У бліжэйшыя два гады будзе праводзіцца абмен досведам у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў. Таксама наладзіцца супрацоўніцтва беларускіх і венгерскіх тэатралаў, кінематаграфістаў, творчых ВНУ краіны. Мерапрыемствы абмеркавалі Віктар Кураш і Дзяржаўны сакратар па пытаннях культуры Міністэрства нацыянальных рэсурсаў Венгрыі Геза Сёч. Таксама, дзякуючы перамовам з дырэктарам Венгерскай Нацыянальнай галерэі Ферэнцам Чакам, сталі магчымыя ўзаемныя стасункі паміж галоўнымі галерэямі краін.
Магчымасць пазнаёміцца з беларускай культурай мелі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, дзяржаўных органаў Венгрыі. У Палацы мастацтваў Будапешта выступілі артысты Беларускага дзяржаўнага Заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", якія выканалі танцы "Каханачка", "Весялуха", "Гомельскія гусарыкі", "Віцебская кадрыля" ды іншыя. Адкрылася выстаўка беларускіх графікаў з калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, паказаў сваё майстэрства ансамбль акардэаністаў "Туцці" Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Пра гэта паведаміў саветнік па палітычных пытаннях, пытаннях СМІ і культуры Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Венгрыя Аляксандр Хайноўскі.
6 ліпеня з вялікай цікавасцю пазнаёміліся з беларускім мастацтвам мэрыя, жыхары і турысты горада Кестхей вобласці Зала. "Вельмі шчыра і добразычліва сустракала артыстаў публіка рознага ўзросту,- дадае Аляксандр Хайноўскі. - Віктар Кураш наведаў палац Фештэцічаў, дзе дэлегацыя дамовілася аб прамых кантактах з адным з замкаў Беларусі, каб праводзіць абменныя экспазіцыі".