Тое, што трэба, з доўгатэрміновым эффектам

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

З чаго пачынаецца ланцужок складнікаў эстраднага поспеху? Матэрыялы сённяшняга “Соцыуму” ў пэўнай ступені перагукаюцца паміж сабой. Бо паспяховае прадзюсіраванне ў любым відзе мастацтва, як рэзюмавалі ўдзельнікі пасяджэння калегіі Міністэрства культуры, прысвечанай развіццю эстраднага мастацтва, немагчымае, у тым ліку, і без мецэнацтва. Апошняе ж, адпаведна, патрабуе вартых для падтрымкі праектаў. Два бакі якаснага культурнага прадукту разглядаюць у гэтым нумары журналісты “К”.

/i/content/pi/cult/278/4365/4-1.jpg

У абмеркаванні пытанняў стану і перспектыў развіцця айчыннай эстрады на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры ў Малой зале імя Р.Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўзялі ўдзел спевакі, кіраўнікі творчых калектываў, кампазітары, прадзюсеры, іншыя зацікаўленыя асобы. Нагадаем, дарэчы, што тэма развіцця эстрады ў Беларусі некалькі тыдняў таму ўжо знаходзіла сваё адлюстраванне на старонках "К" (№ 20 за 2010 г.). На калегіі многія закранутыя ў газеце пытанні атрымалі далейшае абмеркаванне. А галоўнае - былі прыняты адпаведныя канкрэтныя рашэнні. З грунтоўным дакладам, што тычыўся канцэпцыі развіцця ў Беларусі сістэмы прадзюсерства ў сферы эстраднага музычнага мастацтва, выступіў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч. У прыватнасці, ён засяродзіў увагу прысутных на дзейнасці дзяржаўных тэатральна-відовішчных арганізацый рэспубліканскага і абласнога падпарадкавання (іх 17), прадзюсерскіх цэнтраў, створаных пры гэтых арганізацыях і творчых калектывах (такіх цэнтраў 8: чатыры - рэспубліканскага падпарадкавання і чатыры - абласнога), а таксама недзяржаўных прадзюсерскіх цэнтраў і агенцтваў (іх больш за 20). Сярод праблем развіцця сістэмы прадзюсерства ў Беларусі былі названы наступныя: недасканаласць заканадаўства, слабое развіццё інфраструктуры шоу-бізнесу, фактычная адсутнасць канкурэнцыі, супярэчнасць паміж статусамі "дзяржаўных" і "прыватных" артыстаў, малая ступень развіцця спонсарства і мецэнацтва, недахоп рэкламы, недастатковасць падрыхтоўкі саміх прадзюсерскіх кадраў ды іншыя. Высветлілася, што сам тэрмін "прадзюсер" ужываецца ў нашым заканадаўстве найперш у тых нарматыўных прававых актах, што звязаны з кінематаграфіяй. Разам з тым, у заканадаўстве не вызначана прадзюсіраванне як самастойны і асобны від эканамічнай дзейнасці. Не згадваецца яно і сярод ліцэнзуемых відаў дзейнасці. І хаця службовыя абавязкі прадзюсера акрэслены ў Кваліфікацыйным даведніку "Пасады служачых, занятых у культуры і мастацтве", штатны расклад значнай большасці арганізацый культуры і мастацтва стаўку прадзюсера папросту не прадугледжвае. Можа, яшчэ і таму, што такога паняцця, як "прадзюсер у сферы эстраднага музычнага мастацтва", на заканадаўчым узроўні ў нашай краіне ўвогуле не існуе. Акрамя ўласна праблем, былі вызначаны і напрамкі ўдасканалення сістэмы эстраднага прадзюсерства. Адбылося зацікаўленае абмеркаванне канцэпцыі развіцця эстраднага прадзюсіравання, якое мы і прапануем нашым чытачам.

