“Фасон” на карабон: скарбнічак, салітэрка і сані

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Сёння цяжка ўявіць, што калісьці не было аніякіх транспартных сродкаў, нават такіх, як прымітыўная павозка. Больш за тое: як сведчаць даныя археалогіі, кола ўпершыню з’явілася ў Месапатаміі прыблізна ў V тысячагоддзі да нашай эры — і тады яго выкарыстоўвалі ў рухомым ганчарным крузе. Праз некалькі тысячагоддзяў шумеры стварылі калаўрот з рухомым колам. І толькі каля 3600 года да нашага часу кола, якое на той момант складалася з трох драўляных частак з распоркамі, пачало выкарыстоўвацца ў павозках, і такім чынам дало пачатак эры колавага транспарту.

/i/content/pi/cult/277/4342/14-1.jpg

У Еўразіі малюнкі калясніц шырока сустракаюцца пачынаючы з эпохі бронзы і ахопліваюць значныя прасторы: гэта Міжземнамор'е, Крым, Ніжняе Паволжа, Кіргізія, Венгрыя, Швецыя, Германія, Славакія. Напэўна, недзе ў гэты час, з распаўсюджаннем індаеўрапейскай культуры шнураванай керамікі, павозкі прыйшлі і на нашы землі. З цягам часу адбываўся іх падзел на культавыя, працоўныя і пасажырскія. Пры гэтым, сярод апошніх найбольшую папулярнасць атрымалі карэты, а актыўнае выкарыстанне і развіццё іх на нашых землях прыйшлося на ХVІІ - ХVІІІ стст.

Карэтай у Рэчы Паспалітай называлася цалкам закрытая каляска, у адрозненне ад напаўадкрытых і адкрытых павозак, што зваліся поездам і падзяляліся на фаэтоны, карыёлкі, скарбнікі, карабоны, рыдваны і малыя вазкі, у якіх ездзілі пераважна прадстаўнікі духавенства, жанчыны, небагатыя шляхцічы. Звычайна сярод карэт вылучаліся два асноўныя тыпы тагачаснага экіпажа - закрыты і больш просты, напаўзакрыты. Аснову карэты складаў кузаў: ён умацоўваўся скуранымі рамянямі, што злучалі заднюю і пярэднюю восі. Спераду былі прадугледжаны козлы для кучара. Карэты звычайна разлічваліся на дзвюх асоб, якія сядзелі побач, або чатырох, што парамі сядзелі насупраць адно аднаго. Рухаючай сілай такога транспартнага сродку звычайна з'яўляліся два кані, хаця ў вялікіх экіпажах іх колькасць магла даходзіць і да васьмі. Сярод разнастайных экіпажаў ХVІІІ ст. у Рэчы Паспалітай можна адзначыць даволі арыгінальнае "бяда" - маленькі двухколавы аднаконны вазок без кучара, які з-за сваёй назвы быў прадметам жартаў, а таксама карэты, што называліся на французскі манер "vis-a-vis": вельмі вузкія, у якіх дзве асобы сядзелі адна насупраць адной, аднамесныя "салітэркі".

 Увогуле, як адзначаў гісторык XVIIІ ст. Е.Кітовіч, "фасон" карэт змяняўся ці не кожныя тры гады, што патрабавала іх сістэматычнай замены. Працяглы час карэты везлі з Парыжа, Берліна, Вены, Лондана. І толькі ў ХVІІІ ст. іх вытворчасць распачалася ў шэрагу гарадоў Рэчы Паспалітай, хаця і тады карэты рабіліся цалкам на за/i/content/pi/cult/277/4342/14-2.jpgмежны манер. Карэту (а лепей - дзве: уласную і для выездаў сям'і) меў кожны большменш заможны шляхціч, багаты гараджанін. У другой жа палове ХVІІІ ст. атрымалі пашырэнне і тагачасныя таксі - наёмныя карэты.

Экіпажы магнатаў вылучаліся адносна вялікімі памерамі і багатым аздабленнем. Кузаў, які ў карэтах розных тыпаў звычайна нагадваў ліхтар, пашыраўся ўверх, меў крыху выгнутыя, барочныя формы (пярэдняя частка з акном магла быць строгіх геаметрычных форм), звонку ўпрыгожваўся пазалочанай разьбой, бронзавымі ліштвамі, жывапісам у кітайскім стылі, каронамі, вензелямі, унутры - багатымі тканінамі, у тым ліку аксамітам, залатымі галунамі. Гэта- шматмесныя карэты з месцамі насупраць. Вокны - а іх колькасць часам дасягала трох па баках і некалькіх спераду і ззаду - маглі быць у выглядзе люстэркаў у багатым аздабленні.

