Акадэмія. Курс шаснаццаты

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Міжнародная летняя школа “Нясвіжская акадэмія” набрала на свой 16-ы курс 14 слухачоў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы... “Вызначэнне вартасці аб’ектаў спадчыны і методыкі іх рэстаўрацыі” — такім чынам акрэслена тэма курса, першы этап якога праходзіць на Беларусі, у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Важнасць курса заключаецца ў тым, што супрацоўнікі ў галіне рэстаўрацыі, музейнай справы (дарэчы, пяць музейных спецыялістаў з усёй рэспублікі атрымалі права паўдзельнічаць у праекце ў гэтым годзе) слухаюць лекцыі знаных даследчыкаў на тэму захавання спадчыны, а пасля на практыцы замацоўваюць свае веды. Яны наведалі Мірскі і Нясвіжскі замкі, гістарычныя каштоўнасці Мінска, сустрэліся з рэстаўратарамі і кіраўнікамі будаўнічых арганізацый.... Своеасаблівым гідам для міжнароднага "класа" стала галоўны спецыяліст Нацыянальнага цэнтра даследаванняў і дакументацыі гістарычных помнікаў Варшавы Лідзія Клюпш.

 На адкрыцці "Нясвіжскай акадэміі" намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стружэцкі адзначыў, што яна з'яўляецца адным з найстарэйшых і найбольш эфектыўных сумесных навуковадаследчых праектаў, якія рэалізоўваюцца паміж Беларуссю і Польшчай. "Адраджэнне помнікаў гісторыі і культуры ў нас пачалося пазней, чым у суседзяў, і роля гэтага курса ў падрыхтоўцы спецыялістаў-практыкаў - вельмі вялікая,- паведаміў ён. - Удзел у занятках прадстаўнікоў розных краін дае магчымасць абменьвацца досведам, а таксама рэалізоўваць спробы міжнароднага супрацоўніцтва".

 Старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, адзін з ініцыятараў Летняй школы, адзначыў, што Нясвіжская акадэмія на самым пачатку была адзіным праектам у галіне культуры, які звязваў народы Беларусі і Польшчы. Пасля яе пачалі з'яўляцца пагадненні аб супрацоўніцтве. "Калегі з суседняй краіны праяўляюць вялізную цікавасць да тых мясцін, дзе ёсць згадкі пра нашу агульную культуру, і разам мы можам зрабіць нашмат больш, чым паасобку", - дадаў ён.

У падрыхтоўцы летняй школы прымалі ўдзел Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча, Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, Нацыянальны цэнтр даследаванняў і дакументацыі гістарычных помнікаў Варшавы.