Дзень працягласцю ў эпоху

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

"Такога яшчэ не было!" - гэтая фраза сталася лейтматывам Дня Беларусі на "Славянскім базары ў Віцебску", а рэха таго воклічу распаўсюдзілася на ўсе астатнія фестывальныя дні, зрабіўшы менавіта беларускія праекты, шмат у чым незвычайныя і вельмі разнастайныя, аднымі з самых яркіх уражанняў усяго форуму.

/i/content/pi/cult/277/4332/Clip_15.jpgВялікую цікавасць выклікала ўжо прэс-канферэнцыя з удзелам майстроў мастацтваў Беларусі. І гэта прытым, што яна супала па часе з адкрыццём выстаўкі "Беларускі народны абраз" у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, куды накіравалася частка журналісцкіх сіл. Гэтым разам размова атрымалася засяроджанай на самым набалелым як для эстрады, так і ўвогуле для нашага нацыянальнага мастацтва. Для многіх удзельнікаў прэс-канферэнцыі яна сталася натуральным працягам абмеркаванняў і дыскусій, што разгарнуліся на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Беларусі, якое папярэднічала фестывалю.

Як узняць прэстыж беларускіх артыстаў? Якасць і прафесіяналізм іх выступленняў не выклікаюць пытанняў, бо нашы салісты і калектывы не толькі не горшыя за тых жа расійскіх, але і пераўзыходзяць іх -  зноў-такі, паводле сваёй адоранасці, прафесіяналізму.

/i/content/pi/cult/277/4332/Clip_16.jpg- Я не стамляюся паўтараць, -  з горыччу сказала Іна Афанасьева, -  што беларусам трэба навучыцца любіць сябе як нацыю. Давайце паважна ставіцца да свайго мастацтва! Прызвычаіўшыся, што яно - "сваё", многія яго быццам не заўважаюць. І толькі калі нашы артысты выязджаюць за мяжу і атрымліваюць там неверагодны поспех, усе пачынаюць разумець, які высокі ў нашага мастацтва ўзровень...

/i/content/pi/cult/277/4332/Clip_37.jpgПершы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі звярнуўся да журналістаў, каб тыя больш актыўна папулярызавалі беларускіх артыстаў, асабліва - на тэлебачанні. Ён падкрэсліў, што Міністэрства культуры не можа фінансаваць эстраду ў такой жа меры, як акадэмічныя калектывы, у якіх куды меней магчымасцей самім зарабіць грошы, і запэўніў: у рэспубліцы будуць стварацца ўсе ўмовы для развіцця шоу-бізнесу, а гэта значыць -  для выступленняў, гастролей, спонсарскай дапамогі, падтрымкі ў СМІ.

Дарэчы, менавіта па такім шляху ідзе эстрада ў нашых суседзяў, як паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Дзень Украіны міністр культуры і турызму Міхаіл Куліняк. Дзяржава бярэ на сябе арганізацыю і правядзенне конкурсаў і фестываляў, дзе маладыя артысты могуць выявіць свае таленты. У астатнім, як дадаў музычны прадзюсер (і муж Таісіі Павалій) Ігар Ліхута, "...не трэба падтрымліваць шоу-бізнес, галоўнае -  яму не перашкаджаць. Дапамагаць трэба бібліятэкам, оперным тэатрам, іншым акадэмічным калектывам. Класічнае мастацтва -  база любой культуры, яно павінна атрымліваць датацыю ад дзяржавы. А шоу-бізнес павінен працаваць сам. Пры такім становішчы артысты самі разумеюць, наколькі паспяховая іх дзейнасць, пачынаюць актыўна рухацца наперад, бо адчуваюць канкурэнцыю".

