У мове няма дастатковай колькасці паняццяў, каб перадаць багацце палітры, якую ў гэтым выпадку выкарыстоўваў творца. У жывапісца тут больш магчымасцей захопленага пераймання. Галіна Вараб'ёва ўжо шмат гадоў піша ў мінскім Батанічным садзе "партрэты" найпрыгажэйшых кветак. Так, у беларускай сталіцы праходзіць шмат штогадовых імпрэз. Ды цвіценне калекцыі касачоў у Батанічным - неафіцыйнае свята, як і парад руж, вяргінь або рададэндранаў.
Галіна Вараб'ёва працуе ў жывапісе больш за 40 гадоў. Перакананы пленэрыст: піша толькі з натуры, а гэта ў нашы дні- рэдкасць, нават сярод пейзажыстаў: "кветачкі" ўспрымаюцца звычайна як не вельмі сур'ёзны жанр у жывапісе. На самой жа справе гэта складаная задача: напісаць кветку, перадаць яе пластыку, настрой, душу.
Таццяна БЕМБЕЛЬ, дырэктар Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва