Шчаслівы чалавек

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні родным і блізкім вядомага кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі Ігара Дабралюбава ў сувязі з яго смерцю. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы. Ігар Дабралюбаў пакінуў адметны след у гісторыі айчыннай культуры. Знятыя ім цудоўныя фільмы для дарослых і дзяцей сталі сапраўднай класікай нацыянальнага мастацтва, яны карыстаюцца нязменным поспехам у гледачоў розных пакаленняў. Жыццё і творчасць Ігара Міхайлавіча — прыклад высокага прафесіяналізму і самаадданага служэння сваёй справе для ўсіх кінематаграфістаў краіны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. “Светлая памяць пра знакамітага Майстра беларускага кіно Ігара Міхайлавіча Дабралюбава будзе заўсёды з удзячнасцю захоўвацца на нашай зямлі”, — гаворыцца, у прыватнасці, у спачуванні.

/i/content/pi/cult/278/4361/3-1.jpg

 Пайшоў з жыцця Ігар Міхайлавіч Дабралюбаў... Постаць знакавая для беларускага кінамастацтва і вядомая нават тым, хто рэдка заглядвае ў фінальныя цітры стужак. Прыкметная, яскравая асоба Майстра кіно цягам дзесяцігоддзяў была цэнтрам прыцягнення для сяброў, калег, прыхільнікаў яго творчасці. Прозвішча Ігара Міхайлавіча стала яго сімвалам: ён і сапраўды быў добрым, інтэлігентным і ўлюбёным у справядлівасць чалавекам. Дзіця вайны, ён пабачыў Беларусь у руінах і аднаўленне краіны. Станаўленне дабралюбаўскага творчага характару праходзіла разам з адраджэннем нашай зямлі. Ваенная тэма была для яго не адзінай, але назаўсёды стала галоўнай.

Калі на Міжнародным фестывалі дзіцячых фільмаў у Венецыі паказвалі "Івана Макаравіча", рэалізм стужкі настолькі ўразіў еўрапейскіх гледачоў, што некаторыя крытыкі былі ўпэўнены: беларускі рэжысёр уставіў у свой твор хранікальныя кадры, знятыя ў саракавыя. Між тым, для таго, хто адчуваў подых ваенных падзей у юнацкім узросце, гэты рэалізм быў натуральным. Прынамсі, такім было ўсё пакаленне тых, хто працаваў на "Беларусьфільме" ў яго "Залаты век". Ігар Дабралюбаў стаў сэрцам гэтага пакалення. Ягоныя стужкі вылучаюцца асаблівай душэўнасцю, павагай і любоўю да чалавека. Нездарма рэжысёра так любяць "яго" акцёры, як беларускія, так і замежныя: здымкі ў Дабралюбава заўсёды азначалі ўсенародную вядомасць.

 "Іду шукаць", "Вуліца без канца", "Шчаслівы чалавек", "Расклад на паслязаўтра" - знятыя на мове тагачаснага сацыялістычнага рэалізму, карціны Дабралюбава пра сваіх сучаснікаў, наперш - маладых, таленавітых, якія заўсёды знаходзяцца ў пошуку, не састарэлі і на гэты дзень, бо маюць універсальнае чалавечае вымярэнне. Бадай, на гэтым заснаваны і поспех аднаго з найбольш папулярных беларускіх фільмаў- камедыі "Белыя Росы". Колькі і дзе ні паказвалі яе - аншлагі ў кіназалах былі забяспечаны, як і рэйтынгі тым тэлеканалам, што ставяць стужку ў свае праграмы ў нашы дні. Этапным для нацыянальнага кінамастацтва стаў васьмісерыйны тэлевізійны фільм "Плач перапёлкі" паводле рамана Івана Чыгрынава: вельмі ўдалы прыклад кінематаграфічнай адаптацыі твора айчыннай літаратуры, які мог бы зрабіцца пачаткам перспектыўнага накірунку развіцця нашай студыі.

Для нас, супрацоўнікаў "Культуры", Ігар Міхайлавіч быў яшчэ і калегам: у далёкім 1956м ён скончыў тагачаснае аддзяленне журналістыкі БДУ. Пасля быў ВГИК, майстэрня вялікага педагога Міхаіла Рома, але літаратурную працу Дабралюбаў не кідаў ніколі: шмат якія сцэнарыі напісаны яго рукой. Некалькі гадоў таму свет убачылі мемуары кінематаграфіста. Перачытаўшы іх, можна пераканацца, што, нягледзячы на цяжкасці, якія выпалі на лёс яго пакалення, Ігар Міхайлавіч быў шчаслівым чалавекам. І кожны, хто хоць раз глядзеў яго фільмы, пакінуў кавалачак гэтага шчасця ў сабе.

Супрацоўнікі "Культуры" выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім Ігара Дабралюбава.