Апытальнік для збору матэрыялаў па формах традыцыйнага сельскага баўлення вольнага

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г


На Беларусі формамі традыцыйнага баўлення вольнага часу моладзі з’яўляліся вячоркі і зборы на вуліцы, людзей старэйшага ўзросту — вечары ў сямейным коле, паходы ў госці да сваякоў, вячоркі каля хат.

У сялянскай вясковай супольнасці моладзь, вобраз жыцця і нормы паводзін якой мелі шэраг адметнасцей, вылучалася ў асобную групу, якая супрацьпастаўлялася калектыву дарослых. У гадавым коле формы традыцыйнага баўлення вольнага часу кожная з груп мае пэўную структуру. У дарослых яны суадносіліся з каляндарнымі і сямейнымі святамі, былі больш прывязаны да памяшкання (хаты). У жыцці моладзі выдзяляліся два перыяды (зімовы і летні), калі сумесныя зборы праходзілі на вуліцы ці ў хаце. У сістэму маладзёжных вечароў зімовага перыяду ўваходзяць працоўныя (супрадкі, вячоркі, попрадкі) і святочныя вечары (калядныя і масленічныя вячоркі, ігрышчы). У вяснова-летні перыяд зборы моладзі на вуліцы былі абумоўлены, у асноўным, каляндарнымі святамі (Благавешчанне, Вялікдзень, Юр’я, Мікола Веснавы, Тройца і г. д.). Даследчыкі традыцыйнай культуры беларусаў XIX — п. ХХ ст. ст. адзначалі, што раней святочныя ігрышчы праходзілі ў карчме пры вялікім зборы людзей рознага ўзросту (моладзь, сяляне сярэдняга веку і старыя). Паняцці “гульня” і “ігрышча” мелі розныя значэнні, якія з цягам часу сталі сінонімамі, і на сённяшні дзень носьбітамі традыцыйнай культуры гэта розніца не ўcведамляецца.

Працоўныя вячоркі можна лічыць формай працы і адпачынку адначасова. Пачынаючы з восені (часцей — ад пачатку Піліпаўскага паста) дзяўчаты збіраліся разам для сумеснай работы. Але, згодна даўняй традыцыі, на такіх вячорках абавязкова прысутнічалі і хлопцы.

Моладзь сярэдняга і старэйшага ўзросту мела права адасабляцца ад дарослых, збірацца разам, апранацца больш святочна ў будні. Па народных уяўленнях, такія ўмовы (ізаляванасць, большая ступень свабоды) былі неабходны для выканання асноўнай сацыяльнай задачы — паспяховага пераходу ў стан дарослых. Такія формы сумеснага правядзення часу былі досыць камерныя, абмяжоўваліся вузкім колам моладзі. Хлопцы і дзяўчаты мелі шырокія магчымасці назіраць за характарам і паводзінамі прадстаўнікоў супрацьлеглага полу, прымяняць на практыцы засвоеныя правілы паводзін, абыгрывалі формы адносін паміж жанчынамі і мужчынамі. Усё гэта спрыяла падрыхтоўцы моладзі да сямейнага жыцця, дапамагала вызначыць прыярытэты пры выбары пары.

На Беларусі назіраецца два тыпы арганізацыі святочных вячорак: дзяўчатамі (найбольш архаічная форма) альбо хлопцамі. Адпаведна гэтаму, рознай была роля і значнасць дзявочай групы. На тэрыторыі цэнтральнай, усходняй і паўднёва-ўсходняй Беларусі, дзе вячоркі праходзілі ў пастаяннай хаце, нанятай з пачаткам восені, роля дзяўчат пры арганізацыі вячорак была значная: яны клапаціліся аб пошуку хаты і плаце за яе, парадку, ацяпленні, ежы для сябе і гаспадароў і г. д. У святочны перыяд дзяўчаты адчувалі сябе гаспадынямі хаты: запрашалі музыкаў і хлопцаў, рыхтавалі вячэру і г. д. У іншых рэгіёнах, дзе не існавала звычаю збораў працоўных вячорак у пастаяннай хаце (збіраліся ў кожнай з сябровак па чарзе), роля дзяўчат падчас святочных збораў зводзілася да ролі гасцей на арганізаваным хлопцамі свяце.

У вясенне-летні перыяд, які пачынаўся ад Благавешчання, моладзь збіралася разам на вуліцы — спявалі, гулялі, вадзілі карагоды, танцавалі, ладзілі сумесныя трапезы і г. д. У цэнтральным і заходнім рэгіёнах пашыранай формай баўлення вольнага часу моладзі з’яўляліся “маёўкі”, “фэсты”, якія праходзілі каля царквы (касцёла), вясковых крыжоў, падчас правядзення кірмашоў.