 Міхаіл ФІНБЕРГ:

 - Я спецыяльна не рыхтаваўся выступаць, але... Калі я толькі пачынаў сваю творчую дзейнасць, на эстрадзе панаваў высокі прафесіяналізм. З аднаго боку, я адчуваў сябе пачаткоўцам, з іншага- мне было на каго раўняцца, з каго браць прыклад. Сёння ж паняцці прафесіяналізму і аматарства зблытаны. Усе, здавалася б, - на роўных, а на справе - прафесіянал пачувае сябе на эстрадзе няёмка, бо расцэньваюць нас, так бы мовіць, па адных "тарыфах". А што мы бачым па тэлебачанні? Адзін жанр: спявак і спявачка. Эксклюзіву - ніякага. А між тым, наш Нацыянальны канцэртны аркестр больш за дваццацігоддзе праводзіць фестывалі, рыхтуе столькі адметных праграм менавіта беларускай музыкі розных жанраў, паказвае іх па малых гарадах Беларусі, - і ніводная з іх не трапляе ні на тэлеэкраны, ні нават на сталічную сцэну. Мы працуем, не скардзімся, але ў чым вінаваты слухач, калі яго пазбаўляюць магчымасці пазнаёміцца з нацыянальнай музычнай спадчынай? Прайшло столькі юбілеяў беларускіх кампазітараў, а што ў сапраўднасці можна было пачуць з іх твораў? Хіба тое, што зроблена нашым калектывам, і паказана, зноў-такі, у малых гарадах.

Анатоль ЯРМОЛЕНКА:

- Асноўная праблема, на маю думку, у тым, што сёння фарміраванне густаў моладзі практычна цалкам аддадзена тэлебачанню. Улічваючы ж тое, што круціцца ў тэлеэфіры, пачынаеш хвалявацца за падрастаючае пакаленне, бо з экранаў ліецца шмат нізкапробнага, а моладзь, якая назірае за ўсім гэтым, думае, што так і трэба, што гэта і ёсць сапраўднае мастацтва. Тэлебачанне- папраўдзе вялікая сіла: яно можа ўзняць артыста і, наадварот, прынізіць яго, а то і ўвогуле цалкам "выключыць" з поля зроку публікі. Таму трэба наладзіць трывалыя стасункі з Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі, заахвоціць тэлеканалы, каб тыя здымалі канцэрты нашых музыкантаў (дарэчы, не толькі эстрадных) і папулярызавалі нацыянальнае мастацтва. Не магу не закрануць і пытанне элементарнай павагі да нашых артыстаў. Праводзячы канцэрты на адкрытым паветры, трэба прадугледжваць элементарныя рэчы- да прыкладу, хаця б нейкую палатку, дзе можна было б схавацца ад дажджу, чакаючы свайго выхаду. А канцэртныя строі! Хто-небудзь падумаў пра тое, што ад тых жа дажджоў яны псуюцца? Пры гэтым нашы артысты, у адрозненне ад расійскіх, за такія выступленні грошай не атрымліваюць - нават на "амартызацыю" канцэртных строяў, прыдбаных за ўласныя грошы.

 Іна АФАНАСЬЕВА:

 - Закрану і такую "дробязь", як пад'езд нашага артыста да месца выступлення на машыне. Нармальна пад'ехаць нам не дазваляюць: месцы згуртавання людзей (а артысты выступаюць акурат на такіх пляцоўках) строга ахоўваюцца. Ты павінен выходзіць на пясок, гліну і прайсці потым даволі далёка. Але мы ўсё разумеем. Расійскія ж зоркі на нашых вачах пад'язджаюць, куды ім трэба, без аніякіх праблем... Анатоль ЯРМОЛЕНКА: - Прадоўжыўшы думку, узгадаю і тое, як баяцца на тым жа "Славянскім базары ў Віцебску" завяршаць гала-канцэрты выступленнем вядучых беларускіх калектываў: хай будзе новаспечаная расійская зорка, толькі не нашы артысты.

 Павел ЛАТУШКА:

- Думаю, выйсце - у стварэнні сумесных праектаў з тэлебачаннем. Гэта дазволіла б сумясціць інтарэсы абодвух бакоў: і відовішчнасць праекта, і яго высокую музычную якасць. Вядома, Міністэрства культуры не можа фарміраваць сетку вяшчання тэлеканалаў. Пытанне - у іншым: як стварыць умовы, каб тэлеканалы былі зацікаўлены ў больш маштабным асвятленні канцэртаў беларускай эстрады? Тут неабходна як адміністратыўнае, так і эканамічнае ўздзеянне. І мы над гэтым працуем пачынаючы з Нацыянальнай музычнай прэміі, канцэпцыю якой ужо распрацавалі і, спадзяёмся, у хуткім часе прадставім на разгляд кіраўніцтва краіны.

Андрэй КАЛІНА:

 - Нічога не зменіцца, пакуль мы не зменім само стаўленне да беларускіх выканаўцаў. Здараецца, нашым артыстам немагчыма прабіцца са сваімі канцэртамі нават проста ў некаторыя рэгіёны. Да прыкладу, ёсць вобласць, у якой Іскуі Абалян за 15 гадоў сваёй творчай дзейнасці пабывала ўсяго аднойчы: усе перамовы заканчваюцца нічым. І гэта прытым, што выязныя канцэрты ў рэгіёны яна ладзіць рэгулярна, па некалькі разоў на месяц. Іншы прыклад. Ужо некалькі месяцаў, як мы імкнёмся арганізаваць выступленне Ані Шаркуновай і Германа ў адным Доме культуры буйнога прадпрыемства, зарэгістраваным як пляцоўка абласной філармоніі. Там ёсць добрая апаратура, усе магчымасці, - няма зацікаўленасці. Тлумачыцца гэта наступным: арганізатарам зручней прывезці адну, скажам, расійскую зорку, білеты на канцэрт якой адразу пакрыюць увесь план па аказанні платных паслуг насельніцтву, чым зладзіць некалькі канцэртаў беларускіх артыстаў, бо яны абыходзяцца для кішэні спажыўцоў куды больш танна. Лічу, павінны быць нейкія эканамічныя стымулы, каб нашых артыстаў запрашалі часцей. Тым больш, па мастацкіх якасцях выступленні многіх з іх не толькі не горшыя, а куды лепшыя за некаторыя замежныя. Да тае ж пары, пакуль галоўным паказчыкам дзейнасці ўстаноў культуры будзе адно план па аказанні платных паслуг, а не, скажам, развіццё айчыннай эстрады, яго будуць выконваць любой цаной. І апошняе. На сёння дзяржаўныя і недзяржаўныя структуры, што займаюцца прадзюсіраваннем, пастаўлены ў розныя эканамічныя ўмовы. Гэта стрымлівае здаровую канкурэнцыю і ў выніку прыводзіць да таго, што нашы артысты з'язджаюць за мяжу, дзе апынаюцца ў цэнтры ўвагі.

Юрый САВАШ:

