра далейшую фестывальную праграму, здольныя хаця б крыху суцішыць хваляванне.

/i/content/pi/cult/278/4375/8-2.jpg/i/content/pi/cult/278/4375/8-1.jpg

Дзіцячы конкурс з кожным годам набірае моц і становіцца ўсё больш "дарослым" па ўзроўні падрыхтоўкі юных зорачак. Тут збіраюцца ўжо не маленькія алмазы, а апрацаваныя дыяменты, ды яшчэ з шыкоўным атачэннем. Бо публіка бачыць не адно саліста, а сапраўдныя міні-сцэнкі, уплеценыя ў агульную тэатралізаваную канву. Рэжысёрам дзіцячых праграм на "Славянскім базары ў Віцебску" ўжо некалькі гадоў запар выступае Марына Раманоўская, кожны раз радуючы палётам фантазіі і сінтэзам мастацтваў (найперш - спеваў і харэаграфіі). Дарэчы, сёлета гэтай таленавітай творцы даручылі таксама рэжысуру заключнага гала-канцэрта ўсяго фестывалю, і яна здолела ператварыць яго ва ўзрушанаэмацыйнае, паэтычна-канцэпцыйнае дзеянне - у цудоўную казку-мару для дарослых.

Дзіцячая ж конкурсная дзея адбывалася ў Кветкавым горадзе, а вялі канцэрты яго маленькія жыхары на чале з Нязнайкам, ролю якога бліскуча выконваў Андрэй Кунец - абсалютна натуральна, шчыра, з прафесіяналізмам. Вельмі проста і, разам з тым, урачыста быў зрэжысіраваны стартавы "парад" канкурсантаў: кожны выходзіў з маленькім сцяжком сваёй дзяржавы. Максімальна спрасцілася лёсаванне, але захавалася "спеўная прэзентацыя", калі кожны з дзяцей павінен быў "паспрабаваць голас", паведаміўшы, хто ён і адкуль, і праспяваўшы хаця б некалькі фраз. Нумары ж выступленняў у першы і другі конкурсныя дні былі схаваны ў блакноце і на флэшцы, што ляжалі ў дыпламаце. Пагадзіцеся, ужо сам выбар менавіта такіх падарункаў сведчыў, як хутка сталеюць нашы дзеці. Сапраўды, узрост ад 7 да 12 гадоў, прадугледжаны конкурснымі ўмовамі, бадай, самы "выніковы": на яго прыпадае кульмінацыя дзяцінства, пасля якой пачынаецца пераход да юнацтва і "даросласці".

Гэта было бачна і па конкурсным узроўні, бо "спаборнічалі" не толькі ступені адоранасці ўдзельнікаў, але і педагагічны талент ды густ выкладчыкаў і ўсіх тых, хто рыхтаваў маленькіх зорачак. У параўнанні з мінулымі гадамі, значна пашырыўся і ўзбагаціўся рэпертуар: з'явіліся папраўдзе вечныя тэмы кахання, музыкі, мары, пошуку ўласнага "Я", міру ва ўсім свеце. А галоўнае - спявалі менавіта на сваёй, а не на парадыйна-дарослай, мове.

Сцэнічныя строі перасталі канкурыраваць па колькасці ўкладзеных бацькоўскіх і спонсарскіх грошай. Зробленыя з густам, яны адпавядалі песням і характару ўдзельнікаў, дзеці пачувалі сябе ў іх натуральна. А кантраст паміж шыкоўнасцю і прастатой згладжваўся харэаграфічнымі нумарамі, што суправаджалі абсалютна кожнае выступленне. Дасланыя канкурсантамі фанаграмы былі размеркаваны практычна між усімі віцебскімі дзіцяча-юнацкімі калектывамі, і тыя рыхтавалі пластычнае рашэнне, адпаведнае пэўнай песні. Як у музыцы былі прадстаўлены ўсе стылі (ад неафольку да рок-н-рола, джаза і нават полістылістыкі), акрамя сумнага, так і ў пластыцы: акрамя розных кірункаў эстрадных танцаў, былі і бальныя, і мадэрн, і балетная класіка, і мастацкая гімнастыка ды нават "фігурнае катанне" на роліках.

У параўнанні з мінулымі конкурсамі, дзеці куды менш дэманстравалі моц галасавых звязак, унікаючы ў сэнсавыя адценні твораў. Амаль не назіралася фальшу - ва ўсіх сэнсах: не толькі як інтанацыйнай няўстойлівасці, нестабільнасці, што ў дзяцей бывае даволі распаўсюджанай з'явай, але і як наўмыснага пераймання, капіравання чужых манер, не "падагнаных" пад звычкі таго або іншага дзіцяці. Журы можна было паспачуваць: выбіраць лепшых было цяжка, бо літаральна кожны варты высокай узнагароды; "выпадковых" удзельнікаў, як гэта часам здаралася раней, не пабачылі.