У 1950-я гады моладзь яшчэ збіралася на працоўныя вячоркі, але работа ўжо не была асноўным заняткам дзяўчат: такія зборы хутчэй былі сродкам бавіць час. Змянілася і работа, якую выконвалі дзяўчаты: прадзеннем займаліся вельмі рэдка, больш вышывалі, плялі карункі, вязалі. Звычай ладзіць гульні і танцы падчас паста ўкараніўся ў савецкі час, калі з закрыццём цэркваў і касцёлаў менш строга выконваліся пасты і ўхвалялася парушэнне даўніх традыцый. Святочныя (зімовыя і летнія) вечарыны перамясціліся ў сельскія клубы, набыўшы новыя формы.

Пашырылася кола прысутных: клубы маглі адначасова змясціць у сабе моладзь некалькіх навакольных вёсак.

Змянілася роля хлопцаў і дзяўчат: арганізатарамі і гаспадарамі вечарын сталі загадчык клуба, музычны краўнік,

іншыя работнікі культуры. Амаль знік такі элемент маладзёжных вечарын, як гульні. Паралельна з клубнымі вечарамі існавала такая форма адпачынку моладзі, як “танцы ў хаце” — досыць вузкім колам дзяўчат і хлопцаў, але пад эстрадную музыку (у пасляваены час — патэфоны, пазней — прайгравальнікі і магнітафоны). У той час, калі ў клубах яшчэ гучала “жывая” музыка, моладзь выконвала традыцыйныя народныя танцы (як правіла, інфарманты 1950 — 60-х гг. нараджэння, якія выраслі на вёсцы, іх ведаюць). З шырокім пранікненнем у побыт прайгравальнікаў, магнітафонаў вясковыя музыкі, заўсёды паважаныя і жаданыя, страцілі сваю значнасць і “работу”. Згубілася традыцыя перадачы музычнага майстэрства і вырабу музычных інструментаў.

Агульныя пытанні.

1. Як называліся вечары, калі дзяўчаты хадзілі працаваць (прасці, шыць, вышываць і г. д) (попрадкі, супрадкі, вячоркі, інш.)?

2. Як называліся вечары, калі моладзь ладзіла танцы і гульні (у хаце, на вуліцы)?

3. Як называліся танцавальныя вечары, якія адбываліся ў клубе?

4. Калі ў вашай вёсцы перасталі збірацца на вячоркі з работай (1940, 50-я, калі з’явіліся клубы, электрычнасць і г. д.)?

5. Калі ў вашай вёсцы перасталі збірацца на вячоркі для адпачынку і танцаў у асобнай хаце?

6. Калі на святочных вечарынах перасталі граць мясцовыя музыкі?

Працоўныя вечары.
Удзельнікі:

7. Колькі ўстойлівых груп моладзі звычайна фарміравалася ў вёсцы (адна, некалькі)? Моладзь якога ўзросту аб’ядноўвалася ў такія групы? Колькі чалавек уваходзіла ў адну ўстойлівую групу хлопцаў, дзяўчат?

8. Як называлі моладзь і падлеткаў рознага ўзросту? Ці існавала назва для гуртоў самай старэйшай моладзі (узросту жаніхоў і нявест)?

9. З якога ўзросту дзяўчаты маглі хадзіць на вячоркі з работай (як навучыліся добра прасці, у 13, 14 .... гадоў)?

10. Як называлі дзяўчат, якія доўга не выходзілі замуж (перастаркі, ...)? Ці хадзілі яны працаваць разам з іншымі?

11. З якога ўзросту хлопцам дазвалялася прыходзіць у хату, дзе працавалі дзяўчаты?

Час збору:

12. З якога часу пачыналіся восеньскія работы дзяўчат у хаце? (Першая, Другая, Трэцяя Прачыстая, Пакроў, Міхаіл, Піліпаўскі пост).

13. Ці хадзілі працаваць у Вялікі Пост? Як называліся такія вечары?

14. Ці існавалі звычаі збіраць талаку (прасці, ткаць)?

15. Па якіх днях тыдня збіраліся за работай?

16. Ці можна было прасці ў пятніцу і напярэдадні вечарам? Калі не дазвалялася, як гэта тлумачылі (баяліся пакарання Маці Божай, Ісуса Хрыста, Параскевы Пятніцы, Пятніцы...)?
Распытайце і запішыце падрабязна.

