Тым часам, краіна рыхтуецца прыняць свята гэтага года ў Лідзе.
Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка распавядае "К", што сёлетні Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла "Дажынкі" будзе ў крэатыўным сэнсе не падобны на папярэднія.
Усіх сакрэтаў Аляксандр Лойка не раскрыў, але зазначыў, што пад час хлебаробскага свята чакаецца авіяцыйнае шоу, мяркуецца выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі вытворчасці "Лідсельмаша", здзівяць гледача і анімацыйныя дзеі ў антуражы Лідскага замка.
На шасці асноўных канцэртных пляцоўках будзе выступаць каля паўсотні творчых калектываў з вобласці, прыкладна столькі ж- з Лідскага раёна. Створаны і ўжо дзейнічаюць рэжысёрскія групы, плён творчых захадаў якіх рэгулярна аналізуецца на пасяджэннях абласных штабаў па арганізацыі і правядзенні "Дажынак-2010".
Па словах начальніка аддзела культуры Лідскага райвыканкама Уладзіміра Самсонава, на перадсвяточным добраўпарадкаванні горада цяпер занята каля чатырох тысяч будаўнікоў, 140 - 150 з іх - на гарадскіх аб'ектах культуры. Ужо адрамантаваны філіял бібліятэкі № 4, Дом-музей Валянціна Таўлая, філіял ДШМ.
У жніўні завяршаецца рамонт Дзіцячай школы мастацтваў, Дома рамёстваў, Дома культуры. Непадалёк ад апошняга аб'екта поўным ходам узводзіцца цэнтральная канцэртная пляцоўка "Дажынак-2010": укладзена большая палова пліткі, добраўпарадкоўваецца прылеглая тэрыторыя.