Падарунак — сёння

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Лепшыя кнігі нашай краіны атрымае ў дар Расійская дзяржаўная бібліятэка ў межах Міжнароднай акцыі “Беларусь сёння”, ініцыяванай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы міністэрстваў інфармацыі і замежных спраў.

Перадача тамоў адбудзецца на XXIII Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў верасні. Пра гэта паведаміў "К" намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры нашай краіны Уладзімір Шышкін.

Кнігі - лаўрэаты нацыянальных і міжнародных конкурсаў - будуць перададзены да канца года таксама ва Украіну, Германію і Польшчу. Першай бібліятэкай у рэалізацыі праекта "Беларусь сёння" стала Бібліятэка Кангрэса ЗША, якой напрыканцы чэрвеня было ўручана 100 лепшых выданняў. Іх атрымала кіраўнік Еўрапейскага дэпартамента ўстановы Джарджэт Дорн з рук дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага.

Якія ж кнігі змогуць пабачыць наведвальнікі бібліятэк іншых краін? Гэта выданні, што прэзентуюць нашу дзяржаву, літаратура па мастацтве, геаграфіі, гісторыі, эканоміцы, палітыцы, мовазнаўстве, традыцыях, а таксама фотаальбомы. Каштоўнымі складнікамі падарункаў з'яўляюцца кнігі "Белавежскі цуд", "Спадчына Беларусі. Скарбы", "Энцыклапедыя Перамогі", "Энцыклапедыя беларускай кухні", "Мінск і ваколіцы" ды многія іншыя.