Элітарнае дыханне ХІХ-га

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Формула свята: як сумясціць “фішкі” з фінансамі? ХІХ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ўвайшоў у гісторыю як адзін з паваротных у летапісе форуму, бо акрамя традыцыйных мерапрыемстваў утрымліваў новаўвядзенні: і ў самой праграме, і ў рэжысуры, і ў сцэнаграфіі. Ну, а сярод традыцый “К” засталося падвядзенне вынікаў разам з дырэктарам фестывалю Радзівонам БАСАМ.

/i/content/pi/cult/278/4367/6-1.jpg

 - Лічу,- пачынае гутарку Радзівон Міхайлавіч, - адна з заслуг сёлетняга "Славянскага базару ў Віцебску" ў тым, што нам удалося прыцягнуць зорак сусветнага маштабу: Дзмітрыя Хварастоўскага, Ніно Катамадзэ, Томаса Андэрса, Тота Кутуньё, а таксама Юрыя Антонава, Святлану Кручкову - сапраўдных куміраў публікі розных узростаў. Той жа Білан сабраў на плошчы 15 тысяч гледачоў па білетах.

 - Білеты на цяперашнім фестывалі ўвогуле раскупляліся лепей - яшчэ і таму, што іх кошт быў не такі высокі, як летась...

 - Гэты фактар сапраўды аказаўся немалаважным, бо трэба ўлічваць і матэрыяльныя магчымасці патэнцыйных "спажыўцоў", і іх псіхалогію. Але ж і распаўсюджвальнікі білетаў былі больш актыўныя! Самы нізкі паказчык аказаўся ў 64 працэнты прададзеных квіткоў. Ён адносіцца да конкурсу, бо шырокая публіка больш схільная "набываць" тое, што ёй ужо вядома, чым самой шукаць сваіх будучых куміраў. Але ёсць канцэрты і з такімі працэнтамі, як 81, 82, 91, нават 94.

- Гэта Амфітэатр. А астатнія залы?

 - Таксама нармальна: практычна аншлаг. На кіно, праўда, меней. Але з ім - увогуле асобная гісторыя: лета, спякота, а вы хочаце чалавека дзве гадзіны пратрымаць у зачыненым памяшканні, калі ён добра разумее, што, у адрозненне ад таго ж тэатра, кінастужку можна паглядзець і другім разам.

- Навукоўцы падлічылі, што самым "кінаглядзельным" месяцам з'яўляецца люты. Пэўна, у гэты час народ ідзе ў кінатэатры яшчэ і дзеля таго, каб "пагрэцца". Летам жа, наадварот, хочацца на прыроду збегчы: попытам карыстаюцца канцэрты на адкрытым паветры.

 - Увогуле, лічу, кінафестывалі павінны праходзіць асобна. Бо, здараецца, пасля забаўляльных канцэртных праграм удумліва глядзець стужку бывае складана.

- Тым не менш, сёлетняя кінапраграма і асабліва- беларускі фільм "Ваўкі", які мне давялося паглядзець, унеслі ў фестывальную палітру дадатковыя фарбы высокага прафесіяналізму і ўмення не толькі адлюстроўваць, а яшчэ і, што вельмі важна, асэнсоўваць...

- Мы рады, што ў нас ёсць сёння магчымасць выбіраць, на наш погляд, лепшае (хаця, як зразумела, мяжы дасканаласці тут няма) - і запрашаць. Думаю, наступным годам трэба будзе большую ўвагу надаць класічнай музыцы, запрасіўшы, да прыкладу, такіх майстроў, як Уладзімір Співакоў, Валерый Гергіеў. Я пакуль не ведаю, дзе і як гэта будзе, але хочацца, каб іх мастацтва было паказана і на нашым свяце. Сёлета ў філармоніі, заўважу, выступала нямецкая арганістка. Ужо другі год як у нас усталяваны арган, дык чаму б яго не выкарыстоўваць? -

"Фішкай" цяперашняга фестывалю сталася яго так званая альтэрнатыўная праграма...

- Тое, што вы назвалі "альтэрнатыўным", мы насамрэч такім не лічым.

- Але ж менавіта так пазіцыянаваліся канцэрты "Троіцы", Алега Скрыпкі, "Сярэбранага вяселля", Ніно Катамадзэ абсалютна ва ўсіх анонсах!

- Гэта быў рэкламны ход, бо ў некаторых усё ж заставалася хваляванне, што сабраць публіку на імёны, "шырока вядомыя ў вузкіх колах", будзе цяжкавата. Ажно не! На тую ж Ніно Катамадзэ Канцэртная зала "Віцебск" літаральна ламілася ад слухачоў! І гэта прытым, што спявачка практычна не з'яўляецца на тэлеэкранах, не робіць на свае песні кліпы.

