Пяцьдзесят — узрост росквіту

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Аляксандр ЛАКОТКА — доктар архітэктуры і гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, дырэктар акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы. Гэтая знаная не толькі ў краіне, а і ў свеце навуковая ўстанова адзначыць на пачатку чэрвеня сваё слаўнае пяцідзесяцігоддзе. Біяграфія вядомага навукоўца падобная да біяграфій многіх даследчыкаў. Пасля заканчэння ВНУ А.Лакотка працаваў у праектным інстытуце, затым — у Белдзяржмузеі народнай архітэктуры і побыту, займаўся праектаваннем, рэстаўрацыяй помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Тое, што колькі часу таму прыйшоў працаваць у ІМЭФ, здарылася невыпадкова: даследуючы архітэктурныя помнікі Беларусі, ён шмат разоў праехаў і прайшоў яе ў навуковых экспедыцыях уздоўж і ўпоперак

 — Для чалавека пяцьдзесят — узрост росквіту, высокага прафесіяналізму. А што можна сказаць пра ўстанову, якой спаўняецца пяцьдзесят?
— Пяцьдзесят гадоў для творчага, увогуле здольнага чалавека — узрост уздыму фізічных, маральных і творчых сіл. У сувязі з гэтым варта прыгадаць выпадак: калі амерыканцы адпраўлялі на Месяц сваіх астранаўтаў, дык абралі кандыдатаў ва ўзросце пяцідзесяці і крыху болей гадоў — людзей, якія знаходзіліся акурат у росквіце сваіх сіл і магчымасцей.
Тое самае, бадай, можна сказаць і аб установе, у дадзеным выпадку — аб нашым інстытуце. Узрост яго, дарэчы, у параўнанні з іншымі акадэмічнымі інстытутамі, — малады: многія ўжо адсвяткавалі 75 гадоў, а нам — усяго пяцьдзесят, ісці ды ісці наперад.Зрэшты, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі пачыналася з гуманітарных інстытутаў, з Інбелькульта. Стваральнікі Акадэміі лічылі першазначным, асноватворным крокам закласці падмурак гуманітарных навук, якія і склалі ядро НАН. І гэта было невыпадкова і нават заканамерна. На той час трэба было вызначыцца, адказаць на пытанне: “Хто там ідзе?”. І беларусы адказалі, што ідуць разам з іншымі народамі Еўропы сваім шляхам, а за імі — іх нашчадкі са спадчынай, якая вартая павагі.
Пасля вайны, у 50-ыя гады ў нашу навуку прыйшло шмат здольных навукоўцаў, якія здолелі раскрыць усю прыгажосць і таленавітасць беларускага народа і яго культурнай спадчыны. У той перыяд у Беларусі актыўна развівалася нацыянальнае выяўленчае мастацтва (з’явілася шмат таленавітых мастакоў), гучна заявіў аб сабе беларускі тэатр, здымалася цікавае кіно. Стала бачна, што ў розных відах мастацтва ідзе станаўленне нацыянальнай школы, і прыспеў час паставіць гэты працэс на навуковыя рэйкі. У выніку ў 1957 г. у Акадэміі навук і быў створаны Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Першым дырэктарам яго стаў вядомы паэт, акадэмік Пётр Глебка — асоба яркая і неардынарная, з якой гісторыя інстытута звязана непарыўна.Будучы чалавекам выключна шырокага кругагляду і эрудыцыі і, што немалаважна, шырокай чалавечай культуры, Глебка зразумеў, што без падрыхтоўкі кадраў, закладвання падмурка навуковых школ немагчыма і марыць пра перспектывы. І ён, першы дырэктар Інстытута, здолеў закласці нацыянальныя навуковыя школы ў галінах этнаграфіі, фалькларыстыкі, тэатразнаўства, даследавання кіна- і тэлемастацтва, музыкі і этнамузыкалогіі, у галіне мастацтвазнаўства. Тады разам з Глебкам працавалі такія таленавітыя навукоўцы, як Анатоль Фядосік— знакаміты фалькларыст-навуковец, Канстанцін Кабашнікаў — буйны спецыяліст у галіне фалькларыстыкі.Пачынаў у тыя гады творчы шлях — аспірантам і малодшым навуковым супрацоўнікам — найбуйны этнограф Беларусі ХХ ст., член-карэспандэнт НАН Васіль Бандарчык. Тады ж распачынаў сваю дзейнасць вядомы дзеяч у галіне тэатральнага мастацтва і тэатральнай навукі, аўтар трохтомнай “Гісторыі беларускага тэатра” Уладзімір Няфёд.
— Што галоўнае было створана інстытутам за пяцьдзесят гадоў працы?
