“Найсалодкія” балады

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Мастак Алесь Квяткоўскі бярэцца за тэмы, што падказала беларуская літаратура, не ўпершыню. Нагадаем, ягоны дыплом у БДТМІ— Сцяна Памяці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны для фае Дома літаратара ў Мінску, сярод вядомых работ — жывапісныя творы “Вясна загінулых паэтаў”, “Партрэт”. А з новых — нізка з пятнаццаці палотнаў, на якія паэт В.Шніп напісаў 15 вершаў, што складаюць “Баладу дарогі да храма”. Гэта спроба так званай візуальнай паэзіі.

/i/content/pi/cult/278/4374/7-3.jpg

 

Зладзіць за паўгода сем персанальных выставак і імпрэз у розных кутках Беларусі- гэта значнае дасягненне ў культурным жыцці краіны. Больш за тое: выстаўкі трансфармаваліся ў кожным горадзе.

Алесь Квяткоўскі па-асабліваму ставіцца да літаратурнай дзейнасці пісьменнікаў і адлюстроўвае яе ў пэўных мастацкіх вобразах, паказвае сваё асабістае бачанне вершаў, а самае галоўнае - робіць усё магчымае, каб людзі любілі сваю краіну. Скажам, карціна "На Беларусі Бог жыве" - асабістае бачанне мастаком верша У.Караткевіча. "Акуляры слёз" - твор вельмі драматычны: гэта візуальнае прачытанне верша М.Шэлехава. Наогул, тэма гутаркі мастака з паэтам - адвечная.

Праект пачаўся з Мінска і Гомеля, дзе амаль адначасова былі адкрыты дзве выстаўкі: "Мая хата без сяброў - не хата" і "На крыле пчалінай маткі", якія адбыліся, адпаведна, у Літаратурным музеі імя М.Багдановіча і Гомельскай карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі. Калекцыя, што дэманстравалася ў Мінску, была складзена з твораў, дзе асноўным пункцірам праходзілі карціны з нізкі "Колеры лесу" - ці лёсу - выкананыя ў змяшанай тэхніцы. У Гомелі ж, паводле трапнага выразу прафесара Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны Івана Штэйнера, "панаваў сучасны еўрапейскі жывапіс, пабудаваны на метафарах, алегорыях - ад часоў язычніцтва да сённяшніх дзён..."

Выстаўка, якая дэманстравалася ў Гомелі на пачатку снежня мінулага года, была перавезена ў Светлагорскую карцінную галерэю "Традыцыя" імя Г.Пранішнікава, а мінская экспазіцыя, што папоўнілася новымі творамі, дэманстравалася на пачатку 2010 года ў Нясвіжы. На пачатку ж лютага 2010 года жывапісная калекцыя твораў А.Квяткоўскага пераехала са Светлагорска ў Гродна - у галерэю "Крыга". У самой экспазіцыі з'явіліся новыя творы, да прыкладу, візуальнае прачытанне вершаў В.Шніпа: "Рэшата", "Стог", "Збан"... Выстаўка атрымала назву "Намаляванае слова". У сакавіку яна дэманстравалася ў Ваўкавыску, а ў красавіку- зноў у Мінску. Напрыканцы чэрвеня яе чакаюць у Вілейцы...

 Фінішаваць вандроўка збіраецца ў Паставах, дзе ў верасні 2010 года ў Доме рамёстваў адбудзецца выстаўка жывапісу Алеся Квяткоўскага.

Алесь СОТАЎ