 - "Сарафаннае" радыё, у тым ліку інтэрнетнае, - самае надзейнае. І прыклад з Ніно - таму дадатковае пацвярджэнне...

 - І ўсё ж лепей назваць пералічаныя вамі канцэрты не альтэрнатыўнымі, а элітарнымі: так, мабыць, будзе дакладней. Дадаў бы, што "элітарнасць" вымяралася яшчэ і памерамі залы. Бо ёсць мастацтва, якое можа згубіцца-разгубіцца на стадыёне, бо яго нельга разглядаць на адлегласці, - толькі тэт-а-тэт. І, наадварот, існуе тое, што патрабуе максімальна большай прасторы і масавасці слухачоў: менавіта гэта надае яму яшчэ большую прыцягальнасць. Нашы ж "элітарныя" праграмы сапраўды былі разлічаны на больш камерныя залы, у якіх кожны слухач пачувае сябе "абраннікам", паплечнікам артыстаў, пачынае дыхаць з імі ў такт. Мы рабілі гэта спецыяльна, таму што на фестывалі мастацтваў павінны быць прадстаўлены, па магчымасці, усе жанры і кірункі - не толькі апрабаваныя, але і, можа, эксперыментальныя, якія не з'яўляюцца "фарматам" для тэлевізійных кампаній, не трапляюць у эфіры радыёстанцый.

- Але ж як сумясціць элітарнасць з грашыма?

 - Не буду скардзіцца: сёлета мы выходзім з неблагімі фінансавымі паказчыкамі, нават з улікам таго, што яшчэ засталіся павінны па аўтарскіх правах за мінулы год, але не па нашай віне.

- Ці апраўдаў сябе перанос начных сольнікаў на вечаровы час? Замест дзвюх гадзін ночы, як раней, амаль усе яны пачыналіся а 18-й гадзіне...

- І гэта дало свой плён. Бо вялікая колькасць гледачоў прыязджае на іх з іншых гарадоў, раённых цэнтраў, рэгіёнаў. Добра, калі заўтра - выхадны. А калі- дзень працоўны? І мы спецыяльна перанеслі такія канцэрты на 18 гадзін, каб людзі паспявалі не толькі даехаць на іх пасля заканчэння працоўнай змены, але і потым без праблем вярнуцца дадому. Гэта сябе апраўдала, і адмаўляцца ад новага часу сустрэч надалей мы не будзем. Хаця, вядома, складанасці былі і тут. Пры цяперашнім надвор'і канцэрты пачыналіся яшчэ ў спякоту, пад пякельным сонцам, ад касых промняў якога не абараняў нават дах Летняга амфітэатра. Але публіка мужна трывала: гледачы апраналі капелюшы, раскрывалі парасоны. Ніхто не сыходзіў!

 - Як падалося, сёлета болей было і тавараў з фестывальнай сімволікай. Тыя ж сурвэткі прадаваліся ледзь не ва ўсіх гастраномах...

 - Гэта заслуга нашых абласных і гарадскіх улад, гандлёвых прадпрыемстваў. Такі падыход трэба толькі вітаць, хаця ўласна фестывалю ўсё гэта не прыносіць асаблівых дывідэндаў. Мы прадаём прадпрыемствам таварны знак, але сродкі, якія ідуць на яго афармленне і рэгістрацыю, часам перавышаюць прыбытак, які мы можам атрымаць ад продажу. Да прыкладу, нейкі кансервавы завод вырабляе салянку і хоча паставіць на этыкетку фестывальную эмблему. Мы атрымліваем працэнт ад продажу, але колькі слоікаў той салянкі яны прададуць за паўтары-дзве тысячы рублёў за адзінку? Вось і падлічыце, які будзе "навар". Але ёсць і законанепаслухмяныя арганізацыі і вытворцы, што, будзем называць рэчы сваімі імёнамі, нас абкрадаюць: выпускаюць тавары з лагатыпам фестывалю без заключэння з намі дамовы. Сустракаюцца такія і ў "Горадзе майстроў", бо нашу эмблему можна "пазычыць" нават у Інтэрнеце. У нас ёсць служба (своеасаблівы "падпольны музей"), дзе збіраюцца пра гэта звесткі. Але далей за канстатацыю фактаў пакуль не ідзём.

- Давайце зноў звернемся да творчых пытанняў - да таго ж конкурсу эстрадных выканаўцаў, які заўсёды выклікае вялікі розгалас...

