Памаладзець з паэзіяй і песняй

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Літаральна праз некалькі гадзін, позна ўночы, завершыцца ІХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна — 2007”, прысвечаны 125-годдзю народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Арганізатарамі Нацыянальнага фестывалю “Маладзечна — 2007” выступілі Міністэрства культуры Беларусі, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія РБ, Мінскі аблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Палац Рэспублікі, Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам рэспублікі, прафесарам Міхаілам Фінбергам.
Учора ўвечары на Цэнтральнай плошчы г. Маладзечна адбыліся прэм’еры канцэртных праграм аркестра паводле творчасці вялікіх Песняроў. Іх красамоўныя назвы-цытаты — “… Мне засталася спадчына”, “Мой родны кут, як ты мне мілы” — быццам праводзілі паралелі з тымі творчымі сустрэчамі беларускіх паэтаў і кампазітараў з працаўнікамі, што, паводле традыцыі, ладзіліся ў парку імя Перамогі.
Сярод святочных мерапрыемстваў — і выстаўка ў абласным краязнаўчым музеі, зладжаная дзяржаўнымі літаратурнымі музеямі Я.Купалы і Я.Коласа, і спектакль “На другі дзень Сёмухі”, пастаўлены Мінскім абласным драматычным тэатрам паводле п’есы Я.Купалы “Прымакі”, і кірмаш народных рамёстваў “Скарбаў россып залаты”, і шматлікія выяўленні дзіцячай творчасці — жывапіснай, спеўнай, танцавальнай, і выступленні этнаграфічных калектываў вёсак Мінскай вобласці, і традыцыйны “Джаз у начы”, і не менш ужо традыцыйны канцэрт акадэмічнай беларускай музыкі, і прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Іосіфа Жыновіча канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі, што носіць яго імя, і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў Беларускага нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Маладзечна — 2007”, і ўдзел у гала-канцэрце многіх вядомых салістаў і калектываў.

Надзея БУНЦЭВІЧ