 У ХVІІ - ХVІІІ стст. на абсягах тэрыторыі сучаснай Беларусі можна было даволі часта сустрэць карэты для не надта заможных шляхцічаў, што разлічваліся звычайна на двух чалавек. Карэты абабіваліся ўнутры жоўтым або белым кармазінавым сукном, звонку, уключна з крыху выпуклым дахам, абцягваліся чорнай юхтовай скурай і абкладаліся драўлянымі пазалочанымі рамамі. Верх быў з такой жа скуры і часам меў бронзавае наверша, абабіваўся вялікімі пазалочанымі цвікамі. Кузаў ад зямлі аддзялялі 40 - 45 сантыметраў, да таго ж, ён дазваляў чалавеку стаяць у поўны рост. Заднія колы карэты былі значна большыя за пярэднія. На такім экіпажы мелася двое козлаў: заднія - для гайдукоў, за кузавам, над воссю, пафарбаваныя драўляныя, засланёныя з бакоў скуранымі покрыўкамі, з драўлянай прыступкай, - і пярэднія - для кучара, нізкія, дзе ўтрымліваліся таксама неабходныя яму рэчы, ежа. Былі і козлы, закрытыя чапраком з трох бакоў і зверху. Дзверы тагачасных экіпажаў былі на засаўках і, што самае гало/i/content/pi/cult/277/4342/14-3.jpgўнае, добра прыгнаныя: каб у салон не трапляла вада, калі карэта праязджала па вялізных лужынах, балоцістай мясцовасці.

Прыблізна ў другой палове ХVІІІ ст. з'явіліся карэты з рысорамі, а іх кузаў яшчэ вышэй падняўся над зямлёй. Козлы для кіроўцы рабіліся высокімі, з чапраком, дзвюма скрынямі для рэчаў тагачаснага вадзіцеля з бакоў, які цяпер ужо ўзвышаўся над кузавам. Звонку карэта пачала пакрывацца лакіраванай папяровай масай белага, жоўтага або зялёнага колеру - малюнкамі, у тым ліку выявамі гербаў. Моднымі былі карэты чорнага колеру ў палосы. На малюнку А.Басана 1680 года адлюстравана карэта Радзівілаў: у яе - вялікія заднія колы, што даходзяць да паловы кабінкі, і меншыя пярэднія; крыху выгнутыя формы квадратнай у плане кабінкі разыходзяцца ўверх, на яе задняй частцы вакол акна і пад ім - разьба. З характэрных для Рэчы Паспалітай у ХVІІІ ст. вазоў можна адзначыць абабіты чорнай скурай "карабон". Адметным у ХVІІІ ст. быў і "скарбнічак" - двухконны працоўны вазок для дробных землеўладальнікаў, а таксама службовых асоб. Назвай ён звязаны са "скарбнікамі" - крытымі ваеннымі вазамі і замкнёнымі павозкамі для перавозкі падатковых грошай на ўтрыманне войска. У "скарбнік" запрагалі аднаго, двух, а часам - чатырох добрых коней, у павозцы ехалі кучар і адзін або два ўзброеныя ахоўнікі. Таксама на "скарбніку" вазілі за панскай карэтай кухоннае начынне, пасцель ды іншыя побытавыя рэчы.

 Але калі экіпажы актыўна выкарыстоўваліся ў адносна цёплую пару года, то ўзімку поруч з карэтамі ездзілі і на санях. Канструкцыйныя элементы вялікіх саней адпавядалі тым, што былі ў карэтах. Сані заможных шляхцічаў у ХVІІ ст. былі для невялікай колькасці асоб - звычайна, двух. Яны складаліся з суцэльнай ніжняй часткі са звужаным носам і насланым зверху памостам, а таксама кузава. Апошні займаў прыблізна палову задняй часткі санак і быў выраблены з дрэва, меў дзверцы з вокнамі і цэнтральнае, уціснутае ў вертыкальныя пруты, акно, якое магло мець шкло. Кузаў утрымлівалі скураныя рамяні і прыбітыя да лаўкі і козлаў жалезныя ўмацаванні. Звонку корпус абабіваўся чорнай скурай, упрыгожанай драўлянай пазалочанай разьбой, унутры - каштоўнай матэрыяй светлага колеру. Як і на карэтах, на дзверцах размяшчаліся выявы гербаў, манаграмы. Сані з суцэльным днішчам былі непрактычныя: рабочая частка хутка зношвалася. У ХVІІІ ст. былі распаўсюджаны і напаўзакрытыя двухмесныя сані на двух палазах, якія знаходзіліся вышэй узроўню дзверцаў. Кузаў быў адкрыты спераду, страха-казырок укрывала пасажыраў і выходзіла за мяжу яго асноўнага аб'ёму. Малыя, аднамесныя санкі былі традыцыйнай формы - драўляныя, на двух палазах, што пераходзілі ў высока загнуты нос, з насцілам, з аздобленым разьбой крэслам-сядзеннем са спінкай і падлакотнікамі гнутых форм.

 Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук