У працэнтах і нотах

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Статыстыка - справа сур'ёзная. Асабліва - на "Славянскім базары ў Віцебску". У новай шыкоўнай зале пасяджэнняў Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, куды сёлета перамясцілася традыцыйная прэс-канферэнцыя, прысвечаная адкрыццю фестывалю, было агучана як ніколі шмат красамоўных лічбаў.

/i/content/pi/cult/277/4331/Clip_12.jpg ХІХ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" сабраў больш як пяць тысяч удзельнікаў і гасцей з 34 краін свету. Куба, Панама і Чарнагорыя на форуме - упершыню. Журналістаў, якія прадстаўляюць 11 краін, на фэсце акрэдытавана больш за 500, сярод іх -  больш за 60 беларускіх СМІ.. На 16-ці фестывальных пляцоўках будуць паказаны 70 творчых праектаў. Яшчэ 30 не змясціліся ў праграму, і без таго вельмі насычаную, і будуць выкарыстаны, пры магчымасці, на наступны год.

Знаходзячыся пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, фестываль мае сур'ёзную і трывалую дзяржаўную падтрымку. З рэзервнага фонду Прэзідэнта на яго арганізацыю і правядзенне выдзелена 2,5 млрд. беларускіх рублёў - гэта на 450 мільёнаў больш за леташнюю суму.

/i/content/pi/cult/277/4331/Clip_13.jpgМногімі паказчыкамі можа пахваліцца і сам Віцебск. Упершыню ён выйшаў на другое, пасля сталіцы, месца ў рэспубліцы па ўзроўні заработнай платы. Да ХІХ фестывалю ў горадзе было адкрыта 15 новых пунктаў грамадскага харчавання. Дзякуючы "Славянскаму базару ў Віцебску", значна ўзраслі эканамічныя паказчыкі па турызме і платных паслугах у сферы культуры:  на 200 і 230 працэнтаў адпаведна. Калі летась за ўвесь фестываль было рэалізавана ўсяго 62% білетаў, дык сёлета ўжо раніцай першага фестывальнага дня гэтая лічба складала 95,5%. Калектыўныя заяўкі на білеты паступілі з 30-ці арганізацый Расіі, жаданне наведаць канцэрты форуму выказала амаль сотня беларускіх арганізацый і турыстычных фірм. Спонсарская дапамога і прыбыткі а/i/content/pi/cult/277/4331/Clip_14.jpgд рэкламы летась склалі 200 млн. рублёў, сёлета, зноў-такі, на пачатак фестывалю, -  1 млрд. 400 млн. руб.

Ганарыцца сваімі лічбамі і адноўленая плошча Перамогі. Паводле сваіх памераў, яна займае 3-е месца ў Еўропе і 6-е -  у свеце. Пры агульнай плошчы ў 16 гектараў, "карысная", якая можа змяшчаць публіку на канцэртах, складае 10 га. Пры дазволеных нарматывамі паказчыках у два чалавекі на квадратны метр плошча можа прыняць адначасова да 200 тысяч наведвальнікаў.

Непасрэдна з лічбамі, а не з нотамі, аказалася звязана і дзіўнаватая, на першы погляд, фраза дырэктара фестывалю Радзівона Баса: "Думаю, Юрый Антонаў, Стас Міхайлаў дапамогуць развіццю класічнай музыкі". Размова ішла не пра стылёвыя ўздзеянні, а пра фінансавыя прыбыткі па схеме: "эстрада "корміць" класіку".

Што ж да лічбавай сімволікі, дык ХІХ фестываль прадугледжваў акурат 19 канцэртаў у Летнім амфітэатры і 19 краін, прадстаўнікі якіх удзельнічалі ў конкурсах -  дарослым і дзіцячым.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"