17. Ці хадзілі працаваць разам раніцай, удзень? Як называлі такія зборы (досвіткі, дзянушкі...)

18. Што служыла мерай часу для вечаровых збораў (змярканне, “шара гадзіна”, “як сцямнее”...)?

19. Калі заканчваліся працоўныя вечары (апоўначы, як запяе 1, 2, 3 певень, інш.)?

20. Ці было прынята, каб хлопцы праводзілі дзяўчат дамоў? Ці падносілі прасніцы, самапрадкі?

21. Ці быў распаўсюджаны ў вашай мясцовасці звычай заставацца дзяўчатам на ноч у той хаце, дзе працавалі? Ці расказвалі аб гэтым старэйшыя людзі? Калі такі звычай існаваў, ці дазвалялася хлопцам заставацца разам з дзяўчатамі?
Месца збору:
На Беларусі былі распаўсюджаны два тыпы збору працоўных вячорак: у адной пастаяннай хаце, нанятай з пачаткам восені, ці ў розных хатах. Адпаведна адказу на пытанне

22. У якой хаце збіраліся кожны раз: у адной ці ў розных?

задавайце далейшыя пытанні.

Пастаяннае месца збораў:

23. Якую хату выбіралі для збораў (дзе жылі ўдовы, старыя, салдаткі і г. д.)?

24. Як рэгуляваліся адносіны паміж гаспадарамі і групай дзяўчат (дзяўчаты “плацілі” бульбай, зернем, яйкамі, грашыма)? Ці быў устойлівы памер “платы” (колькасць прадуктаў ці грошай)? Колькі павінна была ўнесці кожная дзяўчына за права прысутнічаць на вячорках?

25. Ці ўваходзіла ў абавязкі гаспадароў прыглядаць за парадкам і паводзінамі прысутных?

26. Ці павінны былі дзяўчаты частаваць вячэрай гаспадароў? Хлопцаў? Ці гатавалі (прыносілі) вячэру для сябе дзяўчаты?

27. Хто клапаціўся аб ацяпленні і асвятленні хаты (гаспадары, дзяўчаты)? Ці ўдзельнічалі ў гэтым хлопцы (прыносілі дровы, лучыну і г. д.)?

28. Ці прынята было прыбіраць хату да і пасля работы?

Месца збору мяняецца:

29. Як часта мянялі месца збору (кожны дзень, некалькі дзён, кожны тыдзень)? Ад чаго гэта залежала (ад колькасці дзяўчат у сям’і, гатоўнасці дарослых прымаць у сябе дзяўчат, інш.)?

30. У чыю хату звычайна хадзілі працаваць (малодкі, сяброўкі, сваякі)?

31. Ці абавязковым было запрашэнне на працоўны вечар? Хто звычайна запрашаў (дзяўчына, у чыёй хаце збіраліся, дзеці, сяброўкі)?

32. Ці быў звычай частаваць сябровак вячэрай?

Паводзіны:
33. Ці заахвочвалі бацькі дзяўчыну хадзіць на вячоркі? Як расцэньвалася бацькамі і сяброўкамі нежаданне дзяўчыны хадзіць на вячоркі?
Запішыце падрабязна.
34. Як апраналіся дзяўчаты, калі ішлі на вячоркі працаваць?

35. Якія прылады працы дзяўчаты прыносілі з сабой (прасніцы, самапрадкі, інш.)? Пакідалі іх у хаце ці забіралі дадому пасля заканчэння работы? Калі ў вашай вёсцы з’явіліся самапрадкі, калаўроты?

36. Ці было ў кожнай дзяўчыны “ўласнае” месца ў хаце, якое не займалі іншыя? Дзе сядалі, калі займаліся рознымі работамі — пралі, шылі, вышывалі, вязалі і г. д.?

37. Як асвятлялі хату? У які час з’явіліся газавыя лампы, электрычнасць?

38. Калі займаліся прадзеннем, колькі нітак дзяўчына магла ці была павінна напрасці (пачынак, ручайку, шпулю...)? Ці правяралі колькасць і якасць выкананай работы маці, іншыя старэйшыя жанчыны ў сям’і?

39. Ад чаго залежала стараннасць дзяўчыны ў працы (ацэнка сябровак, маці, хлопцаў, вялікая сям’я, інш.)?

Прыход хлопцаў:

40. Ці кожны дзень хлопцам дазвалялася прыходзіць да дзяўчат? У якія дні іх не пускалі? Чым тлумачылі?

41. Хлопцы прыходзілі групамі ці па 1-2 чалавекі? Хлопцы прыходзілі да дзяўчат толькі на сваёй вуліцы?

42. Ці было прынята ў хлопцаў гуртам абыходзіць усю вёску, заходзіць ва ўсе хаты, дзе працавалі дзяўчаты?

43. Як хлопцы заходзілі ў хату (самастойна, прасілі дазволу, чакалі запрашэння на вуліцы ці на парозе...)?

44. Дзе размяшчаліся хлопцы (асобна ад дзяўчат, разам з дзяўчатамі...)

45. Ці займаліся хлопцы работай, якой (плялі, выразалі, ...)?

46. Ці спявалі разам дзяўчаты і хлопцы? Якія песні спявалі (паставыя, восеньскія, жніўныя, “як лён бяруць”, лірычныя)?

47. Ці расказвалі розныя гісторыі? Хто часцей — хлопцы ці дзяўчаты?

48. Ці быў звычай палохаць дзяўчат (хадзіць пад вокнамі, пераапранацца...)?

49. Як хлопцы жартавалі на працоўных вечарах? Ці крыўдзіліся дзяўчаты на такія жарты?
Запішыце падрабязна.

50. У якія гульні гулялі? Ці ладзілі танцы? Былі музыкі, ці мелодыю выконвалі іншым спосабам (напявалі, гралі на грэбені,...)? Калі, у якім выпадку было забаронена ладзіць танцы і гульні на працоўных вечарынах?

Святы ў пост:

51. Ці ладзілі дзяўчаты і хлопцы сумесныя вечарыны на святы, якія прыпадалі на Піліпаўскі пост (Міхайла, Іван, Варвара, Мікола Зімовы і г. д.)? У Вялікі Пост?

52. Ці наведвалі гурты моладзі ў гэты дзень царкву (пяклі прасфоры, ...)? Ці ладзілі сумесную вячэру? Ці спявалі духоўныя вершы, псалмы, прысвечаныя святу?

53. Ці запрашалі музыкаў для танцаў? У якія гульні гулялі?

54. Як апраналіся ў такія вечары дзяўчаты, хлопцы?

(Апішыце комплекс адзення розных пакаленняў.)

55. Ці варажылі дзяўчаты падчас такіх свят (на Андрэя...)?

Святочныя вечары (вячоркі, ігрышчы, зборы на вуліцы, маёўкі)Святочныя вечары зімовага перыяду (вячоркі, ігрышчы)
Час і месца збораў:

56. У які дзень Каляд праходзілі першыя вячоркі?

57. У якія іншыя дні Каляд (на святы, у суботу, нядзелю, буднія дні) ладзілі вечарыны з танцамі і гульнямі?

58. Калі (час сутак) пачыналіся і калі заканчваліся такія святочныя вечарыны?

59. У якія яшчэ дні пасля Каляд і да пачатку Вялікага Паста моладзь збіралася на святочныя вечарыны?

60. Ці праходзілі святочныя вечарыны на Масленічным тыдні? Чым яны былі адметныя?

Удзельнікі:

61. Моладзь якога ўзросту збіралася на калядныя вячоркі?

62. Ці прысутнічалі падлеткі на вечарынах старэйшай моладзі? Ці дазвалялася ім прымаць удзел у танцах, гульнях?

63. Звычайна на Каляды прыходзілася такая значная ў жыцці моладзі падзея, як пераход у групу старэйшых.
З якога ўзросту падлеткаў прымалі ў групу старэйшых? Ці ладзілі для іх своеасаблівыя іспыты? Што мянялася ў іх адзенні, паводзінах, ...?

64. Ці збіралі вячоркі маладыя сямейныя пары? Разам з халастой моладдзю, асобна? Чым адрозніваліся вячоркі сямейных пар і моладзі?

65. Як апраналіся дзяўчаты на калядныя вячоркі? Якое адзенне лічылася найбольш модным? (Апішыце некалькі розначасовых комплексаў адзення моладзі.) Ці былі якія-небудзь прадметы адзення, абавязковыя падчас калядных гулянняў (галаўныя уборы, асаблівыя спосабы павязвання хустак, стужак...)?

66. Як апраналіся хлопцы на святочныя вечарыны? Ці была розніца ў касцюмах хлопцаў-жаніхоў і іншых хлопцаў?

67. Ці запрашалі на вячоркі моладзь з іншых вёсак (ці куткоў сваёй вялікай вёскі)? Здаралася, што яны прыходзілі без запрашэння?