У першы дзень, калі трэба было прадставіць песню сваёй краіны, вылучаліся, найперш, тыя канкурсанты, для якіх нацыянальная музычная мова сталася папраўдзе роднай. Нацыянальныя традыцыі адчуваліся ўжо ў саміх прынцыпах вакалізацыі, асабліва - у Міланы з Узбекістана (на жаль, яна надта хвалявалася, а ў другі дзень яе падвёў рэпертуар), у самай маленькай удзельніцы - Айару Арманавай з Казахстана (3-я прэмія) і, яшчэ больш, - у грузінкі Лізі Ніквашвілі (1-я прэмія), якая, да таго ж, прадэманстравала шыкоўную філіроўку гуку.

 Паляк Барыс Быліцкі (2-я прэмія) скарыў уменнем спяваць ціха, пранікнёна, па-еўрапейску інтэлігентна, абсалютна асэнсавана, вельмі музычна, з тонкім гумарам і, што вылучала яго сярод усіх, стылёва разнастайна. Апошняя ж нота яго выступлення стала доказам умення браць вярхі і доўжыць іх да бясконцасці. Такое валоданне ўсімі стылямі (ад мякка іранічнага "вулічнага слэнгу" да сапраўднай опернасці) у спалучэнні з яркай індывідуальнасцю - нязбыўная мара многіх прафесіяналаў.

Энергетыкай, артыстычнасцю запомніўся Іван Іваноў з Балгарыі. Яркімі пераўвасабленнямі - расіянка Дар'я Башагурава. Разнастайнасцю рэпертуару, трапяткой вібрацыяй - украінец Артур Рыжак. Прыгожымі тэмбрамі моцных галасоў - Міа Малішэвіч з Босніі і Герцагавіны, Дар'я Прымака з Латвіі, Мэгі з Македоніі, Вольга Цімашэнка з Украіны (2-я прэмія), Даніэль Пружанскі з Ізраіля (яму, на жаль, вельмі перашкодзіла няўдалая, "бяздушная", аранжыроўка знакамітай неапалітанскай песні), Марыо з Румыніі (Гран-пры), які, да таго ж, валодае рознымі тэмбральнымі адценнямі свайго голасу.

З асаблівай увагай, вядома, усе сачылі за беларускімі канкурсанткамі. У першы дзень Злата Ларчанка (3-я прэмія) запомнілася сыгранай на цымбалах "Купалінкай", уведзенай у песню "Журавінка". У другі- іранічна-нахабненькай "Бабкай Ёжкай" і дэталёва распрацаванай пастаноўкай нумара, дзе хатка на курыных ножках суседнічала з ноўтбукамі (сказалася падрыхтоўка гэтага нумара да нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне"). Ну, а "Пластылінавая варона" надзвычай артыстычнай, завадной Ганны Зайцавай (дыпламант) кранула яшчэ і пэўнай лірычнасцю вобраза, чаго не было ў знакамітым мульціку. У першы ж дзень натуральная энергетыка, цудоўныя акцёрскія даныя юнай спявачкі прыходзілі ў сутыкненне з надта заштампаванай танцавальнай манерай.

Увогуле, менавіта сцэнічныя рухі і "падтанцоўкі" сталіся самым частым недахопам на цяперашнім конкурсе. Бо вакалу дзяцей навучаюць, і вельмі добра, а каб выпрацаваць натуральныя сцэнічныя паводзіны, таксама неабходны вопыт, што пачынаецца з адпаведнай пластычнай падрыхтоўкі. Але ж лепшыя выступленні канкурсантаў даводзілі: справа зусім не ў тым, што дзецям цяжка спяваць і танчыць адначасова (а часам, дарэчы, скакаць зусім і не трэба - у адпаведнасці з характарам песні). Проста, трэба займацца з імі сцэнічным рухам так жа, як і спевамі, бо гэта - неад'емная частка эстраднага выканання.

Яшчэ адным складнікам эстраднага навучання, пачынаючы з дзяцінства, павінна быць сцэнічная мова. Бо калі выканаўца не ў стане данесці да слухача большую палову слоў, узнікае сумнеў: а ці разумее само дзіця, пра што спявае? Калі ж далучыць сюды яшчэ асновы джазавай імправізацыі, гэта і будзе, мабыць, ідэальны варыянт падрыхтоўкі. Скажаце: надта нерэальныя фантазіі?

Але ва ўсім гэтым ёсць і далейшы разлік- з прыцэлам на будучых не толькі эстрадных спевакоў, але і- галоўнае- артыстаў музычнага тэатра, якія сумяшчалі б спеўную, харэаграфічную і акцёрскую падрыхтоўку. Бо час дыктуе менавіта такі падыход. Калі ў беларускім (дый ва ўсім постсавецкім) акадэмічным мастацтве выпрацавана цудоўная комплексная сістэма дзіцячага музычнага навучання, прызнаная адной з лепшых у свеце, дык чаму б не распаўсюдзіць некаторыя прынцыпы ранняга прафесійнага падыходу і на эстраду? Пэўна, тады праз некалькі гадоў мы не мелі б аніякіх праблем з пастаноўкай мюзіклаў, не кажучы ўжо пра бліскучыя эстрадныя шоу.

 Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"