— Была сабрана унікальная калекцыя твораў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, а менавіта фальклор — гэта значыць балады, песні, паданні, легенды. Навукоўцы, што працавалі з Фядосікам, Кабашнікавым, Барташэвіч і іншымі вядомымі фалькларыстамі нашай рэспублікі, сабралі больш за 400 тысяч запісаў. На падставе гэтай крыніцазнаўчай базы былі складзены і выдадзены больш за 40 тамоў беларускай народнай творчасці. Новыя серыі кніг па відах і жанрах беларускага фальклору працягваюць выходзіць у свет. Нядаўна выйшла двухтомная энцыклапедыя “Фальклор Беларусі”.Дасягненні інстытута мелі высокую дзяржаўную ацэнку. За час яго існавання больш за 20 дактароў і кіраўнікоў тэм і шматтомных выданняў атрымалі званне лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі.
— Тым не менш, не ўсе беларусы ведаюць пра унікальнасць беларускага фальклору. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі энцыклапедыі “Беларускі фальклор”, адзін журналіст шчыра прызнаўся, што нават не здагадваўся, наколькі багаты, адметны і адрозны наш фальклор ад вуснай творчасці іншых народаў...
— Сапраўды, мы яшчэ не ў поўнай ступені ўсведамляем, якім багаццем валодаем. А вось шматлікія еўрапейскія ўстановы, якія займаюцца вывучэннем культуры народаў Еўропы, ЮНЕСКО, звярнулі ўвагу на тое, што на нашым кантыненце ў першароднай чысціні, прынамсі,у значнай ступені, захаваўся фальклор Беларусі. Таму ёсць шэраг гістарычных прычын. У нас не было сармацкага, скажам, уплыву, не было тых драматычных падзей, якія закранулі ўсход славянскага свету. Не закранулі нашых палескіх глыбінь тэўтонцы. Еўрапейскія арганізацыі звяртаюцца да нас з рознымі ідэямі, напрыклад, прапаноўваюць стварыць нацыянальны парк “Усходняе Палессе”. Гэты праект ставіць на мэце паказаць свету беларускі фальклор. У гэтых месцах, безумоўна, — унікальная прырода, там шмат помнікаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры і горадабудаўніцтва, але паказ нашага фальклору — галоўны аргумент, дзеля якога гэты праект прапануецца ажыццявіць. Але гэтым трэба вельмі сур’ёзна займацца. Трэба вельмі ашчадна ставіцца да такіх рэчаў, як аўтэнтычны фальклор, бо можна нанесці яму непапраўныя страты, страціць першапачатковае аблічча гэтай каштоўнасці.Другое, лічу, вялікае па значнасці дасягненне нашага інстытута — рэалізацыя буйнога праекта “Збор помнікаў гісторыі і архітэктуры”. Інстытут выдаў восем тамоў, дзе знайшлі атрыбуцыю каля 16 тысяч помнікаў гісторыі і культуры.
— У сценах вашага інстытута існуе адметны музей старабеларускай культуры...
— Пройдзе яшчэ пару гадоў, і мы будзем адзначаць трыццацігоддзе нашага аддзела старажытнабеларускай культуры. Зараз у ім захоўваецца звыш 20 тысяч адзінак гісторыка-культурных каштоўнасцей. Дарэчы, музей і зборы фальклору набылі, паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, статус нацыянальнага навуковага здабытку. Экспазіцыя ўвесь час абнаўляецца. Мы плануем рэканструяваць асобныя залы, у прыватнасці, археалогіі, стварыць прастору для правядзення зменных тэматычных выставак. Ёсць задумкі, звязаныя са стварэннем часткова адкрытых фондаў. Мяркуецца добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі на прадмет больш актыўнага ў перспектыве ўключэння музея ў сістэму інфраструктуры турызму.
Да нашых важкіх здабыткаў варта дадаць энцыклапедыю па гісторыі беларускага тэатра, чатырохтомнік па гісторыі беларускага кіно, трохтомнік па гісторыі беларускага музычнага тэатра, васьмітомную серыю энцыклапедыі “Беларусы”, прысвечаную этнагенезу, этнічнай гісторыі Беларусі, сям’і і грамадскаму побыту, народным традыцыям, традыцыям народнай бытнасці. Нарэшце, нядаўна выйшла чарговая кніга 16-томнага выдання “Гісторыя гарадоў і вёсак Беларусі”, прысвечаная Брэсцкай вобласці, дзе мы за 30 гадоў працы сабралі архіўныя і экспедыцыйныя звесткі аб больш чым 24 тысячах населеных пунктаў нашай краіны. Распачата праца над новай шматтомнай серыяй “Архітэктура Беларусі”, якая паказвае эвалюцыю беларускага дойлідства ва ўсходнеславянскім, еўрапейскім кантэксце; ужо выйшлі два тамы.
