Рэальны час для тэатра

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Неўзабаве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Сучасны мастацкі тэатр распачнуць рэалізацыю творчай акцыі пад назвай “Мінск — любоў мая”. Гэта — першы сумесны тэатральны праект, у якім Міністэрства культуры акажа фінансавую падтрымку недзяржаўнай арганізацыі.

 

Галоўная ідэя праекта палягае ў тым, што маладыя беларускія драматургі ствараюць міні-п'есы, а іх тэатральную рэалізацыю ажыццяўляюць маладыя ж рэжысёры. "Скразная" тэма - беларуская сталіца як люстэрка, у якім можна ўбачыць і наша сучаснае жыццё, і людзей, чые лёсы звязаныя з гэтым горадам. Падобная да гэтай форма, апрабаваная праектам "On-line" ў рамках Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Панарама", прадэманстравала шырокі інтарэс да такіх праектаў з боку гледачоў.

 Мяркуецца, што дадзеная акцыя стане своеасаблівым тэатральным "серыялам-трансформерам", міні-спектаклі якога будуць знаходзіцца ў пастаянным жывым руху, развівацца і асучаснівацца, а пры неабходнасці іх зменяць іншыя.

 Адзін з пастаноўшчыкаў, які ўжо даў згоду на ўдзел у будучым праекце, - галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргей Кавальчык.

"Пакуль праект знаходзіцца на самым пачатку сваёй рэалізацыі, - распавёў Сяргей Міхайлавіч, - і казаць пра канкрэтыку і дэталі будучага спектакля яшчэ зарана. Магу сказаць толькі, што галоўнай інтрыгай і, адпаведна, дзейнымі асобамі будучай пастаноўкі стануць добра вядомыя ўсім мінчанам і гасцям сталіцы "персанажы" - паркавыя скульптуры Дзяўчынкі з парасонам і Хлопца з Міхайлаўскага скверу ды іншыя работы аўтарства Уладзіміра Жбанава".