“Палеская хроніка” ў металле

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Старшыня Праўлення гомельскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Роберт Ландарскі паведаміў “К”, што да Дня беларускага пісьменства ў гарадскім парку Хойнікаў будзе ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя, аўтарам якой з’яўляецца гомельскі скульптар Валерый Кандраценка. Гэта — таленавіты творца, вядомы, да прыкладу, сваімі скульптурамі казачных герояў, усталяваных побач з Тэатрам лялек у Гомелі.

/i/content/pi/cult/278/4364/3-4.jpg

 Рэдакцыя стэлефанавалася з Валерыем Кандраценкам. Творца распавёў, што кампазіцыя прысвечана Івану Мележу і ягоным літаратурным героям. Скульптура будзе вырабляцца з металу. У яе аснове- сімвалічны рукапіс з надпісам "Іван Мележ. Людзі на балоце". З гэтага пастамента "прарастаюць" чатыры фігуры: Ганна Чарнушка, Васіль Дзятлік, ягоныя маці і малодшы брат.

 - Гэтымі днямі, - распавядае Валерый Андрэевіч, - я з пластыліну выконваю кампазіцыю ў памеры для наступнай адліўкі... Думаю, што героі "Палескай хронікі" арганічна ўпішуцца ў культурную прастору знакамітай Хойніцкай зямлі...

 Да слова, скульптурная кампазіцыя займее сталую "прапіску" перад галоўным фасадам сядзібнага дома - архітэктурнага помніка ХІХ- пачатку ХХ стагоддзяў у стылі неакласіцызм. Менавіта ў гэты унікальны будынак перабярэцца неўзабаве мясцовы Краязнаўчы музей.

 Радзіма Івана Мележа прыме да свята новае аблічча

 Паважаныя сябры!

 Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае нацыянальнае свята - Дзень беларускага пісьменства. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент адукацыі і пісьменства, усім, хто на працягу стагоддзяў шанаваў і нёс у свет цудоўную беларускую мову, хто ўпрыгожыў айчынную і сусветную культуру сваімі бессмяротнымі творамі.

Сталіцай XVІІ Дня беларускага пісьменства ў 2010 годзе стануць Хойнікі. Гэты непаўторны край узгадаваў народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, які на ўвесь свет праславіў родную зямлю сваёй "Палескай хронікай", тут таксама нарадзіліся і выраслі празаік Барыс Сачанка, паэт Мікола Мятліцкі, паэтэса Ала Канапелька і іншыя, хто сваёй творчасцю ўслаўляў Хойніччыну і яе працавітых жыхароў.

Каб Дзень беларускага пісьменства прайшоў на самым высокім узроўні, запрашаем усіх неабыякавых людзей прыняць удзел у яго падрыхтоўцы. Вялікіх затрат патрабуе добраўпарадкаванне Хойнікаў: неабходна рэканструяваць дзіцячую бібліятэку, Дом культуры, гарадскі парк, былую панскую сядзібу, дзе неўзабаве будзе адкрыты краязнаўчы музей. У горадзе з'явяцца скульптурныя кампазіцыі герояў твораў Івана Мележа. Асабіста мы запрашаем прыняць удзел у дабрачыннай акцыі тых жыхароў Хойніччыны, якіх лёс раскідаў па розных кутках нашай краіны.

У вас ёсць шанц пакінуць сваё імя ў сучаснай гісторыі нашага краю. Свае грашовыя ахвяраванні можна дасылаць на разліковы рахунак 3632401190110 у філіяле 326 АСБ "Беларусбанк" МФО 151501685, г. Хойнікі, вул. К.Маркса, 4, УНН- 400057081. ОКПО - 04063463.

 Створым свята разам!

 Нацыянальны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Хойніках

На здымку: сядзібны дом у Хойніках.