Беларуская маладосць Юрыя Антонава

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Адметнасць "Зорных гадзін" на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" - нечаканыя пытанні даўно чаканым гасцям. Вось і сустрэчу з народным артыстам Расіі Юрыем АНТОНАВЫМ ніяк іначай і не ахарактарызуеш: чаканая! Тым больш, што лёс знакамітага музыканта неаднойчы знітаваны ў моцныя вузельчыкі памяці і творчасці з Беларуссю.

/i/content/pi/cult/277/4334/Clip_44.jpgРазмову з журналістамі на "Зорнай гадзіне" Юрый Антонаў пачаў са слоў падзякі Прэзідэнту Беларусі за высокую ўзнагароду і цёплых слоў пра нашу краіну, родную для яго ў дзяцінстве і юнацтве:

- Вялікі дзякуй Прэзідэнту. Я быў надзвычай крануты ўзнагародай, яна для мяне вельмі дарагая. І не толькі таму, што Францыск Скарына -  асветнік. З Беларуссю мяне знітоўваюць юнацтва, маладосць, перыяд майго творчага станаўлення і пачатковай музычнай дзеянасці: навучанне ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, праца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Калі я чую гімн Беларусі (а яго мелодыя зусім не змянілася), адразу ўспамінаю сваю маладосць. Узгадаю і такі факт, амаль не вядомы журналістам. Я пачаў працаваць у філармоніі адразу пасля заканчэння вучылішча. Граў на акардэоне, а разам са мной грала дзяўчына на кантрабасе і быў яшчэ хлопец -  бас-гітарыст. Такое вось было інструментальнае трыо. У 1966 годзе падышоў да мяне Леў Мулер (ён тады ў Беларусі займаўся джазам і адначасова працаваў у кіраўніцтве філармоніі) ды кажа: "Ёсць неблагі гітарыст, прыехаў са Свярдлоўска [Цяпер -  Екацерынбург. -  Н.Б.]. Ты паслухай яго, і, калі добры музыкант, вазьмі ў свой калектыў. Толькі ў яго жонка своеасаблівая: мастацкім свістам займаецца". Я тады ўпершыню даведаўся, што такое мастацкі свіст. А музыканта таго паслухаў -  сапраўды, добры. Так я пазнаёміўся з Уладзімірам Мулявіным. І ён некалькі гадоў працаваў з намі -  у самым пачатку сваёй кар'еры.

Былі і іншыя цікавыя супадзенні. Першыя гастролі нашага трыо (яшчэ, так бы мовіць, у "дамулявінскі" перыяд) былі ў Новасібірскую вобласць. Маразы стаялі жудасныя: больш за 30 градусаў! Прыязджаем у Новасібірск, а там - афішы: у тэатры оперы і балета ў розныя дні выступаюць Іосіф Кабзон з інструментальным ансамблем і Рыжскі эстрадны аркестр (а менавіта ў гэтым калектыве на раялі граў тады Райманд Паулс). Час у нас вольны быў, мы схадзілі на канцэрт, пазнаёміліся з хлопцамі ансамбля Кабзона, і тыя нават паклікалі нас на банкет. А наступным днём паехалі мы выступаць па вобласці. Як вы думаеце, на чым мы ехалі? Сёння гэта падасца дзіўным, але спачатку нас давязлі да ўскраіны горада на аўтобусе, а потым "пасялілі" ў гэткую драўляную хатку: там тапілася печ, была ежа -  усё, што трэба. А вёз гэтую хатку трактар -  праз усе завеі і снежныя заносы. Такія вось былі гастролі! А потым я схадзіў на выступленне Рыжскага эстраднага аркестра і атрымаў вялікае задавальненне. Я ўвогуле з дзяцінства люблю джаз, намагаўся сам стаць джазавым музыкантам, але не ўдалося...

Нарадзіўся Юрый Антонаў у Ташкенце напрыканцы вайны -  19 лютага 1945 года. Дзяцінства ж яго прайшло ў Берліне, куды накіравалі бацьку-вайскоўца.

- Са свайго "нямецкага дзяцінства" я памятаю ваенную камендатуру, дзе працаваў бацька. Памятаю, як мяне неаднойчы бралі на рыбалку, як адзначалі святы: заўсёды -  з песнямі, у вялікай кампаніі сяброў і бацькоўскіх саслужыўцаў. Берлін быў разбураны: каменя на камені не засталося. Але разглядаючы цяпер тагачасныя здымкі, заўсёды здзіўляюся, як змяніліся тады бацька і маці. Апраналіся па-еўрапейску: капелюшы, касцюмы, усё гэта надавала ім зусім іншы выгляд. Там жа, у Берліне, у 1948-м нарадзілася мая сястра Жанна. Калі потым пераехалі ў Мінск, свайго жытла спачатку не было. Нас пасялілі ў Доме афіцэраў. І цяпер, калі бываю ў Мінску, намагаюся заўсёды туды прыйсці. Праз нейкі час бацьку накіравалі ў Маладзечна, тады гэта быў абласны цэнтр. Калі я вучыўся ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, яго якраз перасялілі з былога маленькага памяшкання ў больш прасторнае -  былы будынак КДБ. Ходзячы па калідорах, займаючыся ў класах, мы думалі пра тое, як тут, у падвалах, людзей катавалі, -  і ў нас мурашкі па скуры прабягалі. Бо гэта быў ужо самы пачатак 60-х, і пра многае станавілася вядома. Увогуле ж Маладзечна запомнілася мне як цудоўны і вельмі добразычлівы горад. А яшчэ на Беларусі я быў у Навабеліцы: там бацька служыў у танкавай дывізіі...