 - Я спыніўся б на эканамічным складніку дзейнасці прадзюсерскіх цэнтраў. Колькі каштуе падрыхтаваць аднаго маладога артыста? Гэта працяглы працаёмкі працэс, што складае не адзін год. Праекты накшталт "Фабрыкі зорак" арыентаваны на "хутка спечаных" артыстаў, якіх потым можна замяніць іншымі, падрыхтаваўшы з імі, зноў жа, адну-дзве песні. Іншая справа- прадзюсерскія цэнтры: іх дзейнасць накіравана на падтрымку артыстаў, што складуць гонар краіны. За гады існавання Тэатра песні Ірыны Дарафеевай нашы салісты 23 разы перамагалі на міжнародных конкурсах, не кажучы ўжо пра рэспубліканскія і рэгіянальныя. Разам з тым, падрыхтоўка маладых артыстаў будуецца пакуль адно на энтузіязме: прыбытак складае толькі 10 працэнтаў ад агульных капіталаўкладанняў, што патрабуюцца на аднаго таленавітага спевака. Бо гэта і праца педагога-рэпецітара (сапраўдны вакал, у адрозненне ад спеваў пад фанаграму, патрабуе штодзённых заняткаў), і распрацоўка іміджа (добры знешні выгляд пачынаецца са сцэнічных строяў), і складанне рэпертуару, што ўключае пошук новых песень, іх замову, падрыхтоўку аранжыровак, "мінусовак", працу з жывымі музыкантамі. Далучыце сюды рацыянальны расклад дня, дыетычнае харчаванне, спартыўныя заняткі, пластыку, наяўнасць "падтанцоўкі" - насамрэч, набіраецца вельмі многа разнастайных "трэба", разлічаных, зноў падкрэслю, на доўгатэрміновы эфект, а не на імгненнае атрыманне прыбытку. Такім чынам, у месяц затраты на аднаго артыста складаюць 3,5 тысячы долараў, на год - 50 тысяч. Падрыхтоўка ж артыстам новай праграмы абыходзіцца ў 36 тысяч долараў. Ці ёсць такія грошы ў нашых філармоній, дзе апошнім часам таксама адкрыты прадзюсерскія цэнтры? Вядома, не. Значыць, трэба развіваць мецэнацтва, ствараць спрыяльныя ўмовы для аказання спонсарскай дапамогі. Ёсць і такі бок: ці лёгка будзе знайсці спонсара, каб падтрымаць нікому не вядомага пачаткоўца? Іншая справа - раскручанае замежнае імя. Таму трэба паставіць бар'ер у запрашэнні тых жа расійскіх салістаў на дзяржаўныя грошы: няхай іх запрашаюць на спонсарскія! Дзяржаўныя ж, "зэканомленыя" на такой акцыі, пойдуць на падтрымку сваіх, на пагашэнне тых укладанняў, што патрабуюцца на падрыхтоўку артыстаў і іх далейшае развіццё. А значыць - на развіццё ўсёй нацыянальнай культуры.

Максім АЛЕЙНІКАЎ:

 - Я не зусім разумею прынцып фінансавання эстрадных артыстаў, якія працуюць у дзяржаўных установах. Гэта стрымлівае развіццё шоу-бізнесу, што ставіць артыстаў у розныя ўмовы. Лічу, калі дзяржава збіраецца і надалей падтрымліваць эстраду, дык трэба правесці конкурс (і, можа, не адзін), дзе былі б вылучаны лепшыя выканаўцы, вартыя такой падтрымкі. А яшчэ лепей - заснаваць творчыя стыпендыі, накіраваныя на рэалізацыю праектаў дзяржаўнай важнасці: скажам, на стварэнне беларускамоўных песень. У Беларусі ўвогуле вельмі мала прадзюсераў. Сусветны ж вопыт паказвае, што здаровая канкурэнцыя дапамагае развіццю любой з'явы. Калі ж у нас некаторыя артысты атрымліваюць дзяржаўную датацыю, гэта не спрыяе канкурэнцыі. А значыць, стрымліваецца і само развіццё эстрады. Увогуле ж, у слова "прадзюсер" у свеце ўкладаецца крыху іншае значэнне, чым у нас. Можа, адсюль- і іншыя супярэчнасці?

 Уладзімір МАКСІМКАЎ:

- Усе артысты, каго я бачу сёння запрошанымі на калегію, вельмі паспяховыя. Агульная ж сітуацыя - крыху іншая. Таму ў мяне ёсць прапанова. Нам сёння не хапае сістэмнага падыходу. Глядзіце: з аднаго боку, добра, што ўвялі 75-працэнтную квоту на беларускую музыку ў радыёэфіры, з іншага ж- гэта прывяло да таго, што FM практычна перасталі слухаць. Бо самае слабое на сёння звяно - рэклама нашых артыстаў. Вось на што трэба звярнуць увагу! І не толькі ўкладаць у гэта грошы, але і, да прыкладу, увесці скідкі на рэкламу беларускіх артыстаў. Міністэрства культуры магло б сапраўды ўдзельнічаць у беларускіх тэлевізійных музычных і канцэртных праектах, у іншых мерапрыемствах - у тым жа конкурсе маладых выканаўцаў, які ладзіць "БелАЗ", зрабіўшы яго міжнародным. А яшчэ - стварыць прадзюсерскі цэнтр, які будзе падтрымліваць не асобных артыстаў, а менавіта найбольш цікавыя творчыя праекты, што рухаюць развіццё беларускай эстрады.

 Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ:

- Давайце глядзець на сітуацыю рэальна. У нас не самая вялікая па тэрыторыі краіна, што ўжо само па сабе складае пэўныя цяжкасці для канцэртавання нашых артыстаў. Тым больш, трэба абараняць свой канцэртны рынак, прадастаўляючы нашым артыстам, у адрозненне ад замежных, ільготныя ўмовы для гастралявання. Бо сёння тыя ж расійскія артысты паспяхова "абжываюць" ужо не толькі абласныя, але і раённыя цэнтры. Пастаўце сябе на месца іх жыхароў: аддаўшы вялізныя грошы за канцэрт расійскай зоркі, яны ўжо не могуць знайсці куды меншыя, каб пайсці на беларускі канцэрт. І гэта трэба ўлічваць! Бо справа не ў тым, што кагосьці любяць, а кагосьці - не. Спрацоўвае і такі фактар, як даступнасць і недаступнасць. Расійская зорка прыехала выступіць "толькі раз і толькі для вас", а нашых артыстаў, маўляў, можна будзе паглядзець і паслухаць у любы момант. Іншая справа, што часам той "любы момант" так і не настае. І яшчэ. Мы ўвесь час шукаем маладыя таленты. Знаходзім. Але што з імі становіцца надалей? Бо трэба не толькі знайсці, але і падтрымаць. А затым - даць магчымасць самім зарабляць і развівацца. Конкурсаў для моладзі ў нас хапае. А павінны быць і конкурсы для тых, хто ўжо, здавалася б, склаўся як творца.

ГЮНЕШ:

- Я ўдзячная лёсу, што на маім творчым шляху з'явіўся Маладзёжны тэатр эстрады, бо знайшла тут магчымасць сваёй творчай самарэалізацыі. Але на сёння багатыя рэсурсы гэтага тэатра не выкарыстоўваюцца напоўніцу. Яго няма на тэлебачанні, а значыць, пра яго ведаюць толькі тыя, хто ў ім хаця б аднойчы пабываў...

Іна АФАНАСЬЕВА:

 - Патрэбны нейкі беларускі фестываль са сваёй мастацкай канцэпцыяй. Мне скажуць, вядома, што ёсць "Славянскі базар у Віцебску". Але я паспрабавала падлічыць, колькі сольных канцэртаў беларускіх артыстаў адбылося на ім за 19 гадоў яго існавання. Аказалася, мне хапіла пальцаў адной рукі, бо я змагла ўзгадаць канцэрты "Сяброў", "Песняроў", Аляксандра Саладухі, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Можа, на кагосьці забылася, але параўнайце гэтую лічбу з колькасцю штогадовых расійскіх сольнікаў на гэтым фестывалі! Атрымліваецца, у нас няма больш артыстаў, якія маюць сольныя праграмы?..

Павел ЛАТУШКА:

- Ідзе працэс камерцыяналізацыі "Славянскага базару ў Віцебску". Таму арганізатары клапоцяцца пра акупнасць білетаў. Але давайце запішам гэтую прапанову ў Рашэнне калегіі- на разгляд арганізатараў фестывалю.

Іна АФАНАСЬЕВА:

- Але чаму, калі на канцэртную пляцоўку прыходзіць беларускі выканаўца, ён сам павінен дбаць пра ўсё, у тым ліку пра распаўсюджанне білетаў? Замежныя артысты гэтым не займаюцца, і гэта таксама складае няроўныя ўмовы.

