На дубровенскі голас

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Тры дні карагодзіў, пераліваўся рознымі колерамі вясёлкі песенны фэст “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.

/i/content/pi/cult/277/4348/12-5.jpg

 Распачалі яго спартыўныя мерапрыемствы і свята Дуброўна "Горад старажытны, вечна малады". Канцэрт "Салют салдатам Перамогі!" прайшоў у раённым Доме культуры, дзе выступілі лаўрэаты абласнога конкурсу "Песні юнацтва нашых бацькоў", салісты народнай студыі эстраднай песні "Ліра". Надзвычай цікавым было музычнае тэатралізаванае прадстаўленне "І баль быў дадзены ў Дуброўне...": гледачы апынуліся на балі ў князя Любамірскага, што некалі ладзіла яго дачка Клемянціна.

Наступным днём удзельнікаў фэсту віталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Лукашоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Ціханава, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін горада Дуброўна Мікалай Пашынскі... Сёлета фестываль прыняў самадзейныя калектывы з васьмі краін свету. На сцэнічных пляцоўках райцэнтра і сельскіх дамоў культуры выступілі артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Славакіі.

 Мы запыталіся пра ўражанні ад фэсту ў яго ўдзельнікаў.

 - У Дуброўне мы другі раз,- кажа cаветнік па міжнародных культурных сувязях Раіса Канова са славацкага Прэшава. - I сёлета у нас быў выбар, куды паехаць на фестываль: у Грэцыю або ў Беларусь. Выбралі Дуброўна, бо не можам забыць душэўнасць і гасціннасць яго жыхароў, прыгажосць і веліч гэтага фэсту...

А Юзэф Дабкевіч, спецыяліст па пытаннях культуры Краслаўскага краявога Савета Латвіі, лічыць:

- У вас ёсць чаму павучыцца: як ладзіць фестывалі падобнага кшталту, як прымаць гасцей, як складаць канцэртную праграму... І штогод вы зноў прыдумваеце нешта новае, яшчэ больш арыгінальнае...

 Сёлетні фестываль быў прымеркаваны да святкавання 66-й гадавіны з дня вызвалення Дубровеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Госці, моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў прынялі ўдзел у мітынгу на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу "Рыленкі", ушанавалі хвілінай маўчання памяць амаль 40 тысяч загінулых за вызваленне раёна байцоў і камандзіраў, да падножжа мемарыяла ўсклалі жывыя кветкі.

У гала-канцэрце ж, які адбыўся на гарадскім стадыёне, прынялі ўдзел больш за 20 калектываў.

Людміла ДУДАРАВА,

 галоўны спецыяліст аддзела культуры Дубровенскага райвыканкама