Замкавыя абмены

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Дні культуры Венгерскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь адбудуцца ў першай палове 2011 года. Дамовы аб супрацоўніцтве былі заключаны пад час правядзення першых Дзён культуры Беларусі ў Венгрыі 5 — 6 ліпеня, удзел у якіх прыняла і афіцыйная дэлегацыя на чале з намеснікам міністра культуры нашай краіны Віктарам Курашам.

У бліжэйшыя два гады будзе праводзіцца абмен досведам у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў. Таксама наладзіцца супрацоўніцтва беларускіх і венгерскіх тэатралаў, кінематаграфістаў, творчых ВНУ краіны. Мерапрыемствы абмеркавалі Віктар Кураш і Дзяржаўны сакратар па пытаннях культуры Міністэрства нацыянальных рэсурсаў Венгрыі Геза Сёч. Таксама, дзякуючы перамовам з дырэктарам Венгерскай Нацыянальнай галерэі Ферэнцам Чакам, сталі магчымыя ўзаемныя стасункі паміж галоўнымі галерэямі краін.

Магчымасць пазнаёміцца з беларускай культурай мелі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, дзяржаўных органаў Венгрыі. У Палацы мастацтваў Будапешта выступілі артысты Беларускага дзяржаўнага Заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", якія выканалі танцы "Каханачка", "Весялуха", "Гомельскія гусарыкі", "Віцебская кадрыля" ды іншыя. Адкрылася выстаўка беларускіх графікаў з калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, паказаў сваё майстэрства ансамбль акардэаністаў "Туцці" Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Пра гэта паведаміў саветнік па палітычных пытаннях, пытаннях СМІ і культуры Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Венгрыя Аляксандр Хайноўскі.

6 ліпеня з вялікай цікавасцю пазнаёміліся з беларускім мастацтвам мэрыя, жыхары і турысты горада Кестхей вобласці Зала. "Вельмі шчыра і добразычліва сустракала артыстаў публіка рознага ўзросту,- дадае Аляксандр Хайноўскі. - Віктар Кураш наведаў палац Фештэцічаў, дзе дэлегацыя дамовілася аб прамых кантактах з адным з замкаў Беларусі, каб праводзіць абменныя экспазіцыі".