Аддзел архітэктуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, які я ўзначальваю, створаны ў 1995 г. У ім я працую адзінаццаць гадоў. За гэты час выйшлі мае навуковыя працы “Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры”, “Дойлідства” ў шматтомным выданні “Беларусы”, “Архітэктурная спадчына Беларусі: развіццё традыцый, ахова і рэстаўрацыя”. Выканаў даследаванне і выдаў манаграфію “Архітэктура еўрапейскіх сінагог”, напісаў кніжку і пра мячэці Беларусі. Падсумоўваючы вынікі даследаванняў беларускай архітэктуры, можна зрабіць вельмі важную, галоўную выснову: дойлідства Беларусі як частка культуры нашай краіны ўяўляе сабой унікальную з’яву, якая акрэслілася ў выніку сінтэзу будаўнічых культур усходу і захаду Еўропы. Былі ўплывы на нашу архітэктуру італьянскай школы, у прыватнасці, міланскай, калі прыгадаць Бернардоні, італьянцаў Кварнэгі, які будаваў у Полацку, Сака, які ўзводзіў дамы ў Свяцку, дынастыі Фантана, якія будавалі ў Віцебску, немцаў — Бекера, вядомага пабудовамі ў Ружанах, і Глаўбіца, галандца Ван Дадэна, — дык усе іх збудаванні з’яўляюцца неад’емнай часткай канкрэтнага беларускага гістарычнага асяроддзя і прыродна-культурнага ландшафту. Ніводзін дойлід не разглядаў свае пабудовы, нягледзячы на тое, ці яны барочныя, ці рэнесансныя, ці класічныя, у нейкім адасобленым, ідэальным свеце. Яны ўсе ўпісаны, знітаваны ў адзіную, шматколерную, накшталт прыгожага дывана, тканіну, з якой немагчыма вырваць той ці іншы помнік і круціць яго, так бы мовіць, у руках у пустой прасторы, разважаючы, што ён уяўляе сабой узор італьянскай абогаландскай архітэктуры. Усе яны — неадрыўныя ад гісторыі нашай архітэктуры і нацыянальнай культуры. Мне часта даводзіцца адказваць на пытанне: у чым нацыянальныя асаблівасці нашай архітэктуры? Я доўгі час вывучаў нашу архітэктуру, абараніў доктарскую дысертацыю на дадзеную тэматыку і магу сказаць цвёрда: нацыянальнае ў архітэктуры — не арнамент, не фальклор і не этнаграфія; нацыянальнае ў архітэктуры і горадабудаўніцтве — гэта асяроддзе, якое гістарычна склалася, гэта будаўніча-мастацкая культура, якія народ лічыць годнымі прадстаўляць у еўрапейскай, сусветнай культуры. Узяць абеліск Перамогі на плошчы Перамогі ў Мінску. Мы ж не будзем разважаць пра тое, што гэта — праява егіпецкай архітэктуры, бо абеліскі ўзніклі ў Егіпце, а потым іх перавезлі ў Італію. Хіба ансамбль праспекта Незалежнасці — не нацыянальная архітэктура? Калі ў свой час прыязджалі да нас французскія дойліды, дык яны адзначылі, што забудова ў Мінску ад Дома Урада да цырка вартая архітэктуры Перс’е і Фантэна — найбуйных французскіх дойлідаў пачатку ХІХ ст., якія пабудавалі лепшыя ансамблі Парыжа, у тым ліку знакамітую Трыумфальную арку на плошчы Зоркі. Французы ўбачылі нешта роднаснае ў нашым праспекце Незалежнасці.Але ён успрымаўся імі як нацыянальная праява беларусаў. На некаторыя універсальныя здабыткі культуры, як архітэктура, выяўленчае мастацтва, манументальнае мастацтва, тэатр, кіно, не трэба глядзець толькі этнаграфічным вокам.
— Якія праблемы хвалююць сёння навукоўцаў інстытута?
— У нашым прафесійным мастацтве, па-сутнасці, яшчэ не склалася сапраўдная грунтоўная тэорыя, якая б адказала, якім шляхам павінна яно развівацца. Адсюль вынікаюць праблемы суадноснасці традыцыйнага і авангарднага. Калі мы традыцыйнае мастацтва разумеем, дык авангарднае — не надта.
Але ж час вельмі імклівы, мы бачым, як хутка развіваюцца віртуальнае мастацтва, дызайн, рэклама, добраўпарадкаванне ландшафту, і ўсё гэта вымагае навуковага асэнсавання. А яшчэ існуюць сучасныя мода, музыка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, авангардны тэатр. Калі гэтымі пытаннямі не займацца, дык яны будуць спантанна развівацца, самацёкам. Мы будземтолькі ўвесь час, як кажуць, даганяць. А павінна быць усё абсалютна наадварот.Таму адна з нашых задач на сённяшні дзень і на перспектыву — прагназаванне развіцця авангардных, высокатэхналагічных напрамкаў у мастацтве і іх суадноснасці з традыцыйнымі, рэалістычнымі і іншымі спадчыннымі накірункамі.Мы таксама марым мець, з пункта гледжання дзяржаўнага падыходу да вырашэння праблем культуры і мастацтва, адзіную праграму комплексных фундаментальных даследаванняў — піраміду навуковых заданняў, якія будуць выконваць супрацоўнікі нашага інстытута, кіраўнікі кафедраў і дактары навук навучальных устаноў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА