Заслужаны!

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі быў нададзены статус “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.

Натуральна, з такой знакавай для тэатра падзеяй мы не маглі не павіншаваць яго дырэктара - мастацкага кіраўніка, заслужанага дзеяча мастацтваў краіны Валерыя Анісенку.

- Галоўнае, - мяркуе Валерый Данілавіч, - пачуццё глыбокага задавальнення ад таго, што справы тэатра аказаліся заўважаны і адзначаны на такім высокім дзяржаўным узроўні. Сёння ў РТБД тры чвэрці афішы - пастаноўкі па творах беларускіх аўтараў! У якім яшчэ тэатры краіны вы знойдзеце гэта?

Магу не без гонару зазначыць: на сённяшні дзень у нас склалася цудоўная творчая каманда аднадумцаў, людзей творчых, так што практычна ўсе, хто прыходзіць да нас на спектаклі, адзначаюць асаблівую атмасферу. Мы, сапраўды, культывуем ідэю тэатра-дому, тэатра-сям'і. Ёсць у трупе яркія творчыя лідэры, такія, як Таццяна Мархель, Ігар Сігоў, Людміла Сідаркевіч, Галіна Чарнабаева. Падрасло маладое пакаленне... Таму - нястомна рушым наперад!