Гастрольны сезон

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь закрыў тэатральны сезон балетам “Папялушка” Сяргея Пракоф’ева ды распачаў сезон гастролей. І першыя адбыліся ў Эстоніі.

 

 "Пярнускія оперныя дні" традыцыйна праходзяць у першай палове ліпеня. Гэты міні-фестываль адметны тым, што кожны год для ўдзелу запрашаецца толькі адзін тэатр. Форум ужо наведалі Латвійская нацыянальная опера, Маскоўскі музычны тэатр "Гелікон", Музычны тэатр імя К.С. Станіслаўскага і У.І. Неміровіча-Данчанкі, Гданьскі оперны тэатр ды іншыя трупы. Восьмыя па ліку "Пярнускія оперныя дні" прысвечаны Беларусі.

 Беларускі Вялікі тэатр з эстонскай публікай сустрэўся ўпершыню і прадставіў на сцэне Пярнускага канцэртнага дома оперу "Князь Ігар" Аляксандра Барадзіна. Як засведчыла адміністрацыя залы, гэты твор апошні раз паказвалі ў Эстоніі 50 гадоў таму.

Акрамя спектакля, гледачы наведалі гала-канцэрт з удзелам салістаў беларускай оперы.