Павел ЛАТУШКА:

 - Падводзячы некаторыя вынікі, я хацеў бы вылучыць пяць асноўных момантаў, на якіх засяродзіў бы вашу ўвагу. Па-першае, трэба ўголас гаварыць пра такі складнік, як эканоміка культуры, які сёння ў нас адсутнічае. Ёсць сістэма фінансавання асобных галін культуры, а гэта крыху іншае. Другі блок пытанняў - гэта арганізацыйныя мерапрыемствы. Трэці- інфармацыйнае і рэкламнае забеспячэнне. Чацвёрты - падрыхтоўка кадраў. І пяты - міжнародная дзейнасць. Адміністрацыйны рэсурс, які выкарыстоўваўся пры пошуку спонсараў, ужо сябе вычарпаў. Трэба ствараць спрыяльныя эканамічныя ўмовы для развіцця спонсарства. Мы ўжо ўнеслі свае прапановы на разгляд парламента і Урада краіны. Канешне, па ўсіх гэтых пытаннях патрэбна і падтрымка Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Таксама важна распрацаваць і сістэму заахвочвальных мер, калі мы заўважалі б і адзначалі тых людзей, якія, самі не з'яўляючыся творцамі, робяць, тым не менш, важны ўнёсак у развіццё нашай нацыянальнай культуры. Так, неабходна было б заснаваць рэспубліканскі конкурс "Мецэнат культуры", распрацаваць адпаведны нагрудны знак і ўзнагароджваць ім лепшых. Вельмі важнай тут з'яўляецца інфармацыйная падтрымка, куды ўваходзіць і шырокае асвятленне мерапрыемстваў, што праводзяцца з дапамогай спонсараў.

Трэба падумаць і пра аптымізацыю расходаў па арганізацыі і правядзенні канцэртаў беларускіх артыстаў. На сёння дзеючы план платных паслуг насельніцтву стаў стрымліваючым фактарам на шляху развіцця беларускай эстрады. Таму трэба спрасціць працэс арганізацыі выступленняў айчынных выканаўцаў, увесці адпаведныя эканамічныя льготы. Мы лічым неабходным адмяніць пастанову, што стрымлівае колькасць фестываляў у краіне, бо гэта таксама не спрыяе развіццю нашай эстрады. Наадварот, упэўнены, патрабуецца правядзенне новых фестываляў і конкурсаў, якія дапамагалі б выяўленню лепшых. Нарэшце, неабходна і заснаванне згаданай ужо музычнай прэміі, прычым- сумесна з тэлебачаннем. Што да падрыхтоўкі кадраў, дык у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на базе кафедры эстраднага мастацтва трэба стварыць адпаведны факультэт. Але адным гэтым праблемы не вырашыць. Для нас прынцыпова важным з'яўляецца правядзенне майстар-класаў і іх фінансаванне. Патрабуецца і сістэма фінансавай падтрымкі замежных стажыровак найбольш таленавітых артыстаў, уключаючы студэнтаў будучага факультэта эстрады, і, вядома, інфармацыйная падтрымка нашага мастацтва на ўсіх узроўнях, бо толькі сістэмны, шырокаахопны падыход зможа вырашыць набалелыя праблемы.

 Вынікам пасяджэння калегіі, згодна з Пратаколам яе пасяджэння, стала прыняцце наступнага Рашэння:

"1. Адобрыць у цэлым праект канцэпцыі развіцця ў Рэспубліцы Беларусь сістэмы прадзюсерства ў сферы эстраднага музычнага мастацтва з улікам выказаных прапаноў.

Забяспечыць узгадненне праекта дадзенай канцэпцыі з усімі зацікаўленымі і падрыхтаваць да ўнясення на разгляд у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Адказны: упраўленне мастацтваў, юрыдычны аддзел. Тэрмін: 10.10.2010.

 2. Падрыхтаваць праекты нарматыўных дакументаў:

 2.1. Аб унясенні дапаўненняў: у Падаткавы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб дадатковых ільготах пры аказанні спонсарскай (бязвыплатнай) дапамогі; у Грамадзянскі кодэкс аб асаблівасцях ахвяравання работ (паслуг) для арганізацый і устаноў культуры.

Адказны: эканамічнае ўпраўленне, юрыдычны аддзел, упраўленні устаноў культуры і народнай творчасці, мастацтваў. Тэрмін: 17.09.2010.

2.2. Палажэння аб устанаўленні нагруднага знака "Мецэнат культуры".