Вярнуўшыся да Дня Беларусі, адзначым, што на прэс-канферэнцыі ўзнімалася таксама і пытанне, чаму нашы артысты не маюць на фестывалі ні сольнікаў у Амфітэатры, ні "Зорных гадзін" з журналістамі: маўляў, гэтыя мерапрыемствы нават у "наш дзень" праводзяцца знанымі замежнымі зоркамі. І хаця прагучаў лозунг:  "Бела/i/content/pi/cult/277/4332/Clip_34.jpgрускі дзень не аддамо нікому!", - пэўна, не трэба быць настолькі катэгарычнымі. Бо ў сітуацыі, калі на "Славянскім базары ў Віцебску" адначасова адбываецца па некалькі мерапрыемстваў на розных пляцоўках, асабіста я пайшла б на выступленне гастралёраў: невядома яшчэ, калі ўбачыш іх наступным разам, сваіх жа -  ведаеш і так. А што абярэ звычайны глядач, які, у адрозненне ад акрэдытаваных журналістаў, траціць на гэта не толькі час, але і грошы?

Таму, для пачатку, было б няблага вызначыцца, чаго мы чакаем ад "Славянскага базару ў Віцебску", бо фінансавыя паказчыкі і папулярызацыя знаходзяцца ў больш складанай сістэме ўзаемаадносін. Кожны вытворца, клапоцячыся аб прасоўванні свайго брэнда, спачатку ўкладае грошы, і даволі вялікія, у разнастайны/i/content/pi/cult/277/4332/Clip_31.jpgя рэкламныя акцыі, наўмысна зніжае кошт або нават праводзіць бясплатныя дэгустацыі...  Але  не проста так, а - з разлікам на будучы прыбытак.

На мой погляд, на сёлетнім "Славянскім базары ў Віцебску" было зроблена вельмі многа для ўдалай папулярызацыі беларускага мастацтва. Шмат у чым незвычайным аказаўся сам гала-канцэрт нашых майстроў мастацтваў. Ушанаванне памяці Уладзіміра Мулявіна не стала "закансерваваным" пераспяваннем колішняга "песняроўскага рэпертуару" - канцэрт дэманстраваў розныя бакі нашай сённяшняй культуры, якая працягвае мулявінскія традыцыі, прычым не толькі неафолькавыя.

У праграме з'явіліся многія салісты і калектывы, новыя не толькі для замежных заўсёднікаў фестывалю, але і для шырокай беларускай публікі: "Явар", "Пяты сезон", юначы гурт "Brest-street-boys", гітарыст-віртуоз, кампазітар Аляксей Скрыпнік, інструментальнае трыо салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі (акрамя больш вядомага Паўла Неўмяржыцкага, які ўжо "запальваў" сваім баянам на мінулым "Славянскім базары...", яшчэ Уладзімір Ткач, яго калега па Нацыянальным акадэмічным народным аркестры імя І.Жыновіча, і віртуозны ўдарнік Сяргей Шаптуноў, дзякуючы якому на сцэне Летняга амфітэатра ўпершыню з'явіўся сольны ксілафон), фольк-рок-/i/content/pi/cult/277/4332/Clip_29.jpgдуэт "Піва ўдвух" -  пастаянны ўдзельнік канцэртаў і спектакляў нашага Маладзёжнага тэатра эстрады.

Дый некаторыя знакамітыя артысты паўсталі ў нечаканых амплуа. Анжаліка Агурбаш замест хітовай "Белай Русі" прыехала са сваім самаварам, не пабаяўшыся ўвасобіць парадыйную Муху-цакатуху. Школа сучаснага танца "Белка" выступіла не з падтанцоўкамі, як на ранейшых фестывалях, а сольна.

Ледзь не ўпершыню амаль усе творы, а не толькі фолькавыя, былі беларускамоўнымі. Прыемнай "навінкай" стала і тое, што вядучыя называлі стваральнікаў песень (а І.Лучанка, які прысутнічаў у зале, нават павіталі), імёны ж выканаўцаў увогуле агучваліся /i/content/pi/cult/277/4332/Clip_24.jpgдвойчы: на пачатку і ў канцы выступлення. Фінальная ж песня "Касіў Ясь канюшыну...", што сабрала ўсіх удзельнікаў, ператварылася ў гумарыстычную інсцэніроўку.