Назваўшы сябе "дзядулем" у адносінах да "Еўрабачання", Юрый Антонаў адказаў, што ў яго ніколі не было жадання ўдзельнічаць у ім:

- Гэты конкурс я ўспрымаю крыху як гумарыстычны, аматарскі, дзе выпадкова сустракаюцца прафесіяналы, -  мабыць, па разнарадцы зверху, каб ён канчаткова не страціў свой прафесійны твар. Я ўвогуле не люблю рознага роду "масоўкі", з-за гэтага адмаўляюся ўдзельнічаць у "Песні года": гэтая тэлепраграма для мяне нецікавая, там з'яўляюцца тыя, хто яшчэ "не дарос", каб удзельнічаць у форумах такога рангу. Вярнуць старую эстраду не атрымаецца: для гэтага трэба будзе вярнуць і тое жыццё. Сёння некаторыя дзеячы культуры, дбаючы пра павышэнне ўзроўню цяперашняй эстрады, мараць пра вяртанне мастацкіх саветаў, якія будуць займацца адборам песень і спевакоў, перш чым тыя трапяць на экран. Але я лічу, што мастацкі савет павінен быць у сэрцах саміх творцаў.... А вось добры рэдактар -  іншая справа. Неяк Міхаіл Пляцкоўскі прынёс мне сваю дзіцячую казку "Прыгоды коніка Кузі". Я напісаў да яе 20 песень, і казка стала музычнай. Рэдактар фірмы грамзапісу "Мелодыя" прапанаваў: давай выдадзім не толькі казку разам з музыкай, але і песні асобна. А яшчэ асобна  - вось гэтую песню: "Пад дахам дома свайго". У выніку з адной маёй працы атрымалася адразу тры грампласцінкі. А песня сёння ўжо і не ўспрымаецца дзіцячай.

Распавёўшы пра ўласную творчасць, Юрый Антонаў прызнаўся, што апошнія пяць гадоў ён нічога не сачыняе:

- Мяне цалкам паглынула будаўніцтва новага дома. Я асабіста кантралюю ўвесь працэс, нават некалькі гадоў не адпачываў. Але новыя песні будуць запісаны ў новай студыі, з новым сучасным абсталяваннем. Студыя ў старым доме ўжо спыніла сваё існаванне, а новая ў новым доме яшчэ толькі манціруецца. Спадзяюся, яна пачне працаваць ужо ўвосень. Я быў адзін з першых на савецкай эстрадзе, хто звярнуўся да камп'ютэраў, лічбавай апрацоўкі гуку. А цяпер стаў прыхільнікам аналагавай музыкі: перапісваю ўсё на жывых інструментах. Дарэчы, на свой сольнік у Віцебск я прывёз уласны гукарэжысёрскі пульт, і тыя, хто быў на тым канцэрце, змаглі ацаніць якасць гуку. Грошы сёння даюць свабоду, стан душэўнай раўнавагі, але мне сорамна за тых рускіх, якія выхваляюцца сваімі прыбыткамі...

Упершыню Юрый Антонаў наведаў "Славянскі базар у Віцебску" 14 гадоў таму, запрошаны сюды членам журы. У цяперашні ж прыезд ён сумяшчаў творчыя планы з сямейнымі: як сам прызнаўся, шукаў у Віцебску нявесту, якая магла б стаць яго чацвёртай жонкай, але не знайшоў. Можа, не надта і шукаў? Бо пытанне журналістаў, якімі якасцямі яна павінна валодаць, яго збянтэжыла. І ён змог вымавіць толькі наступнае: "Я не падрыхтаваўся да гэтага пытання". Што ж, нават без усялякіх адказаў зразумела, што прэтэндэнтка павінна любіць жывёл так, як любіць іх Антонаў:

- У мяне амаль заапарк: безліч сабакаў і катоў, больш за дзесятак вавёрак, рыбы, трусікі розных парод, паўліны, цацаркі, інданезійскія качкі, ёсць нават маленькая в'етнамская свіння, збіраюся купіць коніка ростам 50 сантыметраў. Нядаўна прытуліў яшчэ аднаго шчанюка: еду, бачу -  бяжыць па Кутузаўскім праспекце. Я яго падабраў, назваў Мусяй. Але, вядома, падбіраю не ўсіх. Іначай ніякага маёнтка не хапіла б.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"