Адказны: юрыдычны аддзел, упраўленні устаноў культуры і народнай творчасці, мастацтваў. Тэрмін: 10.09.2010.

2.3. Аб парадку арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з улікам вызвалення арганізатараў ад выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення мерапрыемства з удзелам беларускіх выканаўцаў і калектываў.

Адказны: упраўленне мастацтваў, юрыдычны аддзел. Тэрмін: 20.07.2010.

2.4. Аб абмежаванні выкарыстання ў канцэртах фанаграм.

Адказны: упраўленне мастацтваў, юрыдычны аддзел. Тэрмін: 20.10.2010.

 3. Падрыхтаваць прапановы на адрас беларускіх тэлеканалаў аб дыферэнцыраваным падыходзе аб устанаўленні разлікаў на рэкламу канцэртаў беларускіх і замежных выканаўцаў.

 Адказны: упраўленне мастацтваў. Тэрмін: 15.09.2010.

 4. Падрыхтаваць прапановы ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб увядзенні льготнага каэфіцыенту на арэнду канцэртных залаў для правядзення канцэртаў беларускіх выканаўцаў.

 Адказны: упраўленне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, упраўленне мастацтваў, юрыдычны аддзел. Тэрмін: 20.08.2010.

 5. Падрыхтаваць прапановы ў Міністэрства інфармацыі з просьбай забяспечыць на радыёстанцыях трансляцыю музычных твораў беларускіх аўтараў і выканаўцаў з абавязковым прадстаўленнем інфармацыі аб іх імёнах.

Адказны:упраўленне мастацтваў. Тэрмін: 20.08.2010.

6. Ажыццявіць па форме дзяржаўнага заказу набыццё песенных эстрадных твораў беларускіх кампазітараў на беларускай мове.

Адказны: упраўленне мастацтваў. Тэрмін: 01.01.2011.

 7. Забяспечыць у 2010 - 2011 гг. удзел беларускіх эстрадных выканаўцаў у значных міжнародных культурных мерапрыемствах, міжнародных конкурсах і фестывалях.

 Адказны: упраўленне мастацтваў. Тэрмін: 01.01.2011.

 8. Забяспечыць у 2010 годзе падрыхтоўку мюзікла да навагодняга прадстаўлення, якое праводзіцца ў межах Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці".

Адказны: упраўленне мастацтваў. Тэрмін: 15.12.2010.

9. Прыняць меры па актывізацыі прадзюсерскай дзейнасці ў рэгіёнах і г. Мінску і распрацаваць адпаведныя планы мерапрыемстваў на 2011 г.

Адказны: упраўленні культуры аблвыканкамаў сумесна з абласнымі філармоніямі, Маладзёжны тэатр эстрады, упраўленне мастацтваў. Тэрмін: 25.11.2010.

 10. Разгледзець пытанне і ўнесці прапановы па ўдасканаленні прадзюсерскай дзейнасці Маладзёжнага тэатра эстрады.

Адказны: Маладзёжны тэатр эстрады. Тэрмін: 15.09.2010.

 11. Разгледзець пытанне і ўнесці прапановы па варыянтах размяшчэння дзяржаўнай установы "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь".

Адказны: упраўленне капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, дзяржаўная ўстанова "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь". Тэрмін: 10.12.2010.

12. Пры фарміраванні праграммы ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" прадугледзець правядзенне сольных канцэртаў беларускіх артыстаў эстрады.

Адказны: упраўленне мастацтваў. Тэрмін: 10.02.2011.

13. Унесці прапановы аб адкрыцці ва ўстанове адукацыі "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў" эстраднага факультэта.

 Адказны: Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў. Тэрмін: 15.09.2010.

 14. Распрацаваць комплекс мер па выкарыстанні "жывога" гуку выканаўцамі і творчымі калектывамі пры правядзенні мерапрыемстваў Міністэрства культуры.

Адказны: упраўленне мастацтваў, Белдзяржфілармонія, Маладзёжны тэатр эстрады. Тэрмін: 10.08.2010".