Як ні дзіўна, але святочны канцэрт прымусіў заўважыць і некаторыя найбольш важкія праблемы беларускай эстрады. Гучала, як ніколі, шмат прэм'ер, але многія аказаліся бляклымі, значна прайгравалі песням мінулых гадоў. Дый да "прынашэння У.Мулявіну" некаторыя салісты маглі б паставіцца з большай фантазіяй і самааддачай: на фоне папраўдзе адметных нумароў гэта кідалася ў вочы. Больш лагічнымі маглі б быць звязкі паміж нумарамі, больш абгрунтаваным -  відавочны падзел канцэрта на тры адасобленыя блокі. Але, падкрэслю, усе гэтыя "прыдзіркі" ўзніклі толькі таму, што канцэрт стаў разглядацца па вышэйшым прафесійным рахунку - як той мастацкі праект, дзе ўсё павінна быць гарманічна і "на ўсе сто"./i/content/pi/cult/277/4332/Clip_27.jpg

Калі на гала-канцэрце адкрыццём для замежных гасцей стала тое, што беларусы ўмеюць смяяцца, дык фільм "Ваўкі" -  доказам глыбокага філасофска-трагедыйнага мыслення. Галоўнае -  карціна знята надзвычай прафесійна, з мноствам цудоўных мастацкіх дэталей, у ёй кожная дробязь мае свой сэнс, працуе на эмацыйнае ўздзеянне, вымушае гледача не "паглынаць прадукт", а задумвацца над чужымі памылкамі, каб не рабіць сваіх.

Што ж да беларускіх сольнікаў, дык іх насамрэч было ажно два -  праўда, не ў Летнім амфітэатры. У тэатры імя Я.Коласа "чаравала" этна-трыо "Троіца": Іван Кірчук з /i/content/pi/cult/277/4332/Clip_38.jpgпаплечнікамі вёў канцэрт, як заўсёды, нетаропка, падрабязна распавядаючы пра кожную кампазіцыю, інструменты і, шырэй, традыцыі беларусаў. Дзейнасць гэтага музыканта з'яўляецца прыкладам добрага сумяшчэння розных падыходаў да нашай спадчыны: навукова-даследчага, творчага, папулярызатарскага і, нарэшце, фінансавага, прычым такога ж паспяховага, як вышэйпералічаныя. Творчасць "Троіцы" сталася адкрыццём не толькі для гасцей фестывалю, але і для многіх беларусаў: калектыў куды часцей выступае ў замежжы.

Гэта тычыцца і кабарэ-бэнда "Сярэбранае вяселле" на чале са Святланай Бень. "Вяселлевае" выступленне ў Канцэртнай зале "Віцебск" планавалася як першае аддзяленне канцэрта -  так бы мовіць, "на разагрэў" да джаз-кабарэ Алега Скрыпкі (Украіна), вядомага як лідэра гурта "Воплі Відаплясава". На справе ж атрымалася наадварот. Дзвюхгадзінны (!) сольны марафон набыў характар спрынту. Ён ішоў без аніякіх "адпачынкаў" паміж нумарамі, з пераапрананнямі на нашых вачах, калі Бенька (так яе называюць сябры дый яна сама сябе са сцэны) дастае з "чароўнай скрыначкі-куфэрка" (у рэальнасці -  са старога аблезлага чамадана) адну-дзве дадатковыя прылады -  і пераўвасабляецца ў якіх заўгодна персанажаў, шчодра вык/i/content/pi/cult/277/4332/Clip_39.jpgарыстоўваючы прыёмы лялечнага тэатра, рэжысёрам якога, дарэчы, і з'яўляецца.

Пра высокі прафесіяналізм і яшчэ большы патэнцыял беларускай культуры сведчылі і сцэнаграфія Летняга амфітэатра, зробленая нашым мастаком Зіновіем Марголіным, і рэжысура гала-канцэрта адкрыцця, выкананая нашым тэлерэжысёрам Глебам Шапо. Далучыце сюды выстаўкі:  карцін Л.Шчамялёва і беларускіх народных абразоў, нашых прыгажунь, увасобленых італьянскім майстрам Э.Вентані. Так што Дзень Беларусі і, шырэй, прадстаўніцтва нашай культуры на сёлетнім "Славянскім базары ў Віцебску" было, як ніколі, багатым і максімальна разнастайным. І ахапіла не толькі розныя віды мастацтваў і розныя жанры, але і "падарожжа" па розных эпохах.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"