- Паводле маіх назіранняў, сёлета відавочнага лідэра, гэткага "абсалютнага" ўладальніка Гран-пры, не было. Справа ж не толькі ў колькасці балаў! Бо на маёй памяці ёсць прыклады, калі выканаўца, можна сказаць, толькі ўзяў першую ноту - і адразу станавілася зразумела: вось безагаворачны Гран-пры! Такімі былі перамогі Філіпа Жмахера, Русланы. Заўважце, я не называю нават Пятра Ялфімава, бо тады многія літаральна да апошняга былі ўпэўнены, што галоўную ўзнагароду атрымае масквіч Яўген Гор. Затое сёлета ўсе ўдзельнікі (ну, можа, за выключэннем хіба двух-трох чалавек) былі вельмі прафесійнымі, а гэта сведчыць: узровень конкурсу ўзнімаецца. Праўда, вялікай праблемай для канкурсантаў застаецца рэпертуар. Дарэчы, гэтая праблема ўласцівая не толькі ўдзельнікам нашага конкурсу, яна - агульная. Бо творчае спаборніцтва патрабуе не звыклых "фарматных" кампазіцый, што могуць адразу палюбіцца і запомніцца публіцы, а- спецыяльных твораў, якія далі б магчымасць спеваку за тры хвіліны паказаць усё, на што ён здольны. Адсутнасць такіх песень перашкодзіла некаторым удзельнікам дабіцца больш высокіх вынікаў.

 - А павышаная, у параўнанні з іншымі конкурсамі, узроставая планка? У нас яна складае 35 гадоў, што нават у оперных спевах сустракаецца вельмі рэдка. У эстрадзе ж больш звыклая мяжа - 25, максімум - 30...

- Цягам часу стала відавочна, што ўзняцце планкі сябе не апраўдала. Але ж не можам мы штогод змяняць конкурсныя ўмовы! Дый думаю, гэта не прынцыпова. Сярэдні ўзрост большасці канкурсантаў, як вы маглі заўважыць, - да 28 - 29-і гадоў.

 - Падводзячы некаторыя вынікі, можна, мусіць, казаць, што для вас цяперашні фестываль, у параўнанні з мінулымі, прайшоў больш спакойна?

- Некаторыя вашы калегі, дарэчы, мяне гэтым папікалі. Так і казалі: што гэта, маўляў, у вас сёлета так ціха, спакойна, без скандалаў?

- На маю думку, сёлета прытрымліваліся цудоўнага прынцыпу: лепей меней, ды лепей. Якраз гэта і прынесла поспех. Асабіста вы задаволены?

 - Я так не сказаў бы: задаволены- і ўсё тут. Бо само па сабе пачуццё задавальнення - гэта ўсё ж такі нейкі прыпынак росту. Нам, нягледзячы на ўсё, многае пакуль не ўдалося. Але пра тое, што было задумана ды пакуль не рэалізавана, ведаем толькі мы. І не пакідаем надзеі, што, магчыма, здзейснім гэта на наступных фестывалях. Па меншай меры, марым пра гэта. І спадзяёмся. Так, зорак у нас сёлета аказалася нямала. Але ж ёсць у свеце і больш яркія, буйныя артысты, з кім трэба дамаўляцца задоўга да выступлення, а не ў апошнія месяцы. Мы ж пакуль да такой доўгатэрміновай практыкі не прызвычаіліся. Сёлета, да прыкладу, канчатковыя тэрміны правядзення фестывалю былі прыняты ў красавіку. Здавалася б, па нашых мерках, да ліпеня часу хапае. Паводле ж агульнапрынятай у свеце практыкі - не. Бо там наперад усё распісваецца не на бліжэйшыя месяцы, а, здараецца, на гады. Усё залежыць ад запатрабаванасці зоркі.

- Які тэрмін уяўляецца вам аптымальным?

 - Па меншай меры, рашэнне аб правядзенні фестывалю ў дакладна акрэсленыя даты павінна быць прынята не пазней за лістапад - гэта значыць, не за тры месяцы да пачатку фестывалю, а хаця б за сем. Увогуле ж, чым раней, тым лепей. Бо, маючы такі дакладны графік, мы зможам працаваць больш эфектыўна.

 - І апошняе пытанне: ці было штосьці, што адцягвала вашу ўвагу ў фестывальныя дні, акрамя самога форуму?

 - Было. Чэмпіянат свету па футболе! Але юбілейнаму, ХХ фестывалю гэта не пагражае: наступны чэмпіянат - на жаль, толькі праз чатыры гады. (Усміхаецца.)

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"