Пластыка “партрэта пейзажа”

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

У філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — Музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве працуе выстаўка Вячаслава Паўлаўца пад назвай “Чорна-белыя мары”.

/i/content/pi/cult/278/4373/7-4.jpg

Людзі па-рознаму прыходзяць да мастацтва. Для Вячаслава Паўлаўца, аднаго з найяскравых лідэраў сучаснага акварэльнага жывапісу, захапленне ім пачалося яшчэ ў дзяцінстве, і тое, што адбылося потым, здаецца сёння лагічным, мэтанакіраваным шляхам, прадвызначаным лёсам. З маленства хлопчык любіў маляваць, вельмі рана навучыўся назіраць за жыццём прыроды: заўважаў і імклівыя колеравыя змены ў хмарным вясновым небе, і багацце восеньскага лісця, і застылую прыгажосць занесеных снегам палеткаў. А яшчэ было наведванне славутай Дрэздэнскай галерэі, калі бацька служыў у Германіі, і першыя - яшчэ дзіцячыя, але так і не забытыя- уражанні ад вялікіх палотнаў...

З цягам часу заняткі мастацтвам станавіліся ўсё больш сур'ёзнымі. Вячаслаў скончыў ДШМ у Мінску, пазней - аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Яго дыпломнай работай стала серыя акварэлей "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі". Захапленне пейзажам стала галоўным і ў яго далейшым творчым жыцці.

Уменне змяняцца - дар шчаслівы. Здольнасць змяняцца так, каб ні ў чым не здрадзіць сабе, - дар не толькі шчаслівы, але яшчэ і рэдкі. Здаецца, Вячаслаў валодае ім у поўнай меры.

 Акварэлі 1980-х - узнёслыя, па-юнацку рамантычныя - у свой час нечакана гучна заявілі пра сябе нават на фоне традыцыйна моцнай школы беларускага акварэльнага жывапісу. Малады мастак тут відавочна закаханы ў родную Беларусь, яе высокае неба, старадаўнія муры, шчымліва сціплыя палеткі. Ён стварае ў гэты час вытанчаныя па колеры і ясныя па кампазіцыі "партрэты пейзажаў", удала спалучаючы пераканаўчасць канкрэтнага матыву і магчымасць мастацкага абагульнення. Пазней, ужо ў 1990-я, Вячаслаў Паўлавец шчыра захапіўся пластычнымі пошукамі. У творах гэтага перыяду майстра нібы балансуе на мяжы пазнавальна-прадметнага і абстрактнага, імк/i/content/pi/cult/278/4373/7-5.jpgнецца адкрыць новыя магчымасці матэрыялу: колер у ягоных аркушах набывае гушчыню і ясна выказаную дэкаратыўнасць, кампазіцыйныя пабудовы - палемічную завостранасць.

У работах апошніх гадоў, якія і прадстаўлены на дадзенай выстаўцы, Вячаслаў Паўлавец, здаецца, вяртаецца да сюжэтнасці сваіх юнацкіх твораў, але вяртанне гэтае адбываецца, безумоўна, на іншым мастацкім узроўні. Набыўшы каштоўны досвед пластычных эксперыментаў, мастак надае сваім, бадай манахромным, пабудаваным на вытанчаных колеравых нюансах, палотнам ледзь не выразнасць і завершанасць знака.

За мінулыя дзесяцігоддзі мастак спрабаваў працаваць у розных тэхніках, але галоўнай у ягоным творчым лёсе заўсёды была акварэль. Здаецца, менавіта яна - празрыстая, шматслойная, якая патрабуе дакладнага вока, артыстычнай і лёгкай рукі, не даруе памылак і не дазваляе выпраўленняў,- адпавядае светаўспрыманню мастака. Творы Вячаслава Паўлаўца цалкам пазбаўлены ўсяго цёмнага, пачварнага і хваравітага. Свет у ягоных акварэлях паўстае перад гледачом такім, якім ён бачыцца ў шчаслівых снах і дзіцячых успамінах.

Гарманічны сусвет аўтара не зачынены. Нельга не заўважыць, што адзін з самых распаўсюджаных матываў ягонай творчасці - матыў дарогі. І ўрачыстая алея напаўзабытага панскага маёнтка, і ледзь прыкметная сцяжынка ў жнівеньскім полі, і напоены вясновай навальніцай гасцінец, і нават адзінокі ланцужок слядоў па першым снезе - ці не запрашэнне гэта далучыцца да шляху дадому, а значыць - да сябе?

Алена ПІКУЛІК, кандыдат мастацтвазнаўства