Месца збору:

68. Хто з’яўляўся асноўным арганізатарам святочных вечарын — хлопцы ці дзяўчаты? Хто дамаўляўся аб месцы збору (хаце), запрашэнні музыкантаў і гасцей? Як звычайна гэта адбывалася?

69. У якой хаце звычайна праходзілі калядныя вячоркі (у нанятай з восені для працы, у найбольш прасторнай хаце аднавяскоўцаў...)?

70. Ці плацілі за хату падчас калядных вячорак? Якой была плата? Хто плаціў гаспадарам (хлопцы, дзўчаты, сумесна)?

71. Ці быў у моладзі звычай зарабляць (грошы, прадукты) для аплаты? Ці здаралася красці грошы і прадукты? Як ставіліся да гэтага старэйшыя?

72. Ці прыбіралі дзяўчаты хату напярэдадні вечарыны (мылі, упрыгожвалі ручнікамі...)?

Запрашэнне музыкантаў:

73. Хто запрашаў мызыкантаў (хлопцы, дзяўчаты, сумесна)?

74. Хто плаціў музыкантам, чым звычайна плацілі за ігру (зернем, яйкамі, грашыма...)?

75. Як частавалі музыкаў абедам ці вячэрай (дзяўчаты, усе разам ці па чарзе...)?

76. Ці праходзілі ў адной вёсцы некалькі вячарын адначасова? Як запрашалі музыкантаў у такім выпадку? Ці існавала чарговасць запрашэння музыкантаў у розныя хаты?

Паводзіны:

77. Ці было абавязковым запрашэнне на вечарыну хлопцаў, дзяўчат? Як і хто гэта рабіў? Ці магла дзяўчына (хлопец) прыйсці без запрашэння?

78. Ці былі спосабы рэгуляваць колькасць гасцей на святочнай вечарыне? Што рабілі, калі збіралася вельмі многа народу?

79. Ці мела права дзяўчына адмовіць хлопцу ў запрашэнні на танец? Што казалі аб гэтым старэйшыя (маці, бацька...)? Ці былі асобныя прыказкі (“Хлопец — пастол, але садзі за стол” і г. д.)?

80. Якое пакаранне чакала дзяўчыну, якая адмовіла хлопцу (не было пакарання, выганялі з хаты, ...)?

81. У якім выпадку дзяўчына магла адмовіць хлопцу ў запрашэнні на танец?

82. Ці здараліся на вечарынах спрэчкі, бойкі? Што было прычынай? Наколькі сур’ёзнымі былі такія стычкі?

Запішыце падрабязна.

83. У якія гульні гуляла моладзь на калядных вечарынах (“пячы ката”, “жаніцьба Цярэшкі”, “гуляць кашу” і г. д.)?

84. Калі дзяўчына (хлопец) не ўмелі добра танцаваць, як паводзілі сябе, дзе сядзелі (стаялі)?
Запішыце расповеды пра дрэнных і выдатных танцораў.

85. Ці прыходзілі старэйшыя (маладыя сямейныя пары, бацькі, старыя) на вечарыны моладзі? Калі прыходзілі, ці доўга заставаліся там? Якой была мэта прыходу старэйшых? Ці прынята было даваць ацэнкі паводзінам моладзі, уменню (няўменню) танцаваць, апранацца з густам і г. д.?

86. Як ставіліся аднавяскоўцы да наведвання старэйшымі вечарын? Ці расказвалі, што раней моладзь збіралася толькі ў прысутнасці дарослых?

Зборы на вуліцы, маёўкі

87. Калі першы раз пасля зімы моладзь збіраліся на вуліцы з музыкай і песнямі(Благавешчанне, ...)? У якім месцы звычайна збіраліся?

88. Ці ладзілі арэлі, калі (Саракі, Благавешчанне, ...), дзе (на вуліцы, у гумне, ... )?

89. Ці збіраліся гурты моладзі для сумесных гулянняў падчас Вялікадня і на Велікодным тыдні? Дзе адбываліся гулянні (удзень, увечары)?

90. Ці збіралася моладзь разам на Тройцу, у Пятроў дзень? Як і дзе адбываліся такія зборы?

91. Ці быў звычай “куміцца”? Як і калі гэта адбывалася? Ці прысутнічалі пры гэтым хлопцы?

92. Як праходзілі маёўкі, дзе ўдзельнічала моладзь? Як адбываліся фэсты

Спытайцеся, ці вырабляюць ручнікі цяпер, калі іх перасталі рабіць і чаму.

І.Ю. Смірнова