Праграма свята была падзелена на некалькі частак і пачалася прэзентацыяй выстаўкі музейных прадметаў hand-made "Поруч з гісторыяй...". Наведвальнікі змаглі ўбачыць шафу, зробленую рукамі бацькі Максіма Багдановіча, саматканыя, вышываныя ручнікі ды іншыя рэчы, якія належалі продкам і сябрам паэта.
Наступная праграма "Поруч з натхненнем..." - гэта выстаўка аўтарскіх работ: упрыгожанні з воўны, бісеру, скуры, гліны, гарбуза, рэчы, аздобленыя вышыўкай, а таксама лялькі з тканіны і фарфору ды арыгамі і роспіс па шкле...
Праводзіліся і майстар-класы па handmade. Кожны, хто меў жаданне, мог не толькі ўбачыць, як ствараюцца прыгожыя рэчы, але і паспрабаваць уласнымі рукамі зрабіць што-небудзь незвычайнае: напрыклад, распісаць вазу або кубак, зваляць з поўсці фігурку ката, бусінкі для караляў, скласці арыгамі... Тут жа беларускія модніцы прымервалі бранзалеты, каралі, кулоны і завушніцы, вышываныя кофтачкі, сумкі. А свой першы handmade ў музеі наведвальнікі рабілі адразу на ўваходзе: кожнаму прапаноўвалася ўпрыгожанне, якое трэба было прычапіць да ніткі.
Таццяна ЛАБАДА